Славяне верылі, што душа чалавечая не сьмяротная. Калі чалавек паміраў, дык цела ягонае хавалі або палілі, найчасьцей з тымі прадметамі або жывёлаю, якую нябожчык любіў. Забівалі нават удоваў на дамавінах мужоў і разам з імі хавалі. У магілу клалі зброю, розныя ўборы ды іншыя прадметы. Пахавальны абрадак канчаўся пачэсткаю. Пры тым частку ежы пакідалі на дамавіне. Ад гэтага паўстаў пасьля звычай гэтак званых «дзядоў».
У кажнай незразумелай сіле прыроды славяне бачылі вышэйшую «Божую сілу». Так, быў «бог» грому і называўся «Пярун», «бога» сонца называлі «Ярыла», «Дажбог», «Купала», «бога» ветру — «Стрыбог» ды іншыя. Гэтым «багом» будаваліся нават сьвятыні, дзе ставілі малявяныя рэзьбы, перад якімі складалі ахвяры ў выглядзе забітай жывёлы, земляробскіх пладоў, а нават і ваеннапалонных. Пры гэтым былі выконваныя адмысловыя абрадкі, якімі кіравалі спэцыялістыя. Укладаныя былі таксама песьні, прыказкі і расказы, што сталіся пачаткам народнага творства.
Тагочасныя пісьменьнікі характарызуюць славянаў людзьмі рослымі, моцна збудаванымі, белага цела, з белым! валасамі. Славяне былі працавітымі, гасьціннымі і адначасна сварлівымі ў грамадзкіх справах.
ІІІ
Разыход славянаў і ягоныя прычыны.— Кірункі разыходу.— Засяленьне нашага краю і ягоны назоў.— Нашыя плямёны: Крывічы, Радзімічы, Дрыгвічы, Севяране, Вяцічы, Дзераўляне, Яцьвягі і Голядзь.— Утварэньне беларускага народу.— Готы.— Хазары.— Варагі.
З прычыны свае сварлівасьці і з прычыны нястачы належнай арганізацыі ды націску іншых народаў звонку славяне пачалі разыходзіцца з тых земляў, што яны ўжо апанавалі, пайменна: з земляў, разьмешчаных між Дняпром, Віслай і Карпатамі. Адны славянскія плямёны ішлі на захад, другія — на паўдня, а іншыя — на ўсход. З тых плямёнаў, што пайшлі на захад, паўсталі народы: чэскі і польскі. З паўдзённых славянскіх плямёнаў паўсталі: Баўгары, Сэрбы, Харваты, Славенцы. З тых-жа славянскіх плямёнаў, што засталіся ў Палесьсі і на абшарах вышніх плыняў Дняпра, Волгі, Дзьвіны, Нёмна і Бугу, прыблізна каля VI ст. пачаў тварыцца наш народ.
Найвялікшым з гэных плямёнаў былі Крывічы, назоў якіх паўстаў ад словаў: крыві, кроў, кроўны, сваяк. Пасяліліся Крывічы направа ад вышняе плыні Дзьвіны, Дняпра і Волгі (у былых Смаленскай, Віцебскай, Пскоўскай і часткова Віленскай губэрнях). Крывічы праявілі вялікія арганізацыйныя і гандлёвыя здольнасьці, Яны ня толькі самі добра арганізаваліся, але нярэдка арганізавалі такжа іншыя суседнія плямёны, якія ўваходзілі ў склад нашага народу. Дзеля таго на тэрыторыі гэных плямёнаў, у мясцовасьцях, што гадзіліся на адміністрацыйныя пункты, зьяўляліся крывіцкія адміністратары і паўставалі крывіцкія калёніі. Аб гэтым цяпер сьведчаць местачкі і сёлы з назовамі «Крывічы» і пад. Гэтак, маем местачка Крывічы ў Вялейскім пав., Крэва і Крыўск у пав. Ашмянскім, сяло Крывічы ў пав. Лідзкім і г. д., нат на Палесьсі ёсьць назовы старога Крывіцкага паходжаньня. Стары замак, званы Крывым горадам, у Вільні быў таксама пастаўлены Крывічамі. «Крьівы» значыць тут «крывіцкі». Ад IX ст. Крывічы палітычна дзяліліся на Полацкіх, Смаленскіх і Пскоўскіх. Дзеля вялікай дзейнасці племені Крывічоў імя іхнае памалу пашыралася на іншыя нашыя плямёны і ўвесь наш народ называлі Крывіцкім, Крывічамі, а край Крывіяй.
Пазьней называлі народ наш беларусы, а край Беларусь. Назоў гэты ў дачыненьні да нашага краю сустракаецца з XIV ст. у нямецкіх пісьменьнікаў як «Вайс Русэн» (Weiss Russen), а палаціне ў польскіх летапісах «Альба Русься» («Alba Russia»), што значыць «Белая Русь». Слова «белы», паводле думкі некаторых вучоных, азначае «незалежны», «свабодны»: «Белая Русь» — свабодная Русь, незалежная, непадбітая татарамі. Іншыя назоўнае слова «Белая» ставяць у залежнасьці ад вонкавага выгляду беларуса, ад белых валасоў, белае скуры і ад таго, што ў беларусаў найбольш пашыраны ў адзежы, у уборах белы колер. Слова «Русь» паходзіць быццам ад старанямецкага слова «Ротсман», што значыць «вясьляр», морскі чалавек. Ад гэтага слова паўстаў прыметнік Рост, Рос, Рус, Руотс, а гэтак называлі фіны скандынаўцаў і высяленцаў з Скандынавіі на ўсходняславянскія землі — Варагаў, якія гэтаксама называлі ад свайго прыметніка той край, дзе яны вандравалі. А вандравалі яны па ўсіх абшарах сучаснай Беларусі, Расеі і Украіны.