Апрача Крывіцкага племя ў склад нашага народу ўвайшлі: Дрыгвічы, Радзімічы, Вяцічы, Севяране і Дзераўляне.
Дрыгвічы аселі між Прыпяцьцю і Заходняй Дзьвіною і так называліся дзеля таго, што жылі сярод балот і дрыгвы. Радзімічы аселі пры рацэ Сож. Вяцічы жылі пры верхняй Ацэ, а Севяране займалі дарэчча Дзісны, Сулы і Сзйну. Назовы Радзімічы і Вяцічы быццам паўсталі ад імён першых аснавальнікаў гэтых плямён, што там пасяліліся. Назоў Севяранаў стварылі быццам паўдзённыя плямёны, ад якіх гэта племя пасялілася на поўнач, ці, інакш кажучы, на север. Дзераўляне жылі на поўдзень ад ракі Прыпяці і называліся гэтак дзеля таго, што жылі сярод лясоў, сярод дзераваў.
Пазьней у беларускі народ уліліся балцкія плямёны: Яцьвягі, што жылі між Нёманам і Бугам, і Голядзь — расьселяная на ўсходзе.
З гэтае прычыны, а таксама і дзеля таго, што раней жывучы беларускія плямёны лучыліся з плямёнамі балцкімі, а таксама і на іншых асновах, як прыкладам народнае арнамэнтыкі, вучоныя даводзяць, што расава беларусы паўсталі з зьліцьця часьці славянаў і балтаў. Характарызуючы беларуса, кажуць, што ён кемны, быстры, хутка арыентуецца, вельмі здольны да вышэйшых перажыванняў духовых, лёгка праймаецца абстрактнымі ідэямі, лёгка захапляецца паэзіяй і мастацтвам, ды наагул даволі пачуцьцёвы і не матэрыялісты. З другога боку, натура беларуса глыбокая, трывалкая, узьдзержлівая. Ён станаўкі, упорысты, вельмі адпорны на ўсякі націск, даволі скрыты і нялёгка праяўляецца. Беларус ня ўспыхвае і ня выбухае, нат ня борзда загараецца, але, угарэўшыся, гарыць доўга, гарыць унутры нават тады, калі знадворку здаецца згаслым. На вайне беларус спакойны і адважны.
Мова беларуская, хаця беларускі народ паўстаў з зьліцьця балцкіх і славянскіх плямёнаў, належыць да радзімы моваў славянскіх. Выдзялялася яна, падобна як і іншыя славянскія мовы, з праславянскае мовы не пазьней як у VI стагодзьдзі. Мова беларуская ёсьць зусім апрычонай, самастойнай і незалежнай мовай ад іншых славянскіх моваў, прыкладам расейскай, польскай, украінскай. Яна багатая, сьпеўная і прыгожая мова. Беларуская мова вельмі падаецца да паэзіі і песьні.
У той час, калі расьсяляліся славянскія народы, на захадзе Эўропы праяўляла вялікую актыўнасьць нямецкае племя Готаў. Готы заснавалі аж колькі гаспадарстваў: Остгоцкае ў Італіі, Франкскае — у межах цяперашняй Францыі, Англа-Саскае — у цяперашняй Ангельшчыне і пасьля Нямецкае. Беларусы з гэтым племем таксама саткнуліся, бо Готы шырака займаліся гандлем і праз Беларусь даяжджалі водным шляхам Дзьвіны і Волгі да Хазарскага і Баўгарскага гаспадарстваў, што былі ў паўдзённа-ўсходняй Эўропе. Гоцкія купцы ня толькі займаліся гандлем, але адначасна, дзе маглі, заваёўвалі сабе краі і засноўвалі дзяржавы. I яны нейкі час панавалі на Беларусі, але пасьля з няведамых прычынаў зьніклі. Для абмену таварам з Хазарскім і Баўгарскім гаспадарствамі прыяжджалі на Беларусь у VIII— IX ст. з Скандынавіі Варагі ці, як іх звалі, Нарманы, або Русы.
IV
Дзяржаўна-палітычная арганізацыя беларускага народу.— Утварэньне беларускіх княстваў.— Галоўныя цэнтры: Полацк, Смаленск, Тураў, Чарнігаў.— Дзяржаўны лад: князь, дружына, веча.— Грамадзкі лад: земскія баяры, гараджане, сяляне, рабы.— Сямья, заняткі, вырабы.— Прадметы ўвозу і вывазу.— Гандлёвыя сувязі з арабамі, баўгарамі, грэкамі, хазарамі і варагамі.— Гандлёвыя шляхі.— Вялікі шлях з «Вараг у .Грэкі».— Дзяржава Рурыкавічаў.
Варагі, якія былі паўночнымі суседзямі славян, падобна як і готы займаліся ня толькі гандлем, але і заваёўваньнем славянскіх краін і засноўваньнем дзяржаваў. Заваяваўшы якую-небудзь краіну, яны прымушалі яе плаціць ім дань.
Паўдзённа-ўсходнія землі Эўропы на зьмену займалі розныя вандроўныя народы: спачатку кімэрыйцы, скіфы, сарматы, а пазьней аляны, готы, гуны, баўгары, авары, торскія плямёны, хазары. У канцы X ст. узьбярэжжам Азоўскага мора і Крымскім паўвостравам валодалі Хазары, якія нападалі на беларускія паўдзённыя плямёны севяран, вяцічаў і нават радзімічаў, ды прымушалі іх плаціць ім дань.
Але адначасна хазары ўсё-ж адыгралі для славянскіх народаў і дадатнюю ролю, бо яны стрымлівалі націск азіяцкіх народаў і давалі магчымасьць славянскім каляністам калянізаваць узьбярэжжа Чорнага і Азоўскага мора. Так, прыкладам, на Таманскім паўвостраве паўстала славянская калёнія Тмутаракань. Калі хазарскае гаспадарства заняпадала, на яго месца ўваходзілі печанегі — азіяцкі народ, а пасьля камскія баўгары, якія некаторы час шырока разгортвалі свае валоданьні ў паўдзённа-ўсходняй Эўропе, аж пакуль не стварыўся Кіеўскі цэнтр і паступова ня выціснуў іх адтуль.