X
З таго часу седнем засела ў Менску і заўзята піша справаздачы з выставаў, якія наведала ў Празе. Ніхто не хоча публікаваць, дык расчараванасць паглыбляецца.
А Марк прыходзіць да яе на кватэру і, убачыўшы нас абедзвюх, прытухлых і нябогіх, прапануе выехаць у Рыгу. Пазней я гутарыла з Маркам, які заўсёды ахвочы да новых выклікаў лёсу і перамен. Не вельмі яму гэта абыходзіць, не дужа далягае. Кантракт з немцамі ўжо канчаецца, а прапановы працы ў гандлёвай канторы пасольства даволі цьмяныя. Але і Марк, які заўсёды цвёрда ходзіць па зямлі, высмеяў такую перспектыву. Хоць ён і не паляк, але раіў ёй, што лепш было б зачапіцца ў Польшчы.
Марк са сваім латышскім грамадзянствам і банкаўскай прафесіяй можа не турбавацца. Адзіная праблема, якою ён дастаў мяне, гэта - што мы павінны былі б пабрацца і такім чынам урэгуляваць нашыя адносіны. А ў мяне на тое жаднай ахвоты. Дык вось калі ён прыходзіць да яе і бачыць нас абедзвюх, як мы сядзім блізка адна каля аднае на кухні над чайнікам гарбаты, ён упадае ў ятру і спаганяе на ёй усё сваё раздражненне.
Тады яна дэманструе мне мужчынскую салідарнасць і падбівае мяне пагаварыць з ім больш сур'ёна, чым дагэтуль. Зрэшты я трактую гэта як правакацыю ці яе жарт. А Марк недаверліва глядзіць на нас і ўсё гэта прымае за вытанчана далікатную гульню дзвюх кабет супроць адзінага тут вартаснага мужчыны.
Часта паўтараю ёй, што такі постсавецкі госць шануе цябе, пакуль ты незалежная. Пайсці на ягоныя хлябы і транты - гэта прыкладна тое самае, як дацца замкнуць сябе ў камеры турмы на Валадарскага, якую ці не кожны дзень я сузіраю са свайго акна.
А сёння ён салодзенькі і любенькі, хоць ты цалуйся з ім. І такога яго люблю, але іду ў заклад, што праз дзень па шлюбе ён меў бы мяне глыбока ў срацы. Так і бачу іх абаіх перад тэлевізарам, як яны мастурбуюцца, да позняй ночы праглядаючы парнаграфічныя фільмы, пакідаючы ялавым такое ладнае цела на тапчане. А мне з ім добра, але я хачу незалежнасці і права выбару.
Апошнім часам яна загаварыла пра выезд у Новую Зеландыю. Я бяссільная і з такой самай бяссілай мінай выслухоўваю яе новыя намыслы. Кідаецца з ілюзіі ў ілюзію. Я, вядома, нічога не выключаю. Яна ведае мяне настолькі, што ўмее развярэдзіць маю фантазію. Нездарма ж мы паслалі ўнёскі на візавую латарэю ў Штаты.
Кантракт з Міністэрствам адукацыі канчаецца ў мяне ў чэрвені. Пасля двух гадоў працы выкладчыцай польскай мовы ў тутэйшых вучэльнях я думаю, што буду вымушана зрабіць сабе перапынак. Выязджаю ў Менск. Вяртаюся ў Кракаў.
XI
Так было ў мяне з адной маёй паездкай у Вільню. Я купіла білет, села ў цягнік і за няпоўныя чатыры гадзіны была ўжо там і рассякала старую Вільню. Разглядваючы сябе ў вітрынах крамаў, слухаючы цвіркатанне летувіскай мовы, заглыбляючыся ў змрочныя сутарэнні касцёлаў, я ўвесь час мела высокі ўзровень адрэналіну, які дазваляў мне амаль навобмацак адчуваць сапраўдную свабоду.
А свабода ж можа мець форму мужчыны. Хай сабе і не заўсёды і не надоўга. Я засела на Замкавай за столік у кавярні, замовіла сок і канапку. Як лёгка звярнуць на сябе ўвагу - самотная дзяўчына, усмешлівая, нікуды не спяшаецца.
Суседні столік. Пажылы мужчына. Я адказала ўсмешкай на зачэпны ківок галавой, які, мусіць, павінен быў азначаць «смачнога». З другога суседняга століка падсунулася смешная сітуацыя. Муж, жонка, дзіця. Ён бачыць пад сталом мае адкрытыя калені і не зводзіць з іх вачэй. Няўжо мужчыны больш палігамныя? Я не ўпэўненая, бо, бадай што і хутчэй за ўсё, палігамныя мы, жанчыны. Калі, маючы ўсялякія вартасці і целы і асобавасці, мы можам выбіраць спасярод залётнікаў, шанавальнікаў, сярод арды самцоў, якія дужаюцца за доступ да ўлады, маёмасці і нашых целаў, што таксама ёсць атрыбут улады і маёмасці. Сярод гэтых інстынктаў толькі тое, што робім мы, ёсць сапраўдная палігамія. Быць са мною можа толькі той, каго захачу я. На хвіліну, на адзін раз, альбо на цэлае жыццё. І то ж большасць жанчын не ўсведамляюць гэтай сваёй незвычайнай улады. І паддаюцца мужчынам. Падпарадкоўваюцца, дзелячы ўладу і маёмасць свайго Гаспадара і ўладцы. На яе сплывае частка атрыбутаў улады. Прызвычаеныя выхаваннем матуляў і бабуляў трываюць у гэтым стане, даючы выйсце толькі бясплённым мроям.
Насупраць селі два хлопцы. Маюць сотавік, які сюд-туд і назвоньвае. Балабоняць па-летувіску, уладжваюць нейкія гешэфты. П'юць каву. Праз колькі там хвілін у іхніх клопатах яўна настае нейкі пералом. Пасля аднаго такога званка радуюцца, паляпваюць па плечах, пляскаюць у далоні, як пасля гола ў баскетболе. Абодва летувісы рослыя, светлавалосыя, у джынсах і спартовых кашулях. Уладзіўшы нейкую важную справу, адмаўляюцца ад кавы і заказваюць чатыры вялікія куфлі піва. Расслабіўшыся, пачынаюць заўважаць мяне. Сваім звычаем я какетліва апускаю вочкі і сціпленька ўсміхаюся.