У клубе мы пасядзелі тры-чатыры гадзіны. Выпілі мора піва. Выкурылі масу папяросаў, і я нагаманілася, часам перакрыкваючы настырны саксафон маладога летувіскага музыкі, які высільваўся перакласці амерыканскія стандарты на мяккую, свістучую мову летувіскіх балтаў.
Калі я зарыентавалася, што падпірае час, мы заспяшаліся праз горад ў бок вакзала, не хацелася браць таксі. Дамчаліся да вуліцы Нямецкай, і тут мне прыспічыла - далося-такі тое піва. Дзе тут забягач? У кавярню. Туды, дзе пазнаёміліся. Позна. Жвавым подбегам шыбуем у бок Вострабрамскай. Кавярня ўжо зачынена. Марцін прапануе заскочыць да яго ў гатэлік. Іншага выйцся няма. Ідзём да яго. І ўжо седзячы на ўнітазе, поўная свабоднай палёгкі, пачынаю ўпадаць у шчаснасны морак сваіх жаданняў. У ваннай пах ягонай касметыкі. Добрая марачная касметыка. Абапал клазетнай ракавіны параскіданы «Wall Street Journal». На падлозе - бялізна. Прыемнае бязладдзе пахне стабільнасцю і заможнасцю. Апускаюся ў змрочную і вільготную памяць самых прыемных хвілінаў з мужчынамі, якіх мела. Сяджу на ракавіне і не карціць мне выходзіць. Марцін ветлівенька стукаецца ў дзверы і пытаецца, а ці добра я пачуваюся, а ці нічога мне не далягае.
Калі я выйшла, ён наліў чарговую шклянку піва і запрасіў уладжвацца ў фатэлі каля вялікай лямпы на падлозе. Абое заўважылі ў сабе агонь, які знерухоміў нас і паволі растапіў.
Я не пратэставала, калі ён пацалаваў мне ў далоню. Спярша далікатна, вакол запясця, пасля адкрытую. Закалыханая цёплымі дакрананнямі ягоных губоў, я глыбей апускалася ў фатэль. Беглі хвіліны, мінуты, я гладзіла яго лысаватую галаву, твар, шыю. Ён вадзіў языком па маёй далоні, вільготна пранікаючы паміж пальцы. Нарастаючая прыемнасць падказала мне ўстаць. Мы пачалі цалавацца. Моцна, жарасна, пры вірлівай лямпе на стале, абапіраючыся на дзверы, сцяну, натыкаючыся на канапу, падаючы на ложак. Слабеючы і калышучыся ў абдымках, папераменна ляжалі, кранаючыся целамі. Ён не рашаўся раздзяваць мяне. А я пасля столькага піва раптам адчула санлівасць, даброць. Запала ў кароткую дрымоту. Колькі гэта магло доўжыцца. Пяць хвілін, паўгадзіны. Падняла галаву, адзетая лежачы на ложку. Ува мне было і цяпер узбуджэнне, але разляніўленае, соннае. Марцін сядзеў каля стала. Далікатнае, жоўтае святло лямпы выцінала ў пакоі кавалак замкнёнай прасторы, у якой я бачыла толькі яго галаву, далоні, кнігу і нататнік. Ён штохвілі адрываўся ад чытання, хапаўся за пяро і запісваў нешта ў нататніку.
Паглядзеў на мяне, правяраючы, ці сплю я. Я ўсміхнулася. Ён устаў, падышоў да ложка, падсеў, беручы маю далонь. Мне падабалася яго далікатнасць. Калі мы зноў пацалаваліся, я ўжо была гатовая на большае, чым да таго. Расшпіліла яму кашулю і, лежачы на засланым ложку, гладзіла яго валасатыя грудзі. Ён падвёў далонь мне пад блузку, расшпіліў станік і дабраўся да напятых саскоў. Далей ужо пайшло хутчэй. Раптам, самі здзіўленыя развіццём падзеяў, мы ўбачылі свае голыя целы. Я працягнула руку да сумкі па прэзерватывы. Дастала ўпакоўку і, калі пачала адкрываць яе, гледзячы на ягоны ўзбуджаны чэлес, раптам абое выбухнулі смехам. У маёй далоні замест прэзерватыва была вялікая круглая таблетка аспірыну.