Смех ужо не пакідаў нас да канца. Пацешнае здарэнне змяніла сур'ёзнасць сітуацыі, надаўшы ёй дадатковага шарму. Гэта не быў секс. Гэта не былі зносіны мужчыны і жанчыны. Гэта была сустрэча даўніх прыяцеляў, якія сваімі целамі апавядаюць пра ўсе матэрыяльныя і духоўныя лёсы, якія раздзяляюць прастору і час.
Вярнулася ў Менск другога дня з пачуццём споўненасці. Чаканая прыгода з'явілася сама насуперак маім планам і калькуляцыям, а яе памеры далі мне яшчэ больш сілы і павагі да таго роду свабоды, якой немагчыма запланаваць і прадугледзець.
XII
Не ведаю, калі, але я сапраўды закахалася ў яе. І ані блізка не ад сексуальнай пацягі. Секс быў калі не дадаткам, дык усё-такі недзе на ўзбоччы. Імпанавала мне яе незалежнасць, упэўненасць у сабе. Выбірала я ў ёй асобу цвёрдую, хоць і бачыла яе няўпэўненасць, комплексы і слабасці. Апроч таго яна духоўным гартам і як бы з разбегу - галавою наперад - не траціла ў гэтым брутальным свеце ніякіх рысаў далікатнай і ўражлівай істоты. Яе прыгажосць была пацверджаннем гэтай змяшанасці рэчаў і з'яў. Дробны смуглы твар, далікатная скура, лагодныя рысы вуснаў, носа і абрысы вачэй. У вачах цеплыня, аптымізм, радасць і зычлівасць да свету навокал.
Прыглядваючыся да яе вачэй, я быццам падала ў студню, у глыбіню яе неакілзанай натурыстасці. Як ахінутая чыстай крыніцай, поўнай жыўнаснай сілы і неабмежаванай свабоды. Брала мяне такое пачуццё, якое даецца кожнаму закаханаму, калі ён уздольніцца гадзінамі ўзірацца ў твар і ў вочы каханага.
XIII
XІV
Яе вобраз я нярэдка параўноўваю з беларускім краявідам. Такі спакойны, монахраматычны пейзаж з карцін Бялыніцкага-Бірулі. Калі-нікалі смех разбірае, - як гэта беларусы, выйшаўшы з багнаў і займаючыся асушэннем тэрыторыі пад будучыя гаспадаркі, не падбалі пра структуру свайго грамадства. І яшчэ не-не ды выдурніваюцца ў досціпах, расказваючы, як Пан Бог, стварыўшы прыгожы беларускі ландшафт і рахманых, памяркоўных людзей, прыйшоў да высновы, што ўсё гэта ці не занадта шыкоўна. І даў ім прэзідэнта, які псуе, што толькі ў рукі возьме. Апошнім часам баюць таксама, як іхні Лукашэнка спадобіўся гонару разам з Клінтанам і Ельцыным паўстаць перад абліччам Бога і даведацца, што праз месяц грымне канец свету. Ельцын і Клінтан вярнуліся ў свае сталіцы і абвясцілі народам, што блізіцца канец свету. А Лукашэнка найперш пахваліўся, што быў прыняты самім Панам Богам, пасля сказаў: «Буду правіць вамі да канца свету».
Але па сутнасці гэтая краіна - пануры закутак віславухага, вільготны і журботлівы.
Яна заўсёды дадае, што, без гор, няшмат чым адрозніваецца ад расчараванай Ірландыі. Дарэчы дадам, што ірландцы дапялі ўсё-такі да вясёлых пабаў з выдатным півам.
Тады яна зацягвае мяне ў «Ракаўскі бровар».
Там, схіліўшыся над куфлямі, услухоўваемся ў шматмоўны гоман - то польскі, то расейскі. Ламанай ангельскай нейкі палітык даводзіць заходнім дыпламатам, што нешта тут можна-такі зрабіць. А яны, слухаючы, недаверліва хітаюць галавою.
Калі ж я хацела вярнуцца да апісання беларускай флегматычнасці, яна фыркнула, што не дужа я ў такіх рэчах разбіраюся. За іх спакойнай натурай - камуфляж. Кожны селянін, не мусова беларускі, гэта чалавек, які хавае свае эмоцыі, нават калі шчыруе, дык знехаця. А між тым за гэтым бушуюць бурныя буры і жарсці.