Выбрать главу

Заўважыўшы цень іроніі ў куточку маіх вуснаў, яна сарвалася з лаўкі, грукнула аб стол пустым куфлем і запрасіла мяне зараз жа з'ездзіць да аднаго мастака.

Мы выйшлі з рэстарана, азіраючыся, каб злавіць якое аўто. Яна стала на краі тратуара і, махаючы рукою, спрабавала спыніць машыну. Мяне больш не здзіўляе, што лавіць з тратуара прыватную машыну - гэта тут як бы звычайнае скарыстанне паслугі. Нават калі гэта дзяўчына ў кароткай спадніцы, якая познім вечарам вяртаецца дамоў, вадзіцель не падумае пра яе як пра прастытутку. Проста спыніцца, падсадзіць, давязе да дома, возьме з яе колькі там «зайцаў» і будзе мець у салоне на некалькі хвілін моцны пах дзявочай касметыкі. Вядома, не выключаны і іншыя варыянты, але ж такое можа стацца ўсюды.

Тым разам на вуліцы не было задужа людна. Стаім і нічога. Тры цёмныя мерсэдэсы з пярэднімі коламі на тратуары з нявыключанымі рухавікамі. За прыцемненымі шыбамі ледзь можна разгледзець маладыя мужчынскія голеныя твары. Усімі сваімі паводзінамі і выглядам яны будзяць падазрэнне. Зрэшты, можа тут такі стыль, але я стараюся не садзіцца ў такія машыны.

Мы пайшлі ўніз убок Нямігі. Яшчэ цішэй.

Яна прапанавала мне перайсці на другі бок вуліцы і спусціцца ў метро. Мінулага года ў гэтай падземцы загінула паўсотні маладых людзей, затаптаных у панічным ціску пасля майскага канцэрта пад адкрытым небам. На сценах парасклейваныя картачкі з іх прозвішчамі, закапцелыя ад свечак гранітныя халодныя пліты, на якіх задушаныя і спляжаныя твары маладых дзяўчат упісалі свой апошні крык альбо ўздых роспачы.

Калі мы праходзілі міма гэтага трагічнага месца, яна расказала мне, што гісторыя горада пачынаецца з вялікай бітвы на Нямізе. Славянскія войскі сцяліся ў бойцы са славянскімі. Полацак, Кіеў... Няміга са спакойнай рэчкі ператварылася ў крывавы паток. Гісторыя горада пачынаецца з крыві. Цяпер тут няма ракі, засталася толькі назва. Дзесьці пад вуліцамі бягуць каналізацыйныя трубы з брудным струмянём, які ўпадае ў Свіслач.

XV

Праехалі некалькі станцый метро. Я не ведала, куды яна мяне вядзе. Да нейкага мастака, пажылога чалавека - як мне сказала - з вялікім творчым набыткам і майстэрняй, запоўненай рознафарматнымі палотнамі.

Мы ўвайшлі ў лесвічную клетку. Дом пабудаваны выключна для творчай інтэлігенцыі, у сямідзесятых гадах. Заслужаныя майстры СССР атрымлівалі тут студыі, спраектаваныя заслужанымі архітэктарамі і пабудаваныя заслужанымі будаўнікамі. Як добра было ў тым камунзіме... Адабралі ў іх ужо складзены і ясны свет прывілеяў, раздаваных шчодрай рукою партыі.

Натыкаючыся на розныя рэчы, падыходзім да ліфта. З яго ў чарговы цёмны калідор, неміласэрна застаўлены закурэлымі рэчамі рознай велічыні, пра прызначэнне якіх цяжка сказаць нешта пэўнае. Можа, гэта з рамонтнага рыштунку, можа, незакончаныя скульптуры.

За ашклёнымі дзвярыма прыцьмёнае святло лямпаў. Позні вечар і майстар ужо не працуе. Стаім перад дзвярмі, хвіля засяроджанасці перш чым націскаем клямку. Ён глядзіць на мяне, румянашчокі, - пазнаю Цябе ў сапраўдным мастацтве, закамуфляваным шырмай савецкага выхавання і сарамяжлівых нормаў. Насцеж дзверы. Уваходзім.

Дзмітрый падымаецца з-за вялікага стала. Здымае акуляры і з шчырай прыемнасцю вітаецца з ёю, пасля са мною. Яму каля 75 гадоў. Але не адчуваецца ў ім старасці. Нешта маладое праменіцца з яго цела. Выцірае рукі на жываце аб расцягнены ваўняны світар. Цалуецца з ёю, як бы падкрэсліваючы радасць ад сустрэчы. Даўно не бачыліся. Дакарае, што забылася на яго. Яна апраўдваецца і ветліва і банальна адначасова. Прадстаўляе мяне, як прыклад замежнай цікаўнасці да беларускага мастацтва і як вынік сваёй рэкламнай актыўнасці. Я хуценька перасцерагаю, што не гатовая што-колечы купіць, а інтрыгуе мяне творчасць менскай школы жывапісу ў пасляваенныя гады.

Пачынаем спрэчку - колькі ў гэтым усім расейскай другаснасці, а колькі ўласных дасягненняў. Ён згаджаецца, што Бялыніцкі-Біруля не быў расейцам, а пасля вайны ўскосна ўспасобіўся выхаваць тут некалькі вартасных паслядоўнікаў. На нейкі момант голас яго завісае, і ён уважлівей прыглядваецца да мяне. Угадвае, што я полька. Але я адразу папярэджваю, што не збіраюся тузацца за Бялыніцкага-Бірулю. Ён мог адчуваць сябе як беларусам, так і палякам. Пагаджаемся, што не быў расейцам. Але я не ўпэўненая, што, калі б мела нагоду спытацца пра тое ў яго самога, ці не сказаў бы ён, што адчувае сябе акурат расейцам.