Дзмітрый тупае ў кут майстэрні па вялікае палатно. На шэра-зелянкавым фоне раскінуўся сонны пляскаты пейзаж са звілістай рэчкай, узлессем, скраўкамі пабурэлых восеньскіх лугоў і бульбянішчаў. Чорнае птаства недзе з-за далягляду нясе ў дзюбах грай беларускіх лясоў і палёў.
Я ўсміхнулася ёй, бо мастак як бы пацвердзіў мае папярэднія высновы пра багністых людзей з Палесся, пра спакойны і прыгашаны характар беларусаў, якія маюць выключныя здольнасці да медытатыўнага сузірання настальгічныў краявідаў і з'явішчаў.
Раптам на вочы мне трапляе рэч зусім экзатычная. Рысавыя палі? Што гэта, пытаюся ў яго з недаверам. Бамбукавыя краявіды, тут?
Ён тлумачыць мне, што ў сямідзесятых гадах у часы савецкага росквіту навукоўцы, мастакі, інжынеры выязджалі ў краіны трэцяга свету следам за ваеннымі «дарадцамі» - у Анголу, на Кубу, у В'етнам. Асабіста ён тры гады ў рамках вялікай вылучанасці, як на тыя часы, сядзеў у Ханоі, дзе вучыў в'етнамскую моладзь асновам рысунку ў тамтэйшай мастацкай школе. Прывёз адтуль крыху працаў, крыху больш грошай і агіду да палітычнага нашэсця, паплаціўшыся за тое няласкай партыі. Маляваў залішне крытычна і некаторыя з ягоных працаў былі скептычна ацэненыя ў Маскве нейкімі прапагандыстамі. Уся справа, як мяркуе, загрузла ў інтрыгах, бо на такія паездкі многія мелі апетыт.
Дзмітрый хваліўся апошнімі працамі. Не ўсе яны мне нешта гаварылі. Шмат расейскай манеры. Відаць, проста зарабляе, запаўняючы палотны добра аплачванымі цэркаўкамі, коннымі запрэжкамі на зімовых пейзажах.
Я паглядзела на яе спадылба, нібы хацела сказаць - а ці не казала я табе? Яна толькі ўсміхнулася загадкава - «пачакай, гэта яшчэ не канец».
Натуральна, знаходжу тут і рэчы, маляваныя з унутранай патрэбы. Выцягваю з абапертых да сцяны палотнаў невялікую карціну. Майстэрня, у якой мастак - ці не сам Дзмітрый - партратуе раздзетую жанчыну. Памяшканне цёмнае, панурае, каб не сказаць камера ў вязьніцы. З карціны відаць патрэба выйсця па-над стан матэрыяльнага ўбоства праз кантакт не так з самім мастацтвам, як з атмасферай, у якой мастацтва паўстае.
Тады яна з гордым тварам дастае з-за плячэй павернутае тылам палатно. Ставіць яго перад мною на камодзе. Запальвае дадаткова яшчэ адну лямпу, каб я лепей прыгледзелася да твора.
Сапраўды, нешта неверагоднае ў сваёй нечаканасці. На першы погляд прымітыўны, а, можа нават, і вульгарны акт. Дароднае дамскае цела, ляніва выцягнутае на накрытай белай прастынёю сафе. У калырыстыцы дамінуе чырвоны фон сцяны. Вульгарна? У мяне змяшаныя пачуцці. Карціна, вядома, выклікае эмоцыі. Гэта шокавае сутыкненне славянскай шчырадушнасці і спакою з жахліва разбуханым ў сваёй чырвані фонам навакольнага свету.
Яна мела рацыю. Гэтая карціна не дае прайсці міма. Адразу вярнула мяне да кнігі Ерафеева «Русская красавица», напісанай у канцы васьмідзесятых. Папулярная на захадзе як экзэмпліфікацыя маральна-побытовых пераменаў альбо выварочванне ўжо існуючай каляровасці грамадскага жыцця, насуперак прынятаму альбо афіцыйнаму перакананню, што «у нас секса нет».
XVI
XVII
Я вярталася дамоў. Было ўжо досыць позна. Галава поўная сённяшніх уражанняў і вобразаў - суцэльная галата. І гэта не абавязкова цялесная, эратычная. Адкрылася нешта такое, што падказвае мне інакш глянуць на эратычныя матывы ў жывапісе. Голасць, якую чалавек бачыць перад сабою, калі яго закранае самота і неабсяг матэрыяльнага свету. Вобраз жанчыны, намаляванай Дзмітрыем, увёў у мяне адчуванне важкасці смутку і скрухі ў гэтых людзях. Ад прымітыўнай прывязанасці да іншаземца з Італіі, што лічыцца прастытуцыяй, аж да складанай гульні з асяроддзем, якая палягае на прывычным стэрэатыпе прызвычаек. Вырафінаваная гульня ўяўнасці, якая прыводзіць да ўтойвання пачуццяў, эмоцый, да ўдавання... У кітайскай і японскай культурах гэта даведзена да дасканаласці. Усмешка там - ніякая не ўсмешка. За паклонам не канечне павінна быць пашана. А тут у постсавецкай краіне на ўскраіне заходняй цывілізацыі гэта толькі нязначна датычыцца чагосьці, што ляжыць на памежжы Азіі і Эўропы. Парафраз, матыў, далёкае пазвякванне азіяцкіх эталонаў. Акты Джыота ці Рубенса абапіраюцца на геній адкрыцця, агалення. Яны - акт захаплення прыгажосцю і гармоніяй прыроды. У сучасным мастацтве цела і эротыка - гэта форма апісання. Але ж таксама і агалення. Мастацтва малявання цела ці выяўлення эратычных перажыванняў у заходняй культуры - гэта, аднак жа, адкрыванне чалавека, рэфлексія над ягонай душой. Тут, убачыўшы акт, я мела ўражанне, што Дзмітрый пазасланяў усё. Закрыў. І толькі дасведчаныя, уведзеныя ў таямніцу, такія, як Яна, умеюць паразумецца ў вузкім коле знаўцаў. Як у секце, тайным таварыстве ці ложы. Абое яны прадставілі мне сёння фрагмент гэтага закрытага свету. Але толькі дзеля таго, каб я з пыхай не ставілася да іх плыткай і прымітыўнай эстэтыкі. Каб не заносілася, не задавалася, каб не фігуравалася сваёй вышэйшасцю. Паказалі мне рубчык таямніцы толькі дзеля таго, каб я ўсвядоміла патрэбу ці хоць бы магчымасць гаварыць гэтай мовай, навучылася распазнаваць яе гучанне, адрозніваць граматыку і лад. Каб я ведала, што ёсць фразеалогія, якая грунтуецца на іншай логіцы, дзе дэсыгнат, тое, што азначаецца, закрывае знак, а знак адкрывае толькі ўмоўную частку пазначанага.