Пасля двухсутачнага падарожжа цягніком з Вільні, праз Маскву, даехаў. Калегі на вакзале не было, што не здалося яму падазроным, бо аж так дакладна яны і не дамаўляліся. Хоць той раней заўсёды яго сустракаў. Ну, але ж цяжка, падумаў, пэўна, моцна заняты. Узяў таксі і ад вакзала хутка даехаў да бетоннага блочнага дома, дзе і знайшоў знаёмы адрас. Пад дзвярыма доўга стаяў і званіў. Чуў нейкі пошум па той бок і адчуваў, што яго пільна разглядваюць у вочка. Даволі марудлівая пачаканка, але дзверы такі адчыніліся. Убачыў свайго калегу як падмененага, як прыбітага, змучанага, п'янага ці мо нават пад наркатою. Павіталіся даволі холадна. Запрошаны на кухню, корпаўся там, дастаючы з вялікай сумкі ўсе свае віленскія запасы жыўнасці, з якімі і раней заўсёды прыязджаў, - высока цанёныя ў Расеі каўбасы, сыры, рыба ў бляшаначках і дзве бутэлькі добрых налівак.
І тым часам чуў, што ў пярэднім пакоі адбываецца нейкая драматычная размова па тэлефоне яго расейскага калегі з кімсьці незнаёмым. Але нічога не западозрыў. Увайшоў у ванную, праз хвіліну вярнуўся на кухню, замітусіўся між сталом і халадзільнікам.
Селі з калегам насупраць. Гаспадар наліў гарэлкі ў дзве брудныя шклянкі і, цяжка асунуўшыся на крэсла, падняў тост за сустрэчу. Нічога не паказвала на непрыемнае развіццё падзей, хоць ужо тады Валера адчуў нейкі невытлумачальны страх. Пасля другой шклянкі расейскі партнёр па інтэрасе ўадкрытую спытаўся, колькі грошай прывёз з сабою. Насамрэч па тэлефоне была гаворка пра абавязковыя дзесяць тысяч даляраў, але Валера не зразмеў, што іх трэба прывезці з сабою. Дык ён адказаў, што пакуль што прыехаў агледзецца і пабалакаць. Па твары кампаньёна раптам паплыла хваля прыкрасці і роспачы. Валера зразумеў, што тут да чаго, калі з суседняга пакоя ўварвалася шобла рослых дзецюкоў у скуранках і, заламаўшы яму рукі, паваліла на падлогу. Давай грошы! Праверылі яго партфель і ўсе патайнікі ў заплечніку. Валера думаў, што, забраўшы дзвесце даляраў у дробных банкнотах, якія ён меў пры сабе, яго пакінуць у спакоі. Бандыты, аднак, не спыніліся на вобыску. Надзелі яму мяшок на галаву і вывелі з пакоя, забараніўшы крычаць пад пагрозай лупцоўкі і нават забойства.
Доўга ехалі ў машыне, пасля правялі нейкім доўгім калідорам па прыступках уніз, пасля зноў калідорам. Папіханаму і штурханаму яму не было калі і як уважліва разглядаць праз дзіркі ў мяшку, дзе ён і куды яго вядуць. Зрэшты, і без таго ён не ведаў гэтага горада настолькі, каб адважыцца на ўцёкі. Страх нарастаў. Вядуць выканаць свой прысуд. Але за што. У яго ж не было ніякіх даўгоў, у інтэрасе з калегам год таму назад ён нават страціў на апошняй здзелцы больш за тысячу даляраў, але яны паабяцалі сабе, што пры нагодзе ўсё кампенсуюць.
Я падумала, што, можа, тут гаворка пра нейкі гандаль зброяй ці наркотыкамі. Калі я спыталася адкрыта, Валера раптам узвіўся на мяне, аблаяў і сказаў, што гаворка ішла пра матэрыялы для прамысловай вытворчасці машынных дэталяў.
Толькі па паху зарыентаваўся, што ён у сутарэнні. Праляжаў звязаны цэлую вечнасць. Можа, ноч ці суткі. Прасіў піць. Нарабіў пад сябе. Звязаны, з кляпам у роце, гатовы да ўсяго. Чакаў ужо толькі хіба што хутчэйшай смерці.
Ён пазіраў на нас, перапыняючы свой расказ доўгімі хвілінамі маўчання. Мне здавалася, быццам ён хацеў падзяліцца словамі малітвы, якія вымаўляў у такі драматычны момант. Можа, прасіў лёгкай смерці, можа, збавення, можа, вады і хвіліны паслаблення здранцвелым рукам і нагам.
Прайшла цэлая вечнасць, з якой ён выхопліваў гукі з вуліцы і гарадскога шуму, чыесь неразборлівыя галасы, дзіцячыя крыкі. Трымаў у памяці ўсе гэтыя шумы, спрабуючы скласці нейкі разумны вобраз атачэння. Але чым далей, тым больш усё цямнела, чужынела, жахліва набліжаючы да смерці.
Прайшла чарговая вечнасць, аж наблізіліся гукі і прыглушаныя галасы тых, якія яго звязалі. Уласна, гэта быў адзін голас, які ён запамятаў. Не расейскі акцэнт, а нейкі грузінскі, чачэнскі, хоць, можа, з такім жа поспехам з Узбекістана ці Арменіі.