Падвечар Валера ўжо хадзіў у прыяцелях. Хрыпаты Голас абяцаў яму нават запісаць у сшытак свае вайсковыя гісторыі.
Гісторыі - як матрошкі. Адчыняеш, а там чарговая. Валера паказаў сшытак. Два вечары засяроджанасці, і Хрыпаты Голас запоўніў некалькі дзесяткаў старонак дробнымі, падрабязнымі апісаннямі. Што ні сказ - то нейкая людская трагедыя, начныя баі, ваенныя оргіі, людскі плач і адчай.
Праз тры дні зноў патэлефанаваў жонцы ў Вільню. Хвіліна няўвагі бандытаў дала яму магчымасць кінуць некалькі фраз па-летувіску. Ведаў, што ніхто з прысутных не зразумее. Сказаў толькі, што ў небяспецы, пастараецца ўцячы, а калега з грашыма хай прыедзе, але не з'яўляецца па тым адрасе, пакуль не атрымае ад яе пацверджання, што можна. Пасля гэтага летувіскага прарыву Хрыпаты Голас падскочыў, выхапіў у яго слухаўку, шпурнуў на апарат і сваім магутным вайсковым кулаком уваліў у твар. Валера заліўся юхаю, кульнуўся на падлогу і ляжаў без руху. Хрыпаты Голас загадаў яму яшчэ раз патэлефанаваць жонцы, растлумачыць ёй, што нехта выпадкова перабіў іхнюю размову, але ўсё застаецца без зменаў, чакае грошай.
Прыехаў Марк. Мы ўсхапіліся, быццам хацелі даць яму больш месца вакол гісторыі, расказванай Валерам. Яна выйшла на кухню па гарбату, я коратка ўвяла Марка ў курс Валеравай гісторыі. Марк увесь ператварыўся ў слых. Валера расказваў далей.
Яму дазволілі жыць разам з імі, яны чакалі грошай, ушчыльняючы час гарэлкай, тэлевізарам, картамі. Адзін толькі Хрыпаты Голас час ад часу запісваў у сшытку выдуманыя, а можа, праўдзівыя баявыя гісторыі. Валера адпачыў пасля падвала, але ўважліва аглядаў памяшканне, выгляд з акна, натаваў у памяці цыкл дзяжурстваў сваіх вартавых. У чацвёртую ноч пасля добрай папойкі Валера ляжаў у ложку толькі ў майтках, побач на падлозе і на канапе спалі тыя. Храплі як на вышках. Яму закарцела ў туалет, і ён ціхенька пакінуў пакой. На кухні спаў чацвёрты ахоўнік. Таксама ў сцельку. Тады маланкава мільганула думка пра ўцёкі.
Не доўга думаючы, схапіў першыя выпадковыя боты, штаны і світар. З-за камоды ў калідоры ўзяў сшытак з нататкамі і сваю малую сумку, у якой, як выявілася пазней, не аказалася ягоных дакументаў. І сам здзівіўся, як лёгка далося пакінуць памяшканне. Пот страху, напруга і адчуванне соннай нерэальнасці - усё гэта выштурхнула яго з дома, па лесвіцы якога ён босы збег некалькі паверхаў уніз, бадай, хутчэй чым самы сучасны ліфт.
У кустах апрануўся і рушыў наперад. Праз некалькі кіламетраў шалёнага бегу ў бок цэнтру горада натрапіў на міліцэйскі патруль. І тут успомніў словы бандытаў, якія папярэджвалі яго, што ўсюды маюць знаёмых і дастануць яго з самай цёмнай і глухой нары. Калі б яго цяпер затрымала міліцыя, ён не мог б растлумачыць, што і навошта ён тут робіць. Ён завярнуў у цёмную падваротню і перачакаў, калі святло аўтамабільных фараў аддаліцца. Потым зноў рушыў да цэнтра.
Непадалёк ад вакзала чарговы патруль міліцыі. Сеў на лаўку ў кустах. Развіднялася. Аслабелы ён абапёрся і на хвіліну заснуў. Разбудзіў яго смурод. Побач на лаўцы сядзеў бомж. Тыповы расейскі бяздомнік са смярдзючым дыханнем, дзікімі вачыма і зарослым, як у яго, тварам. Не была гэта прыемная сустрэча. Але Валера адразу знайшоў у чалавеку прыязную душу. Разгаварыліся. Бомж быў малдаванін. Але не жыў там з самага дзяцінства. Працаваў на будоўлях Сібіры цеслем. Потым спёкся на нейкім крадзяжы, адсідка, потым - без даху, без працы, дурная прывычка выпіваць з самай раніцы. А на гэта час-парою трэба быць пры валюце. Хоць пару рублёвак. Так вось і бадзяецца па ўсіх былых саветах. І ў Вільні быў, але яшчэ да таго, як шчыльна зачынілі граніцу. Падарожнічае ў таварняках. Дасканала ведае, як і калі знайсці адпаведны цягнік. Ведае, што рабіць, каб не трапіць у рукі чыгуначнай міліцыі. Я прапанаваў яму, што забяспечу яму жратву ў знаёмых у Кіеве, калі дапаможа мне дабрацца туды. Той падумаў. Згадзіўся, але на Кіеў цягнік будзе толькі заўтра ноччу альбо паслязаўтра. Бо пачалі вазіць збожжа. Гэта добрыя вагоны. Цяпло, суха і лёгка схавацца.
Бомж прапанаваў яму супу на сняданак у сталоўцы ў манашак каля царквы. Валера не памятае, каб калі еў смачнейшы булён. Цудоўныя праваслаўныя паслушніцы ў доўгіх шэрых спадніцах шчыруюць у садзе. Валера падрадзіўся дапамагчы ў працы ўзамен за начлег у сцёбцы. Яго новы прыяцель таксама прыстроіўся. Праз два дні цяжкай працы і добрага пакормнага харчу яны зніклі ў пашчы ночы.
Падарожжа ў збожжавых вагонах сапраўды было не з самых горшых. Адна толькі бяда. Пропадзь насякомых, мышэй і нейкіх пачварных аваднёў, якіх і назваў не ведаў. Збожжа аднекуль з Казахстана. Бруднае, месцамі вільготнае. Багата будзе гарэлкі. Вядома, украінскай - гарнай.