У Кіеве знаёмыя як толькі ўбачылі яго ў кампаніі з бамжом - за галаву схапіліся, падумаўшы, што ўжо ці не канец з ім. Доўга і блытана тлумачыў ім, як трапіў ва ўсю гэтую авантуру. Не вельмі верылі. Але накармілі, далі апрануцца і грошай на білет. Тады толькі рашыўся рызыкнуць на паездку ў Менск. Натуральна, праз зялёную граніцу. У Менску ў летувіскім консульстве заявіў пра згублены пашпарт і да раніцы будзе чакаць якога-небудзь дубліката. Але баіцца вяртацца ў Вільню.
У яго цёмна-зялёных вачах праз хвіліну зноў прабліснуў страх. Быццам уся вывергнутая з сябе гісторыя яшчэ глыбей дала яму ўсвядоміць, што нават тут ён не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Марк адчуў гэты настрой і адразу прапанаваў яму кватэру сваёй цёткі ў Рызе. Можа паехаць туды хоць заўтра і сядзець там хоць паўгода.
Мы выпілі яшчэ крыху і, заўважыўшы стомленаасць як самой гаспадыні, так і госця, рашылі развітацца. Паехалі да сябе ў сяло, г.зн. у цэнтр Менска. Было ўжо позна. Калі Марк павольна набліжаўся да яркага ліхтара каля нашага дома, я папрасіла, каб скінуў хуткасць. Мужчына ў зялёнай куфайцы, схіліўшыся да распраўленай на табурэце бляхі, разграбаў нейкія дробныя каменьчыкі. Што ён такое робіць. Марк усміхнуўся і паціснуў плячыма.
XXX
На другі дзень Марк забраў Валеру, каб везці ў Рыгу. Было далёка папалудні, пятніца, канец траўня. Цяпло і сонечна. У такі час я не люблю, а нават і не магу ўседзець дома. Рашыла ўзяць кніжку і пачытаць у скверы ў цэнтры горада. Тлум шэрых мяхоў, што вярталіся з працы, перакідваўся з аднаго боку вуліцы на другі. Я назірала за гэтым гармідарам вялікага горада з дзіўным пачуццём іроніі і пагарды да працы, іхніх высільванняў, іх клопатаў і хваравітай грымасы незадаволенасці на тварах.
Нарастала адчуванне нейкай сумесі бунту і эратычнага хвалявання. Піва ў бляшанцы, якое я прынесла з сабою ў сумцы, пачало знікаць у прорве цела. Узбуджанасць расла далей, а з ёю і адлегласць да канкрэтыкі гэтага свету.
Як на доказ гэтага настрою - перад маімі вачыма на суседняй пад'езнай да праваслаўнага кафедральнага сабора вулачцы тры тоўстыя кабеты ў апельсінавага колеру камізэлях шчыруюць над цыраваннем выбоінаў у асфальце. Стаяць з шуфлямі за апушчаным бартом грузавіка, з якога сплывае асфальт. Кабеты раскідаюць аблепленымі шуфлямі чорныя кавалкі гарачай масы ў дзіркі. Побач абаперты аб ліхтарны слуп мужчына таксама ў камізэлі. Рукі глыбока ў кішэнях штаноў з разношанымі каленямі. Прыглядваецца да кабет, кідае ім нейкія заўвагі і час ад часу паказвае далоняй месца, куды трэба падсыпаць, дзе падраўняць, паправіць. Калі гара скінутага з грузавіка асфальту знікае ў дзірках дарогі, мужчына з-пад ліхтара ўскоквае ў кабіну катка, які стаіць побач. Над дашкам машыны пыхкае хмара дыму. Каток ушчыльнае стынучы асфальт. Кабеты перамяшчаюцца метраў на дваццаць далей, куды пад'язджае чаговы грузавік з чарговай порцыяй гарачай чорнай масы.
Нешта мяне ўнутрана раздражняла. Усе карціны са струджанымі і «вызваленымі» жанчынамі, якіх удосыць нагледзелася ў Менску, я датуль прымала абыякава. Жанчыны - вадзіцелькі трамваяў і тралейбусаў. Магутныя матроны на шпацыры з мужчынамі-карантышамі.
Мужчыны - гэта худыя зарослыя здыхлякі з перапалоханымі вачыма, якія вечарамі ў пасцелі гінуць у фалдах тлушчу сваіх заможных матронаў. Яны здатныя на ўсё. Размашыста тынкуюць фасад камяніцы на вачах у людзей, ускокваюць на дах тралейбуса, каб сцягнуць вяроўкай пантограф і ступаюць у шкарпэтах па гарачым бляшаным даху. Раззяўленыя вусны пасажыраў уцягваюць рэшткі паветра ў перапоўненай нутробе машыны. Бязвольна чакаюць, як статак транспартаванага быдла. Думаюць толькі, каб дабрацца дадому, пралезці сярод гораў друзу і пяску, знікнуць у лесвічнай клетцы і захлопнуць за сабою абабітыя дэрмацінам дзверы прасмердлага гнілою капустаю памяшкання.
Нянавісць да бязволля і безруху гэтага свету, прыдуманага мужчынамі, якія даўно павыміралі ад сіфілісу, спіліся альбо загінулі на вайне, нарастала ўва мне і вырывалася з-пад кантролю. Раптам так я ўбачыла, што астатні свет - гэта дзеці мужчынскага полу, выпаўзні з голенымі галовамі, альбо квадратныя, разапселыя чыноўнікі без душы, без вачэй, без мазгоў. Часцей прапітыя наскрозь, чым свядомыя свайго глыбокага заняпаду.
Піва зрабіла сваё, але на шчасце я не страціла да канца памяркоўнай стрыманасці ў ацэнцы беларускага свету. Нейкі скураны байкер з грукатам праляцеў па плошчы, як анёл - вястун надзеі. З гэтага мне хапіла аптымізму, каб устаць з лаўкі і пакінуць плошчу. Наважылася пайсці ўбок Траецкага прадмесця міма праваслаўнага сабора, уніз. Перайшла вуліцу. Па той бок псеўдастарамесця. Мёртвая частка горада, адкрытая ў сямідзесятыя гады і пазней, якою мелася адшкадаваць сабе атмасферу разбуранага Менска. Бульвар над каналам. Іду да помніка, прысвечанага загінутым салдатам афганскай кампаніі. На канале выспа - называюць яе выспай слёз, і там нядаўна збудавана капліца-звон з жанчынамі ў чорных жалобных хустках, якія лямантуюць вакол яе.