Выбрать главу

А тым часам дзяўчына ўся аж перавялася. І гэта толькі пагаршала справу. Нарэшце ён рашыўся адысціся на хвілінку, што давала яму магчымасць уцячы і выблытацца з гэтага недарэчнага становішча. Сказаў, што хоча яшчэ раз патэлефанаваць прыяцелю, каб той прыехаў. Дзяўчына ўстала з ложка і пабегла ў ванную. Марк, не доўга думаючы, паціхеньку сабраў манаткі і - шмуль з хаткі, стараючыся ўцячы без лішняга шуму. Калі ехаў машынай, у ім мяшалася пачуццё палёгкі, віны, са смакам перажытай асалоды і плягі адначасова.

XXXІV

Пане Божа, я нібы скравак паперкі з Тваім запісаным жаданнем шкуматанай ветрам і раптоўнымі павевамі ад людзей што міма праходзяць ад праезджых машын маю цела што ты даў мне ў дарунак у дзень пачатку майго і пэўнага болей нічога за што я табе ўдзячная бо тым самым ты звольніў мяне ад жахлівага рашэння якое іншыя на сябе прымаюць Пане Божа мая самотнасць маё цела мой страх і ўсе тыя дробныя радасці складаю Табе удзячная за магутнасць прысутнасці якую дакладна бачу уначы па-над галовамі

XXXV

Тыдзень таму назад я атрымала запрашэнне ў Віцебск прачытаць некалькі лекцый па польскай мове ў мясцовым універсітэце. Наша амбасада ўжо два гады як спрабуе наладзіць там рэгулярныя заняткі па польскай. Мяне як лектарку папрасілі высветліць атмасферу і цікавасць. Увогуле, як мне расказаў адзін супрацоўнік амбасады, яны тут разумеюць, як улады баяцца польскай мовы і як афіцыйна цяжка прабіцца праз гэты адміністрацыйна задэкрэтаваны страх. Прасцей з сербалогіяй і балгарыстыкай. Хай беларускія студэнты вучаць хоць турэцкую, хоць арабскую, але, барані божа, каб толькі не польскую! Тым не меней ёсць некалькі зацікаўленых асобаў у тамтэйшым універсітэце, нейкія рэшткі інтэлігенцыі, якая «мысліць свежа», якая цягнецца да Польшчы, бачачы ў гэтым натуральнае развіццё сваіх памкненняў. Я думаю, нашыя пяць мінут і так прыйдуць, калі пачнецца масавы адплыў ад расейскай культуры. Гэта толькі пытанне часу. Так вось мне і далі паўтара дзесятка заняткаў на працягу трох дзён. За гэта добра плацяць, за гатэль таксама. І думаць няма чаго - трэба ехаць. Тым болей, што мне даўно хацелася пабачыць горад Шагала.

Я запрасіла яе ў паездку гэтай марознай студзеньскай раніцай. Прыйшла загадзя да яе на кватэру, калі яна, ужо ўстаўшы, свяшчэнадзейнічала над запарваннем кавы. Водар асвяжыў нашу сустрэчу і без таго поўную напружання пасля яе няскончанага рамана з Дзімам. Нешта мне здаецца, што паміж імі як бы штось прабегла, папсавалася, але я не назалялася, каб яна мне ўсё выкладвала. Я сказала ёй толькі пра прапанову з'ездзіць на некалькі дзён у Віцебск, на што яна жвава зрэагавала расказам з газеты на тэму маладзёжнага бунту ў тамтэйшай турме. Адразу згадзілася пад'ехаць разам. Ужо каторы тыдзень яна хацела напісаць доўгі артыкул пра бесперспектыўнасць, у якой жыве моладзь і пра нарастаючае адчуванне бунту, які можа лёгка перарадзіцца ў нешта больш сур'ёзнае. Цэлае пакаленне, якое ўжо не ведае савецкай сістэмы, старэйшымі сілком ўпіхваецца ў стаптаныя боты і абноскі камуністычнай ідэалогіі. Сказала, што нават калі і няма заказу на тэкст, дык і так яго апублікуе, а апроч таго вельмі хоча паехаць са мною ў Віцебск. Прапанавала, каб мы разам спалі ў гатэлі, што дадало б нашай паездцы яшчэ большага румянцу. Даўно мы не спалі разам, і я паглядала на яе з усё большым апетытам.

Развіталіся на тры гадзіны. Я паехала пакаваць свае рэчы, залатвіць сякія-такія справы ў горадзе. На кухні пакінула Марку запіску, што некалькі дзён мяне не будзе, што цалую ў самы кончык яго цудоўнага красунчыка і тут жа нарысавала яго на паперцы. Вельмі востры.

І ўжо неўзабаве, паполудні мы сядзелі ў віцебскім аўтобусе. Адразу за Раўбічамі яна паказала мне краявід, якога такога я ў Беларусі яшчэ не бачыла і ўбачыць не разлічвала. Гэтыя мясціны называюць беларускай Швейцарыяй. Несустраканы яшчэ кантраст паміж плоскай і балоцістай панарамай, якую бачыш у дарозе да Берасця, альбо багністымі, лясістымі нетрамі каля Магілева і гэтым узгорыстым краявідам, падобным на Бяскіды ці Бяшчады. Адразу за Лагойскам мясцовасць выроўніваецца, а ўжо ў ваколіцах Лепеля - звыклы лясны ландшафт з невялікімі ўпадзінамі і пабітай асфальтавай дарогай, на якой аўтобус падскоквае, вытрасаючы з пасажыраў усякую ахвоту прыкархнуць.