Выбрать главу

А для мяне, нягледзячы ні на што, быў гэта свет знешні, з нічым я сябе не атаясамлівала. Ніякай палітыкі, ніякіх поглядаў. Айчынная вайна яшчэ пэўная святыня, бо ў дзяцінстве ў мяне быў любімы дзядуля, які ўвёў у мяне тую вялікую легенду пра вайну з фашыстамі, вайну за вялікую святую справу. У сярэдняй школе ўсё гэта адбілася ўва мне патрыятычным парывам. Мне было шаснаццаць, калі я звярнулася ў ваенную камендатуру, каб мяне ўзялі ў Афганістан на вайну санітаркай. Калі сёння я чагосьці саромеюся, дык не так высакароднага парыву, як таго невуцтва, якога ніхто з самых блізкіх не мог альбо не хацеў паправіць. Бо пазней і зусім ненаўмысны міф пра высакародную вайну аказаўся містыфікацыяй, а дзядуля сапраўды быў партызанам, але як скінуты з парашутам камісар НКВД. І зусім не ваяваў з фашыстамі. Пасля вайны невядома чаму некалькі гадоў служыў у адным з лагераў на Калыме. У кожным разе не як ахвяра. Усё гэта не было схавана ад мяне, бо ў размовах з бабуляй я завялася занадта моцна цікавіцца падрабязнасцямі.

Але ўсе мы, мусіць, былі такім суровым, высакародным матэрыялам, з якога спакваля і сістэматычна пяклі нейкі хлеб, прасавалі ідэалагічныя пляцкі з малых несвядомых кавалкаў, казурак, пазбаўленых абарончых механізмаў.

Адна мая знаёмая з мястэчка Беразіно сваім часам была добрай, пачцівай і гарачай камуністкай. Верыла ва ўсе гэтыя глупствы. Мела добрую адукацыю, заслужаную пасаду ў раёне. Уладкаваны свет. Калі ў 1990 годзе ляснуўся яе даражэнькі Савецкі Саюз, лопнула ўся структура, яна месца сабе не знаходзіла. Паўгода хадзіла сама не свая. Страціла працу ў райкаме, з ёю перасталі лічыцца. Аднаго вечара яна кінулася ў плыні ракі з самага высокага ў горадзе маста. Выцягнулі яе ў апошні момант. Ляжала ў бальніцы, лячылася больш года, і тады ў ёй нешта прарвалася. Узялася за паро, панадзілася пісаць вершы. Праз суседку запазналася з каталіцкім ксяндзом. Заўчашчала ў касцёл. Ажыла. Зноў знайшла сваё месца.

Калі я гляджу на такі лёс і думаю пра свабоду, адчуваю нейкі фальш і няпраўду ў кожнай навязанай структуры. А я ж тым самым часам ведаю, што свабода - гэта часцяком нейкі выбар акрэсленай праўды, структуры, схемы, што дае сілу быць унутрана моцнай і добрай для іншых.

Я ўсё яшчэ захавала ў сабе ўпэўненасць, што ўжо цяпер ніхто мяне больш не ашукае, як мільёны гэтых бедных савецкіх грамадзян, кормленых ідэалогіяй, надзеяй, хлуснёй і страхам. Няма мне месца ні ў якой структуры. Адусюль, дзе толькі прыкмячаю хоць бы які след складзенай кімсьці рэчаіснасці, я выкоўзваюся, уцякаю і шалею як у прыступе клаўстрафобіі. Замкнутая, усю сваю энергію трачу на планаванне ўцёкаў і ўжо калі вырываюся, першы глыток свежага паветра мне больш вартасны і жывасны, чым увесь той спакой і ўнармаваная існасць, да якой мяне дапасавалі.

IX

Яна расказала мне пра сваю апошнюю мару. Было, як у цёплым сне, ты яшчэ ўся ў імгненні абуджэння, яшчэ кволішся ў мроіве, а ўжо святло, якое падае ў пакой, уступіла з табою ў блізкі кантакт.

Ёй сніўся прыгожы сон з падстрыжаным газонам і дагледжаным кветнікам. На вуліцы перад пад'ездам вялікі аўтамабіль, амерыканскі van з бліскучымі буферамі і ёмістым нутром. На ветравой шыбе прыліплыя бярозавыя лісткі. За ноч стаяння на металічны лак асела раса. Усё гэта разам як вобраз упэўненасці, стабільнасці, заможнасці, перажываных у сямейным коле. Я аж сама дзіву далася, што так кінулася ў мары. Туга па сямейным цяпле, апецы чалавекам, які штодзень надзявае чыстую кашулю і прыносіць у дом гібель колькі даляраў.

Сапраўды я здзівілася, бо лічыла яе цвёрдай дзяўчынай, якая, навучаная савецкім вопытам, ведае, што няварта так лёгка аддавацца ілюзіям і марам, бо сутыкненне з брутальнай рэчаіснасцю бывае непрапарцыянальна балючае. Стараюся падтрымліваць яе, каб апорысцей стаяла на зямлі.

А яна тады расклеілася і завялася ў румзы.

Кажа, што гэтак сама адчула сябе калісьці, вярнуўшыся з Чэхіі. Упадала ў істэрыю праз таго чэскага бізнесоўца, з якім запазналася ў Менску на кірмашы. Стары казёл звёў яе абяцанкамі, запрасіў у Судэты на лыжы, спыняўся ў дарагіх гатэлях, даваў вячэры ва ўтульных кнайпах. Меўся забяспечыць ёй сталы побыт, дазвол на працу, кватэру ў Празе. А пасля раптам знік, пакінуўшы яе каля польскай граніцы. На шчасце аплаціў рахункі, і яна мела пры сабе колькі там даляраў, каб вярнуцца праз Уроцлаў начным цягніком у Берасце.