Выбрать главу

Яна сказала мне таксама, што нядаўна бачылася з Уладам, якi з прыкрасцю зазначыў, што смеху варта не тое, што Адам Глобус апiсаў у "ARCHE" сваю сувязь з вядомай журналiсткай так падрабязна. Смешна тое, што на месцы Глобуса гэтай дзяўчыне ён, Улад, не прысвяцiў бы i палавiны сказа ў газеце. Глобус папросту зрэагаваў на сваё паражэнне i не так папомсцiўся журналiстцы, як пацвердзiў толькi факт пераспання з ёю. Нiбы такi быў фармальны эксперымент. А яна проста нiкудышняя. Улад успомнiў, як яны кахалiся пасля аднаго вечаровага прыёму ў яе на кватэры. Не прайшло i дзесяцi мiнут, як дзяўчыне ўжо было досыць. Улад з грымасай на вуснах, як сказаў з церпкiм успамiнам, яшчэ толькi-толькi раскручваўся. А яна тым часам ужо кiнула яму ў твар - ах, ты такi ненасытны. Якая прымiтыўнасць! - абураўся Ўлад. Халодная i недаразвiтая. Некалькi мiнут сексу. I гэта мне называецца iнтэлiгенцыя?!

Так, я магла б i згадзiцца з ёю, калi б не ведала Ўлада...

I тут я пачала з ёю выкаблучвацца. Ведаю, што той яе лiтаратурны кандыдат выхваляецца i зайздросцiць Адаму Глобусу, што не ён першы ўздольнiўся на такi эксперымент. Не, што ты! Крый Божа! З Уладам я не спала i нiколi, нават пасля некалькiх бутэлек на такое не пайшла б. Ён мiфаман i пляткар! Адам Глобус, праўда, зрабiў шкадлiва, але i з Уладам я пагадзiцца не рызыкну.

Зрэшты, кiнем вокам на яго лiтаратурныя здабыткi. Яго комплексы сягаюць глыбей. Напiсаў кнiжку пра Лукашэнку - нейкая фантастычная байка, пра якую ведаюць ужо ўсе ў Менску i ў Варшаве. А з таго, што ён гаворыць сам, слава пра яго кнiгу дабегла нават за акiян (Атлантычны, прынамсi!). Праблема, што нiхто той яго кнiжэнцыi не чытаў, усе пра яе ведаюць толькi з дэкларацый самога аўтара падчас розных iмпрэзаў i сустрэчаў. Вось яно, мастацтва i майстэрства занятку вiртуальным сексам. Сапраўдная вытанчанасць.

Тады яна лямантуе мне ў слухаўку, што перажываны секс i секс апiсваны - не адно i тое самае. Можа, Адам Глобус проста выдумаў цэлую тую гiсторыю, каб нешта там справакаваць. I яму ўдалося. Яна нагадала мне анекдот пра аднаго афiцэра, якi за бяседным сталом у афiцэрскiм казiно пачуў меркаванне на прадмет заднiцы сваёй жонкi. Гэта была яўная правакацыя, але закончылася яна трагiчна. Афiцэр вярнуўся дамоў. Гонар i абраза загадвалi яму застрэлiць жонку i адразу пасля самога сябе. Ах, гэтая сiла грамадскага этыкету. Цiкава, у якi пасля гэтага пераплёт трапiў аўтар таго меркавання. Ён хацеў толькi крыху пазабавiцца за кошт свайго калегi. Мы самi, па сваёй ахвоце цi рэдка калi купляемся на сяброўскiя розыгрышы i мiстыфiкацыi. А тым часам пра добры, памысны секс марыць кожны. Ну, амаль кожны.

А дзяўчына, прыспаная адным калегам, мае права быць рэкамендаванай другому. З рук у рукi. Каб насыцiцца, дапасцi да ўсiх тых, у чые абдымкi кiдае нас сiла апанталай нас фантазii...

Цi не шызанулася, што яна вярзе!? Я крычу ў слухаўку. Не магу! Узровень нашай размовы выходзiць за межы чыстага сацыялагiчнага цi лiтаратурнага дыскурсу. Яна дражнiць мяне сваiмi поглядамi. Гэта ўжо нават не блядзтва i нават не нiмфаманiя. Не разумею яе. Можа правакацыя. Годзе. Хай чапляецца за гэтага свайго Дзiму, i хай ён будзе ёй сутэнёрам, хай совае ёй пад нос усё новыя i новыя чэлесы спраўных i юрлiвых самцоў. Яе клопат, яе праблемы, яе жыццё.

XXVIII

Я рашыла зацягнуць Марка на дыскатэку. Пры гатэлi "Беларусь" ёсць вядомы клуб, якi ўсе называюць "шайба". Гэта ад формы будынка i сцэны, нават некалькiх сцэн, на якiх позна ўначы пад гучную музыку разбiраюць танцорак. Часам, як я чула, разбiраюць i прыахвочаных малалетак.

З Маркам мы абгаварылi правiлы гульнi. Кожнае з нас iдзе асобна i толькi назiркам зазначаем сабе, цi другое ўжо што падчапiла. Маем пры сабе тэлефоны, дык жа ў разе чаго пазней установiм хто, дзе i з кiм iдзе далей. Калi толькi адно з нас вылавiць што, дык дзелiмся, натуральна, са згоды злоўленага.

У машыне соваю ў кiшэню некалькi прэзерватываў. Марку таксама соваю ў пiнжак некалькi. Пакiдаем машыну ў паркiнгу каля гатэля. Каля касы тры пацанкi. Маладзенькiя, дурненькiя наццаткi. Марк паводзiць вачмi па напятых азадках i адкрытых дэкальтэ. Я купляю бiлет асобна, каб не псаваць яму гешэфту. Ён загаворвае з дзяўчатамi, думаючы, што ў iх няма грошай на ўваход. Анi, яны чакаюць сваiх кавалераў.

Заходзiм усярэдзiну, скрупулёзна кантраляваныя ахоўцамi. Марк высока падымае рукi, як салдат, здаючыся ў палон. Мяне правярае дзяўчына, якая як звычайна знаходзiць звязку ключоў для дома.

Штэмпелююць нашыя далонi. Нарэшце ўваходзiм.

Каля бара ўсё тыя самыя, што i заўсёды, тры прастытуткi. У зале пуставата. Можа, яшчэ зарана. Толькi адзiнаццаць. Большасць столiкаў ужо занятая, але за iмi амаль толькi адны дзяўчаты. Разглядаюся. Марк па той бок залы. Падсеў да трох дзяўчат, якiя хутчэй за ўсё святкуюць з шампанскiм нечы дзень нараджэння. Бачу, заводзiць iх, дзяўчатам у ахвотку.

На паркеце некалькi хлопцаў топчуцца ў танцы, але па iх выглядзе вiдаць, што гэта курсанты з мiлiцэйскай школы альбо вайскоўцы з акадэмii. Маладыя, паголеныя, танцуюць правiльна, шукаючы вачыма якой-небудзь шчылiны, куды ўшпiлiцца на вечар. Нiчога цiкавага.

Праз гадзiну падыходжу да Марка, якi каля буфета пацэджвае пiва i палiць цыгарэту за цыгарэтай. Пачакаем яшчэ крыху танцорак i стрыптызу. Можа, зборня раскруцiцца.

Па зале ходзiць платаядны пярэстарак, лапае ўсё, што рухаецца i на дрэва не ўцякае.

Нуда, нуда, нудота...

Нават танцоркi нас не разварушваюць. Нейкiя мала апетытныя i не сексуальныя. Рашаем уцякаць дамоў. Планы - кату пад хвост, але настрой гэтага вечара дае нам сiлу, каб пазаймацца самiмi сабою.

XXIX

Прыехаў да яе нейкi журналiст з Вiльнi. Беларус з летувiскiм грамадзянствам. Яна патэлефанавала мне позна ўвечары, каб падскочыла як мага хутчэй.

Справа пiльная, патрабуе, каб без адкладу. Калi я праз паўгадзiны пад'ехала, яна прадставiла мне Валеру. Я чула пра яго. Палiтычна заангажаваны журналiст i перспектыўны беларускi пiсьменнiк малодшага пакалення. Выглядаў дужа змардаваным. Зарослы, у лахманах, з запалымi вачыма i шэрай скурай.

Гатуючы на скорую руку гарбату на кухнi, яна расказвае мне, што яны знаёмыя ўжо каторы год, з выцечак у Вiльню i Палангу. I заўсёды ў адной кампанii падчас вакацыйных вандровак. Прыехаў на яе менскую кватэру без грошай у пазычанай вопратцы, з дзiкiм страхам у вачах, набытым, як экзатычную хваробу, недзе ўглыбiнi Расеi.

Калi яна падавала гарбату з жаласцю ў вачах, ён папрасiў шклянку гарэлкi. Пачаў расказваць пра ўсе свае прыгоды, якiя я нiзавошта не акрэслiла б як прыгоду. Зрэшты ён яе зусiм i не шукаў.

Ужо два гады ён меў добрага знаёмага ў Расеi, недзе далёка за Ўралам. У той мясцовасцi, кiламетраў так з дзвесце далей, жыве яго дзядзька. Дамовiлiся яны ў справах нейкага iнтэрасу i зварганiлi некалькi кантрактаў на зусiм-такi неблагую суму, недзе так тысяч на сто даляраў. Гешэфт пайшоў на пагаршэнне пасля расейскага жнiвеньскага дэфолту 1998 года, i адносiны памiж iмi пайшлi на спад. Але пасля году маўчання калега азваўся-такi i папрасiў прыехаць, шчыра падкупiўшы тым, што ў iхнiх справах можа распачацца новы этап. I ён рашыў прыняць запрашэнне калегi, спалучыўшы паездку з даўно адкладаным вiзiтам да дзядькi, у якога ў дзяцiнсве некалькi разоў праводзiў вакацыi.

Пасля двухсутачнага падарожжа цягнiком з Вiльнi, праз Маскву, даехаў. Калегi на вакзале не было, што не здалося яму падазроным, бо аж так дакладна яны i не дамаўлялiся. Хоць той раней заўсёды яго сустракаў. Ну, але ж цяжка, падумаў, пэўна, моцна заняты. Узяў таксi i ад вакзала хутка даехаў да бетоннага блочнага дома, дзе i знайшоў знаёмы адрас. Пад дзвярыма доўга стаяў i званiў. Чуў нейкi пошум па той бок i адчуваў, што яго пiльна разглядваюць у вочка. Даволi марудлiвая пачаканка, але дзверы такi адчынiлiся. Убачыў свайго калегу як падмененага, як прыбiтага, змучанага, п'янага цi мо нават пад наркатою. Павiталiся даволi холадна. Запрошаны на кухню, корпаўся там, дастаючы з вялiкай сумкi ўсе свае вiленскiя запасы жыўнасцi, з якiмi i раней заўсёды прыязджаў, - высока цанёныя ў Расеi каўбасы, сыры, рыба ў бляшаначках i дзве бутэлькi добрых налiвак.