Выбрать главу

Пiва зрабiла сваё, але на шчасце я не страцiла да канца памяркоўнай стрыманасцi ў ацэнцы беларускага свету. Нейкi скураны байкер з грукатам праляцеў па плошчы, як анёл - вястун надзеi. З гэтага мне хапiла аптымiзму, каб устаць з лаўкi i пакiнуць плошчу. Наважылася пайсцi ўбок Траецкага прадмесця мiма праваслаўнага сабора, унiз. Перайшла вулiцу. Па той бок псеўдастарамесця. Мёртвая частка горада, адкрытая ў сямiдзесятыя гады i пазней, якою мелася адшкадаваць сабе атмасферу разбуранага Менска. Бульвар над каналам. Iду да помнiка, прысвечанага загiнутым салдатам афганскай кампанii. На канале выспа - называюць яе выспай слёз, i там нядаўна збудавана каплiца-звон з жанчынамi ў чорных жалобных хустках, якiя лямантуюць вакол яе.

Пад'язджаюць кавалькады машын, шлюбныя карагоды. Малодухi ў начосах, цокаючы высокiмi абцасамi, у белых вэлюмах i сукенках нясуць кветкi, каб пакласцi iх пад помнiкам-маўзалеем. Помнiк гэты - балючы след савецкага сiндрому "адказнасцi" за грамадскую справядлiвасць у свеце. Але найбольш уражвае прывязанасць да традыцыi ўскладвання кветак да помнiкаў. У нас у Польшчы гэтага няма. Ну, хiба што маладыя едуць на моглiцы аддаць пашану нябожчыку бацьку цi мацi. А тут у карагодзе вайсковых учтаў жанчына робiцца падданай рытуалу ваенных завядзёнак. Дакляруе свой удзел у чыста мужчынскiм вайсковым жыццi, беручы за яго адказнасць i на сябе.

Узгадалася ашмянская гiсторыя, расказаная мне кiмсьцi ў Менску. Тамтэйшы ксёндз угаворваў маладых, каб замест да помнiка "адзiнага сапраўднага абаронцы айчыны" ездзiлi на цвiнтар. Калi ўжо iм мусова недзе пакласцi тыя кветкi. Бо гэта ж не каталiцкая традыцыя. Праз некалькi тыдняў яго выклiкалi ў гарадскую ўстанову i параiлi не соваць носа ў дзяржаўнае проса. Вiдаць, уладам забалела, што можна ставiць пытальнiк пад шмат якiмi фiгурацыямi iх iдэалагiчнай рыторыкi. У доўгай размове з чыноўнiкам ксёндз патлумачыў, што хрысцiянiн не можа аддаваць пашаны помнiкам. А гэты помнiк у цэнтры Ашмянаў не звязаны з нiякай смерцю, цi месцам пахавання. Праз некалькi тыдняў яго зноў выклiкалi, i той самы прадстаўнiк улады ветлiвенька пытаецца ў яго, а што айцец пробашч сказаў бы, калi б яны перанеслi людскiя шчэнты з вайсковых могiлак пад помнiк. Ксёндз адрэагаваў толькi шакiраванай мiнай i пакiнуў справу без адназначнага адказу.

Якое ж было ягонае здзiўленне, калi ў першых днях верасня неспадзявана атрымаў запрашэнне на пасвячэнне адноўленага помнiка савецкаму салдату. Улады пастаралiся звыш меры пра новы iдэалагiчны падмурак. Выкапалi нейкiя парэшткi з вайсковых магiлаў на цвiнтары, арганiзавалi ўрачысты мiтынг пад помнiкам, на якi сагналi ўсе навакольныя школы i некалькi таксама амаль ужо мёртвых прамысловых прадпрыемстваў. На ўрачыстасцi сказалi некалькi важных патрыятычных прамоваў, а запрошаны праваслаўны "бацюшка" пакрапiў усё свянцонай вадой. Ксёндз не прыйшоў на ўрачыстасць, бо, як казаў пазней, не меў пэўнасцi, чые парэшткi былi перанесены пад помнiк, i цi напэўна тыя мёртвыя хацелi б адыгрываць ролю iдэалагiчнага экспаната пад савецкiм помнiкам. А раптам гэта пахаваны партызаны-АКоўцы?

У Траецкiм прадмесцi я рашыла зайсцi ў рэстаран, але ён быў зачынены на абед. Тады пайшла далей да цэнтра ўздоўж Нямiгi да блiжэйшага бара, каб неяк знейтралiзаваць сiлу выпiтага пiва. Зайшла ў невялiкую iтальянскую кавяраньку "Grip". Заказала ў бары каву з экспрэса i тады пачула за плячыма выбух рогату.

Яна з Дзiмам у куце залы. На крэсле побач гiтара. Дзiма, жэстыкулюючы ў паветры далонямi, нешта ёй тлумачыць. Яна згледзела мяне, але не хочучы перапыняць Дзiмаў расказ, махае мне рукамi, каб я падсела. Я падышла з фiлiжанкай. Павесiла сумачку на крэсла, пацалавалася з ёю, падала руку Дзiму. Холад. Чаму ўсё гэта мяне аж так мiтрэнжыць? Ува мне зноў падымалася хваля той незразумелай мне самой злосцi.

Дзiма тлумачыць ёй, на чым грунтуюцца фiнансавыя пiрамiды, - як набiваюцца людзi ў бутэльку. Прапанаваў, каб мы пайшлi на сустрэчу з "Еnergy Club". Я ўся ў маўчаннi сачу за яго паэтычнай лекцыяй па эканомiцы.

Я згадзiлася пайсцi з iмi толькi з прычыны яе позiрку, якiм яна мяне адарыла ў гэты момант.

XXXI

Дзiма павёў нас з кавярнi па лесвiцы ўгору ў будынак нейкага полiтэхнiчнага iнстытута. Савецкую цудоту аб'екта мела падкрэслiць велiзарная зашклёная вiтрына каля ўваходу з экспазiцыяй вялiкiх павыгiнаных i пажоўклых фотаздымкаў выдатных i галоўных iнжынераў, якiя, мусiць, да нядаўняга, расчэрчвалi на сваiх пульманах будучыя мадэлi рухавiкоў для грузавых аўтамабiляў, трактараў, танкаў а можа, i касмiчных караблёў. Частка гэтых iнжынераў у памятых пiнжаках да сёння цягаюцца з партфелямi на працу. Дастаюць, нябось, загорнуты ў газету сняданак i, сёрбаючы з кубка гарбату, азiраюць шэрыя сцiжмы маладых людзей, што сноўдаюцца па будынку, шмат памяшканняў у якiм здадзена ў арэнду фiрмам, натарыятам, крамам i пад аптовыя склады.

Да залы, дзе збiраюцца сябры "Energy Club", трэба прайсцi некалькi ярусаў, два доўгiя цёмныя калiдоры i кароткi адрэзак праз закратаваную мадэльную майстэрню. Сярод вялiзных мадэляў рухавiкоў i прыстасаванняў з невядомым прызначэннем стаяць арганiзатары сустрэчы ў "Energy Club". Акiдаюць нас вачыма. Дзiма пачынае нешта блытана тлумачыць, што ён ад Сашы i прывёў дзвюх новых кандыдатак. Элегантна апранутыя маладыя людзi з разуменнем кiваюць галовамi. Добра, што прывёў кандыдатак, але сам ён апрануты неадпаведна. Умовай уваходу на сустрэчу клуба ёсць чыстая белая кашуля, гальштук i пiнжак. Дзiма са зласлiва тузае свой выцягнуты свiтар i малапераканаўча даводзiць iм, што вяртаецца з падарожжа, што забыўся, што доўга нас умаўляў. Глядзiць на мой збянтэжаны твар, i яго надзея, што мужчыны прапусцяць, памяншаецца. Падыходзiць да нас i просiць дужа не пераймацца, бо як ацэнена, мы апрануты дастаткова элегантна i можам увайсцi, а ён тым часам пачакае ў калiдоры на Сашу i, магчыма, неяк уплiшчыцца пасля адкрыцця сустрэчы. У залу за майстэрняй заходзяць яшчэ астатнiя прыпозненыя сябры клуба. Адзiн мужчына забiрае на сябе маю ўвагу сваёй штучна напятай паставай. Адразу кiдаецца ў вочы, што ён небагаты, пiнжак пазычыў у падначаленага калегi цi ў брата, а ад чуйнага вока прапускнiкоў прыкрывае вялiкай пластыкавай рэкламнай сумкай прыбруджаныя старыя адзiдасы.

У зале пануе настрой шаноўнай паважнасцi, як перад набажэнствам альбо арганным канцэртам. Сцэна без дэкарацыяў. Стол, некалькi крэслаў, на стале зялёнае сукно. Мужчына ў гранатавым гарнiтуры расстаўляе мiкрафоны i праекцыйны апарат для прагляду. Пракiдае некалькi слайдаў з нейкiмi тэкстамi, таблiцамi i схемамi.

На сцэну бадзёра ўскоквае юнак з галiвудскай, прыклеенай да твару ўсмешкай. Высiльваючыся на энтузiязм, прадстаўляе кiраўнiцтва клубу, вiтае новых сяброў i кандыдытаў.

Умова сяброўства ў клубе - унёсак у форме трохсот даляраў з абавязацельствам прыцягнення на сустрэчы новых сяброў. За год трэба прывесцi пяць кандыдытаў. Чым больш прыдбаеш новых сяброў, тым вышэйшы будзе твой статус у клубе.

Чарговы энтузiяст уключае праектар i паказвае таблiцу i схемы. Тлумачыць, як проста i можна баржджэй дапяць да багацця.

Мы пераглядваемся, усё больш i больш расчараваныя прымiтыўнасцю такога круцельства. Але калi публiка выбухнула воплескамi i крыкамi запалу, перапыняючы евангелiчныя "сведчаннi" ўжо маёмасных сяброў, не вытрымалi i ўсталi выйсцi.

Аж - у дзвярах дарогу заступае рослы юнак. Не дазваляе i махае рукою ўбок сцэны аднаму з кiраўнiкоў клуба. Той развязна падыходзiць i просiць на хвiлiнку ўбок. Выпытвае, хто мы такiя будзем, што тут рабiлi, як прайшлi i хто нас прывёў. Дзiма, якi чакаў у другiм канцы мадэльнай залы, убачыўшы нас, падбягае. Густа тлумачыць, што ён ад Сашы. Кiраўнiк незадаволена кiвае галавой i катэгарычна заяўляе, што, калi мы не ўваходзiм, як сябры, у клуб, дык абавязаныя абсалютна маўчаць пра тое, што тут бачылi i чулi ў зале. Iнакш бо можам мець клопаты. У доказ гэтага з-за парт'еры высоўваецца гладкi фэйс аднаго з ахоўнiкаў i мерае нас халодным зiркам.

Дзiма перапрашаецца за ўсю гэтую замешку i, беручы нас за руку, цягне да выхаду. Кiраўнiк яшчэ раз пытаецца, цi не журналiсты мы, i, прыклаўшы палец да вуснаў, жагнае нас апошнiм наказам.

Дзiма на вулiцы распытваецца пра ўражаннi.