Выбрать главу

з чаканаю весткай

V

Спрабую разабрацца ў подлым пачуццi, што агарнула мяне, калi я зноў убачыла яе ў пiццэрыi з тым самым iтальянцам. Спачатку, як пацыент пасля горкага дыягназу, я не хацела пагадзiцца з фактам, што гэтае пачуццё трэба назывваць раўнiвай зайздрасцю. Нейкая млосць недзе ў грудной клетцы, напятасць, як фiзiялагiчныя праявы пры месячных, раптоўны наплыў асамотненасцi i барацьба з мiтуснёю думак. Спроба ўпарадкаваць пачуццi i ўлавiць у гэтым сумбуры хоць бы якую там рацыянальную прычыну раздражнення. Яна глядзiць на мяне ўсмешлiва i здзiўлена. Як бы разумеючы мой унутраны стан. Падыходзiць. Вiтаецца, цалуе ў шчочку. Просiць, каб я ўвечары патэлефанавала, i хуценька ўцякае да свайго залётнiка. Мяне захлiствае хваля незычлiвасцi да яе i нават пагарды. Гэта як бы другое аблiчча зайздрасцi, таго пачуцця, з якiм я павiнна даць сабе рады i сама ж на яго ўправу знайсцi.

Такое са мною ўжо колькi бо разоў бывала. Памятаю свайго першанькага ў Кракаве, з якiм мы ўзаемна адкрывалi сабе рэакцыю нашых целаў на электрызуючыя дотыкi i цалункi. Не ведаю, цi было тое першым каханнем, але калi аднаго разу я ўбачыла яго з iншай дзяўчынай, адчула востры боль. Як бы нешта ў мяне адабралi цi ўкралi.

Я шмат разоў аналiзавала гэты стан, якi называюць хто зайздрасцю, хто рэўнасцю, i кожнага разу трапляла ў тую самую скрынку, у якой схавана старадаўняя таямнiца чалавецтва, то бок, суадносiны ўласнасцi. Аж тры пункты дэкалогу прысвечаны гэтаму непасрэдна, астатняя рэшта ў пэўным сэнсе таксама. Цi ж бо гэта не таямнiца? У маiх пазнейшых закаханасцях цi мала калi здаралiся сiтуацыi, што адносiны з каханым пераходзiлi ў стан прыўлашчання. Зрэшты, апошнiм часам з Маркам, хлопцам, з якiм ужо больш года я цацкаюся тут у Менску, перажыла нешта падобнае. Аднаго разу ён уброiў мне авантуру, што, бач, цягаюся начамi па дыскатэках. Гэта была яго апошняя напамiнка ў такiм стылi. I хоць у мяне была вялiкая хэнць на яго ў той вечар, я бразнула дзвярмi i сышла ад яго на добры тыдзень. Потым была сур'ёзная размова за вялiкiм пiвам. Ён зразумеў тое, што я ў сваiм жыццi ўзяла сабе за галоўны прынцып, - не будзе, хто б ты нi будзь, абмяжоўваць маю свабоду. Я не ўласнасць дзяржавы, я нiчыя не ўласнасць. I канец.

Якраз тады я i пачула ад яго ладны маналог пра рэўнасць. Як бы яму рассланiлiся хмары над галавой. Сказаў, што рэўнасць мае выгляд i рысы, якiх яму акурат i бракуе. Рэўнасць - гэта высокi шатэн са спартовай фiгурай, ездзiць на дужа добрым аўто, мае залатую Visa-карту, вядзе рассупоненае жыццё, што дае яму перавагу ў кожнай гутарцы i дыскусii.

Я прызнала за iм рацыю, калi аналiзавала сваю рэўнасць. Трапнае апiсанне. Зайздрасць, рэўнасць мае статныя ногi, доўгiя падвiтыя валасы, большыя грудзi, меншы нос, ведае больш моваў, прачытала больш кнiг i, вядома ж, разумнейшая.

Рэўнасць трэба апiсваць як iншую асобу, якая здаецца лепшай, разумнейшай, багацейшай, прыгажэйшай...

VI

З камянямi - тое была яе iдэя. Як бы са стыхiйнага парыву, што я найбольш цаню i што мяне ў ёй найбольш вабiць.

Акруглыя, пляскатыя, зручныя, каляровыя марскiя камянi з лета ляжалi на палiцы з кнiгамi. Яна прывезла iх з Нiды, дзе правяла цудоўны тыдзень на летувiскiм узбярэжжы з групай сяброў з некалькiх менскiх газет. Камянi гэтыя, кажа, збiрала з мэтай, што паслужацца ёй для масажу цела. Я недзе чула пра такую методу. Нагрэтыя ў гарачай вадзе пасля масажу кладуцца на спiну. Цяпло камянёў суймае боль, супакойвае, мацуе i дае адчуванне гарту.

Але яна ўзбагацiла гэтую iдэю пасля таго, як тады на пляжы ў Нiдзе Насця паклала тры разагрэтыя на сонцы камянi ёй на жывот. I яна адчула нязвыклую цеплыню, i якраз тады падумалася, што ў камянях заключана вялiкая эратычная моц. Асаблiва ў гэтых марскiх, тысячагоддзямi лашчаных вадой, шлiфаваных водарасцямi i марскiмi iстотамi.

Калi я першы раз прыйшла да яе на кватэру, камянi падалiся мне звычайнымi мяшчанскiмi кiчовымi цацанкамi. Як фарфоравыя фiгуркi лялек i зверанят. А тым часам яна выбрала адзiн з iх - крапчаты, ржава-чырвоны. Глыбока затулiла яго ў далонi i трымала так некалькi хвiлiн, гледзячы мне ў самыя вочы, нiбы хацела ажывiць успамiны гэтага кавалка матэрыi, апелюючы да маёй памяцi.

Я ўзгадала верш Ганны Каменскай i ўголас прачытала яго па-польску, робячы акцэнт на кожным слове. Яна ўсё разумела. Так, як бы гэтая паэзiя была таксама часткай яе памяцi, i каменя, i майго позiрку, i нашых целаў.

У канцы мы самi маем права адчуваць сябе такiмi ж цвёрдымi камянямi, якiя, абцёртыя ў людскiм тлуме, сярод здарэнняў i лёсаў гартуюць сваю сутнасць i глыбока ўсярэдзiну хаваюць цяпло i складаную структуру перажывання свайго ўласнага кавалачка вечнасцi.

Цёплы ад яе разгарачанай далонi камень яна прытулiла мне да шчакi, вуснаў, носа. Правяла iм па шыi i нiжэй. Пацалавала мяне i сказала, што гэта i ёсць размова з каменем. Пасля ўсунула яго мне ў далонь i сказала прынесцi праз некалькi тыдняў, калi, добра разагрэты маiм целам, ён будзе трымаць для яе запiс стуку майго сэрца, паху цела, гуку словаў i сiлы пагляду.

Некалькi ночаў я трымала камень у сваiм ложку. Калi кахалiся з Маркам, камень быў сведкам нашых спазмаў i енкаў. Марк таксама браў яго ў далонi i гладзiў iм мае сцёгны, плечы, ступакi.

Праз некалькi тыдняў, калi я аддавала ёй камень, мы ўжо выдатна разумелi адна адну. Яна ўзяла ў мяне гэты ржава-чырвоны i паклала на далонь iншы, халодны, з шэра-срабрыстай павалокай. Сказала толькi, што хоча дакрананнем, поўнай далоняй абняць цвёрдае змесцiва i выдабыць з яго тое, што я ўклала поўнай сiлай маiх найлепшых пачуццяў. Халодны камень назваць прыладай кахання...

VII

Я люблю яе кватэру ў цэнтры Менска. I гэта пачуццё супярэчыць маiм мяшчанскiм кракаўскiм прызвычайкам. Праўда, лесвiца няшмат рознiцца ад той, якую я з такiм задавальненнем пакiнула ў Страдоме некалькi гадоў таму назад. Задуха, кухонныя пахi, смурод мачы бамжоў i валацужных п'янчугаў з наваколля. I тыя кракаўскiя кашэчыя сцулi, да смуроду якiх так лёгка прывыкаеш, калi любiш жывёлаў. Але ў Кракаве кожная кватэра мела хоць крышку мяшчанскага цяпла. Такога неабходнага эўрапейцу, звыкламу пагарджаць перад сябрамi слабiнамi стэпавага воўка.

Масiўныя дзверы кватэры паспяхова адсланяюць яе ад знешняга свету. Пасля некалькiх начных выпадкаў, калi ў дзверы ламалiся п'яныя iншаземцы, памылiўшыся дзвярмi з суседняй вышэй паверхам iнтымнай установай, яна пастанавiла сабе забяспечыцца салiднымi i моцнымi замкамi, жалезнай засаўкай i мяккай абiўкай, якая глушыла ўсе вонкавыя шумы.

I тым не меней ноччу з лесвiчнай пляцоўкi далятае рэзкi стукат высокiх абцасаў альбо п'яныя крыкi неспатоленых клiентаў.

У калiдоры яе кватэры старая мэбля пакрытая цёмнай палiтурай, такой моднай у канцы шасцiдзесятых, прыгнятае сваёй безгустоўнасцю. Але ўжо пакой, у якiм яна праводзiць большую частку жыцця, дае мне адчуванне пэўнасцi. Хоць, халодны i поўны пагардлiвай, задзiрыстай няўкладнасцi, ён мае некалькi прадметаў хатняга ўжытку i кнiг, моцна абжытых у такой самай эстэтыцы, якую калiсьцi ў Польшчы апiсаў нейкi малады сацыёлаг, высмейваючы хiпi ў доўгiх пацёртых свiтарах, з акулярамi на носе i прышпiленым на грудзях рэастатам. Што нас яшчэ лучыць, дык гэта яе вялiкi альпiнiсцкi заплечнiк у куце за шафай i заквэцаныя боты. У Беларусi цяжка з гарамi, а ейную любоў да вылазак у Судэты i Татры пацвярджаюць шматлiкiя здымкi, хаатычна развешаныя над сталом i кнiжнай палiцай.

Калекцыя кампактдыскаў дае ўяўленне як пра добрую музычную адукацыю, так i пра малады ўзрост. Ад Баха, Скарлаццi праз Равэля, Стравiнскага, Шапэна аж да найноўшых дыскатэкавых хiтоў. Iншая рэч, што даступнасцю гэтай моднай прадукцыi можна заўдзячваць пiрацкаму бiзнесу i нiзкiм цэнам. Заўсёды, як я прыязджаю ў Кракаў, усе мае знаёмыя карыстаюцца маiмi запасамi навiнак CD без якiх-колечы азнакаў пачуцця вiны.

Калi я гляджу ў высокiя старыя вокны, поўныя духу сталiнскага класiцызму, як i ў большасцi гэтых камянiц у цэнтры Менска, мяне забiрае ўражанне, нiбыта я пабывала ў Новай Гуце. З аднаго боку адчуванне чужароднасцi, нават варожасцi, з другога - усведамленне, што навокал напэўна ж бо жыве шмат цiкавых людзей i яны трактуюць гэтую архiтэктуру не як божае дапушчэнне, а як месца адыходу ад навыкаў нянавiсцi i непрыхiльнасцi да непрыязнай прасторы.

Нехта сказаў мне, што ўвесь цэнтр Менска будавалi ваеннапалонныя вермахту пасля прайгранай вайны. Напэўна ж яны адшкадавалi сабе страчаныя месяцы лагернай бяздзейнасцi i галодных пайкоў працай у сваiх прафесiях. З прускай рамеснiцкай стараннасцю яны выконвалi заданнi савецкiх недавучаных дойлiдаў.