Выбрать главу

З яе вокнаў я цяпер азiраю гэты "навагутны" Менск. Найбольш люблю глядзець на тусоўкi каля Макдональда. Тут найбольш праяўляецца значэнне гэтага слова. Тусоўка - гэта спроба наладзiць грамадскiя сувязi з апораю на бачанне i павярхоўны дыялог. Нешта як калода картаў, тасаваная спрытнай рукою абавязковай моды. Дзяўчаты какетнiчаюць, хлопцы ж тут дужа крутыя.

Тусоўка пад Макдональдам, бадай што, найважнейшае месца ў цэнтры, дзе можна ўмовiцца пра спатканне, выпiць альбо зайсцi ў падземны пераход i там пад гукi разладжанай гiтары i хрыпатых песенек Чыжа купiць газету, каб даведацца, як там бацька - цi не прыдумаў якога дэкрэту супроць тусовак.

Неяк бацька ўжо быў папракнуў, што на адкрыццё "закусачнага бара", гэтага сiмвалу амерыканскага iмперыялiзму, прыйшло зашмат моладзi, занаджанай таннымi гамбургерамi. Але я зразумела гэта неадольнае жаданне мець кавалачак Амерыкi дома, калi пачула расказ, як на пачатку дзевяностых менскiя дзяўчаты ездзiлi начным цягнiком у Маскву, каб прывезцi адтуль пластмасавы цi папяровы кубачак, упакоўку з-пад бiгмаку цi яшчэ якое падобнае смецце.

Прыгадалiся i ўспамiны аднаго асiстэнта ў нашым iнстытуце, як за пару джынсаў ён колiсь прывозiў з Масквы залатыя абручыкi i масiўныя пярсцёнкi з жахлiва дарагiмi камянямi. Амерыканскi мiф у цане золата.

З нядаўняга часу пад менскiм Макдональдам выгульваецца патруль АМАПу. Кантралююць паводзiны моладзi, зганяюць з гранiтнай балюстрады, забараняюць пляваць на тратуар, правяраюць дакуманты. Бацька чувае як Старэйшы Брат.

З другога боку яе кватэры адкрываецца панарама не надта маляўнiчага царства КДБ, пракуратуры, МУС i чагосьцi там яшчэ. Вокны гэтых ўстановаў палохаюць тупымi i бяздушнымi правалiнамi як i распасвеныя квадратныя храпы iх гаспадароў, перакананых у сваёй усемагутнасцi i моцы.

Пад вокнамi блiжэй да яе кватэры ў невялiкiм будынку маса ахоўнiкаў цi пажарнiкаў, якiя выдаюць пасведчаннi пра адпаведнасць забеспячэння бяспекi абавязковым цыркулярам.

Невялiкае святло на вежы самага высокага будынка-дамiнанты КДБ нагадвае стары савецкi анекдот пра тое, як адзiн тутэйшынец хацеў упэўнiцца, цi сапраўды гэтая фiрма чувае, i са смехам назвоньваў туды сярод ночы, пытаючы ў дзяжурнага, чаму яго, грамадзянiна, яшчэ не павязалi. Пасля трэцяга званка ён адчуў на сваiм плячы лёгкае паляпванне далоняй i, збялеўшы ад перапуду, убачыў некалькi суворых мужчын у скураных плашчах.

Цяпер скураныя плашчы замянiлi скуранымi курткамi, "скуранкамi", як тут кажуць, часцей за ўсё са стамбульскiх рынкаў. Адтуль павёўся турэцкi ўклад у развiццё сiл бяспекi Беларусi. Калi а шостай людзi выходзяць з працы альбо ўдзень на абедзены перапынак, увесь цэнтр i наваколле яго стракацiць панурымi аблiччамi ўсякiх тыпаў у скуранках.

Мы стаiм каля акна. Я спрабую вытлумачыць ёй свой стан. Страх i ўсё большая i большая хваля рашучасцi, гатоўнасцi змагацца з гэтым брутальным i лiхiм светам. Здалёку мы бачым, як тамтэйшы муэдзiн на сваёй вежы круцiцца каля пiсьмовага стала, скупа асветленага агеньчыкам лампадкi. Святло падае амаль на нашыя твары, хоць адлегласць даволi вялiкая. Яна абняла мяне. Я адчуваю прыемны пах яе скуры. Валасы асыпаюць мой твар.

Нечакана яна кажа, што, пачакай хвiлiнку, яна пераапранецца ў нейкi адмысловы прыкiд. Знiкае ў калiдоры, i я чую, як яна дастае з шафы ўбранне. Падыходжу блiжэй - яна перад люстрам здымае блузку i спаднiцу. Якi цудоўны бюст. Я кажу ёй камплiмент, а яна крывiцца, - ай, кiнь! - гэта ёй, бач, не да густу. Надзявае бардовую блузку, спаднiцу, абувае туфлi на высокiх абцасах. Становiцца перад мною. Такая прыгожая, страшна прыгожая. У вачах чарцяняты, сiне-шэрыя. Матухны, колькi ж бо ў ёй сексуальнасцi! Падыходжу яшчэ блiжэй, пагладжваю яе валасы, рукi, сцёгны, i неспадзявана мы ныраем у вiрлiвую прастору, дзе адкрываецца нешта такое, што ў нас наймацнейшае i не дае зважаць нi на якiя рэляцыi i справаздачы, быццам мы былi часткай гэтага грамадства, гэтага горада, часу, зацятасцi i граных у ёй роляў. З той самай сiлай адначасова з нас абедзьвюх вызваляецца нейкая энергiя, якая пазбаўляе нас усякай улады. Яна кiдае нас на канапу, на ложак. Прымушае дакранацца да цела ў найбольш iнтымных месцах. Яна праводзiць далоняй пяшчотную лiнiю па ўсiх самых далiкатных стацях, на стыку цела i псiхiкi, душы i фiзiчнасцi. Мы качаемся па падлозе, ахопленыя хваляй дзiкай жарсцi. Пацалункi, уздыхi i стогны. Валасы сплятаюцца, рассыпаныя недзе памiж шыяй, далонямi, адзеннем i бялiзнай. Мы абедзве ўзрушаныя гэтай сiтуацыяй i штохвiлiны са здзiўленнем прыпыняемся, каб паглядзець адна адной у вочы. Як бы з пытаннем, цi гэта праўда, цi такое магчыма. Але целы далей, нiбы незалежна i без нашага ўдзелу граюць сваю ўласную мелодыю, паводле толькi iм вядомага рытму. Не ведаю, колькi гэта доўжыцца. Можа, некалькi хвiлiн, можа, гадзiну. Вяртаемся i зноў кiдаемся ў тыя самыя рытмы, якiя ўзмацняюць i без таго вялiкi ўздым. Яна раптам выбухае мне ў твар стогнам асалоды i радасцi. Я адчуваю гарачую хвалю яе энергii, якая вылiваецца на мяне i даводзiць да знясiльнага аргазму. Мы цалуемся гэтак сама палка, цалуем твар, грудзi i гарачую скуру на ўсiм целе. Потым хвiлiну ляжым без руху, без духу, каб пасля перабрацца на тапчан. Я зноў гляджу на акно ў бок святла з суседняга дома. Там наш кат за кадэбэшным сталом спрабуе прывесцi нас у нармальны стан. Допыт працягваецца. А мы хаваем свае целы пад коўдрай, накрываючы ёю свой перапалох альбо пагарду i бяссiласць супроцуь гэтага мужчынскага свету.

VIII

Неспадзявана пасля нашай працяглай начной размовы яна дала мне сшытак з запiсамi. З таямнiчай усмешкай паведамiла, што гэта дазволiць мне крыху лепей зразумець яе ўнутраны лад.

Я ўзялася чытаць з пэўным подзiвам. Крыху ў гэтым успамiнаў, вершаў, малiтваў, паэтычнай прозы, выпiсак з iншых кнiг - яе любiмага чытва. Ёсць таксама фрагменты нейкiх яе артыкулаў, цi эскiзаў i чарнавiкоў. Яна згадзiлася, каб частку тых тэкстаў я пераклала.

Калi я пачынаю разважаць пра свабоду, я думаю пра абмежаваннi, якiя не дазваляюць мне адчуваць сябе свабоднай. I тады я задаю сабе пытанне - калi ж я свабодная. Чаму апынулася тут i цяпер, у гэтым часе i прасторы. Развалiўся Савецкi Саюз. Для маiх бацькоў гэта быў сур'ёзны дыскамфорт. Мацi камунiстка, бацька разважлiвы патрыёт, якi па начах слухаў "Радыё Свабода". Абое рашылi прыняць гэту новую рэчаiснасць i ўступiлi ў нейкi кааператыў, якi даваў хуткiя i неблагiя грошы. Адчулi свабоду i дастатак. Але адначасова i няўпэўненасць цi ўдасца так далей утрымацца. Бо ў перспектыве ўсё ж пенсiя i невядомы лёс. Мацi пачала даваць збоi ўжо ў 1994 годзе перад выбарамi прэзiдэнта. Нават угоньвалася з улёткамi, каб людзi ў нашым доме галасавалi за Лукашэнку. То былi класiчныя ўцёкi ад свабоды. Бацька пасля паражкi БНФ адышоў ад палiтыкi. Яго свабода таксама зазнала плягi.

А для мяне, нягледзячы нi на што, быў гэта свет знешнi, з нiчым я сябе не атаясамлiвала. Нiякай палiтыкi, нiякiх поглядаў. Айчынная вайна яшчэ пэўная святыня, бо ў дзяцiнстве ў мяне быў любiмы дзядуля, якi ўвёў у мяне тую вялiкую легенду пра вайну з фашыстамi, вайну за вялiкую святую справу. У сярэдняй школе ўсё гэта адбiлася ўва мне патрыятычным парывам. Мне было шаснаццаць, калi я звярнулася ў ваенную камендатуру, каб мяне ўзялi ў Афганiстан на вайну санiтаркай. Калi сёння я чагосьцi саромеюся, дык не так высакароднага парыву, як таго невуцтва, якога нiхто з самых блiзкiх не мог альбо не хацеў паправiць. Бо пазней i зусiм ненаўмысны мiф пра высакародную вайну аказаўся мiстыфiкацыяй, а дзядуля сапраўды быў партызанам, але як скiнуты з парашутам камiсар НКВД. I зусiм не ваяваў з фашыстамi. Пасля вайны невядома чаму некалькi гадоў служыў у адным з лагераў на Калыме. У кожным разе не як ахвяра. Усё гэта не было схавана ад мяне, бо ў размовах з бабуляй я завялася занадта моцна цiкавiцца падрабязнасцямi.

Але ўсе мы, мусiць, былi такiм суровым, высакародным матэрыялам, з якога спакваля i сiстэматычна пяклi нейкi хлеб, прасавалi iдэалагiчныя пляцкi з малых несвядомых кавалкаў, казурак, пазбаўленых абарончых механiзмаў.