Выбрать главу

Адна мая знаёмая з мястэчка Беразiно сваiм часам была добрай, пачцiвай i гарачай камунiсткай. Верыла ва ўсе гэтыя глупствы. Мела добрую адукацыю, заслужаную пасаду ў раёне. Уладкаваны свет. Калi ў 1990 годзе ляснуўся яе даражэнькi Савецкi Саюз, лопнула ўся структура, яна месца сабе не знаходзiла. Паўгода хадзiла сама не свая. Страцiла працу ў райкаме, з ёю перасталi лiчыцца. Аднаго вечара яна кiнулася ў плынi ракi з самага высокага ў горадзе маста. Выцягнулi яе ў апошнi момант. Ляжала ў бальнiцы, лячылася больш года, i тады ў ёй нешта прарвалася. Узялася за паро, панадзiлася пiсаць вершы. Праз суседку запазналася з каталiцкiм ксяндзом. Заўчашчала ў касцёл. Ажыла. Зноў знайшла сваё месца.

Калi я гляджу на такi лёс i думаю пра свабоду, адчуваю нейкi фальш i няпраўду ў кожнай навязанай структуры. А я ж тым самым часам ведаю, што свабода - гэта часцяком нейкi выбар акрэсленай праўды, структуры, схемы, што дае сiлу быць унутрана моцнай i добрай для iншых.

Я ўсё яшчэ захавала ў сабе ўпэўненасць, што ўжо цяпер нiхто мяне больш не ашукае, як мiльёны гэтых бедных савецкiх грамадзян, кормленых iдэалогiяй, надзеяй, хлуснёй i страхам. Няма мне месца нi ў якой структуры. Адусюль, дзе толькi прыкмячаю хоць бы якi след складзенай кiмсьцi рэчаiснасцi, я выкоўзваюся, уцякаю i шалею як у прыступе клаўстрафобii. Замкнутая, усю сваю энергiю трачу на планаванне ўцёкаў i ўжо калi вырываюся, першы глыток свежага паветра мне больш вартасны i жывасны, чым увесь той спакой i ўнармаваная iснасць, да якой мяне дапасавалi.

IX

Яна расказала мне пра сваю апошнюю мару. Было, як у цёплым сне, ты яшчэ ўся ў iмгненнi абуджэння, яшчэ кволiшся ў мроiве, а ўжо святло, якое падае ў пакой, уступiла з табою ў блiзкi кантакт.

Ёй снiўся прыгожы сон з падстрыжаным газонам i дагледжаным кветнiкам. На вулiцы перад пад'ездам вялiкi аўтамабiль, амерыканскi van з блiскучымi буферамi i ёмiстым нутром. На ветравой шыбе прылiплыя бярозавыя лiсткi. За ноч стаяння на металiчны лак асела раса. Усё гэта разам як вобраз упэўненасцi, стабiльнасцi, заможнасцi, перажываных у сямейным коле. Я аж сама дзiву далася, што так кiнулася ў мары. Туга па сямейным цяпле, апецы чалавекам, якi штодзень надзявае чыстую кашулю i прыносiць у дом гiбель колькi даляраў.

Сапраўды я здзiвiлася, бо лiчыла яе цвёрдай дзяўчынай, якая, навучаная савецкiм вопытам, ведае, што няварта так лёгка аддавацца iлюзiям i марам, бо сутыкненне з брутальнай рэчаiснасцю бывае непрапарцыянальна балючае. Стараюся падтрымлiваць яе, каб апорысцей стаяла на зямлi.

А яна тады расклеiлася i завялася ў румзы.

Кажа, што гэтак сама адчула сябе калiсьцi, вярнуўшыся з Чэхii. Упадала ў iстэрыю праз таго чэскага бiзнесоўца, з якiм запазналася ў Менску на кiрмашы. Стары казёл звёў яе абяцанкамi, запрасiў у Судэты на лыжы, спыняўся ў дарагiх гатэлях, даваў вячэры ва ўтульных кнайпах. Меўся забяспечыць ёй сталы побыт, дазвол на працу, кватэру ў Празе. А пасля раптам знiк, пакiнуўшы яе каля польскай гранiцы. На шчасце аплацiў рахункi, i яна мела пры сабе колькi там даляраў, каб вярнуцца праз Уроцлаў начным цягнiком у Берасце.

Кажа, што Багумiл спалохаўся яе тэмпераменту ў ложку. Яму ўжо было пад пяцьдзесят за плячыма, а яна мела дужа разгарачаны смак на жыццё, фiзiялогiю, якая вымагала сiстэматычнага пешчання i трэнiнгу. Я толькi не магла паверыць, што яна так проста i хутка далася загнаць сябе ў пастку ўласных мараў.

Я разважала з ёю скрупулёзна крок за крокам, як яна ўяўляла сабе жыццё ў Чэхii - сцiплай журналiсткi з Беларусi, выстаўленай на пажыранне з прычыны гарманiчнай славянскай прыгажосцi, што адразу кiдалася ў вочы, - як безабаронны хутаранiн у лесе, поўным ваўкоў, рысяў i драпежных адзiнцоў. Дзяўчаты з Менска выязджаюць у Прагу наогул на вулiцу, i толькi некаторым перападае добрая халява ў начным кабарэ, дзе яны растрэсенымi сцёгнамi даводзяць да эрэкцыi поўныя партфелi тлустых i слiнявых пенсiянераў з Германii, Аўстрыi i адкуль бы там яшчэ тое нi было.

Яна марыла вырвацца адтуль, з бруднай i бяздоннай ямы, дзе адзiныя сапраўдныя хахалi - гэта злачынцы ў люксусовых аўтамабiлях з прэзiдэнцкай цi iншай мафii. Яна доўга спасылалася на нейкiх знаёмых з радыё "Свабода", у беларускай рэдакцыi. Калi б Багумiл дапамог ёй зачапiцца на першых паўгода, яна напэўна знайшла б працу ў якой-небудзь культурнiцкай праграме радыё i пiсала б карэспандэнцыi пра артыстычную актыўнасць землякоў за гранiцай.

З першага падарожжа ў Прагу яна i прывезла масу цiкавых фотаздымкаў. З усiх веяла яе нерацыянальнай тугой па мяшчанскiм уладжаным жыццi. Да знуджэння талдонiла мне, што даўно думала застацца там, бо ў Чэхii, бадай што, найпрасцей знайсцi самую сябе - мова блiзкая, краiна славянская, культура заходняя. Прачытала недзе ў менскай газеце, што там адносна лёгка дастаць карту на сталае жыхарства. Вацлаў, з якiм тады пазнаёмiлася ў начным бары, падрадзiўся паспрыяць. Але калi ён пад'юрыўся да яе ў саўне мала што не праз гадзiну пасля знаёмства, яна скемiла, што павiнна змянiць альбо прафесiю, альбо тактыку.

Калi яна мне ўсё гэта расказала, я адчула крыху нясмаку i нават гiдлiвасцi да яе. Так лёгка знiзiла лёт амбiцый з прычыны фатальнай паласы ў жыццi. Вядома, няўдачы змушаюць да карэкцыi планаў, але з яе здольнасцямi гэта не праблема. Яна дасканалая журналiстка, паэтка, цудоўна разбiраецца ў музыцы, сама грае на фартэпiяна, па-майстэрску фатаграфуе, мае спартыўнае захапленне i добрыя ўмовы, каб шмат гадоў трымаць сваё цела ў выдатнай кандыцыi i прыгожай форме, без лiшняй траты сiлы, без адмысловага самаахвяравання. Веданне некалькiх моваў i класнае ўмельства зблiжацца з людзьмi, а таксама журналiсцкi нюх на ўсялякiя актуальнасцi.

Пазнаёмiўшыся з ёю, я сама не магла адысцi ад здзiўлення, - чаму я так раптам проста з моста захапiлася гэтай самастойнай, упарцiстай дзяўчынай, якая з французскай iнтэлектуальнай лёгкасцю, нямецкай паслядоўнасцю ў працы i iтальянскiм тэмпераментам заваявала Менск.

А цяпер як звычайная няўдалiца падбiвае мяне выехаць з ёю куды-небудзь з гэтай юдолi роспачы i адчаю. Яна iмпэтна загараецца новымi iдэямi i, з блiскучымi вачыма, падкурчыўшы ногi на тапчане, уголас чытае фрагменты тэкстаў з газет пра тое, што замежныя iнвестары ў Чэхii могуць i не мець спецыяльных грошай, дастаткова зацiкавiць фiрму, каб закупiць нерухомасць i дастаць права на жыхарства...

Толькi як нядаўна, апошняй зiмою, з'ездзiла туды - у чэшскiя Судэты - яе першая зачараванасць добрай арганiзацыяй кожнай дэталi жыцця перарадзiлася ў скепсiс, калi ёй далi зразумець, што яна там такая ж чужая, як цыган альбо хтось такi iншы. Яна пазычала лыжы на цэлы тыдзень, i нiхто яе спецыяльна не чапаў, калi аддавала на дзень-другi пазней. З усмешкай запрашалi прыйсцi наступным разам. Жыла ў вялiкiм гатэлi, з вокан якога былi вiдны падсвечаныя горы. Праз некалькi дзён нейкi трыбухаты чэх, якi ўвесь час ейнага пражывання ўважлiва пасвiў яе вокам, намякнуў, што ён там гаспадар i чакае аддзякi за такiя прыемныя хвiлiны. Можа, не было б у тым нiчога брыдкага, але калi ён прапанаваў падмацаваць ужо дадзеныя авансы канкрэтнай платай, яна адчула гiдлiвасць. Бадай, хутчэй да самой сябе, чым да таго разапселага парвеню. Ён жа аказаўся звычайнай свiннёй, бо за адхiленыя авансы паквiтаўся i данёс iмiграцыйным уладам, што яна прастытутка. I яна з адмiнiстрацыйнай вiзай мусiла пакiнуць Чэхiю на працягу дваццацi чатырох гадзiн. Магу сабе ўявiць, колькi сораму i ганьбы ператрывала. Ну, i год перапынку, балючага расстання з квяцiстай рэчаiснасцю, да якой паспела ўжо душой прыкiпець.

X

З таго часу седнем засела ў Менску i заўзята пiша справаздачы з выставаў, якiя наведала ў Празе. Нiхто не хоча публiкаваць, дык расчараванасць паглыбляецца.

А Марк прыходзiць да яе на кватэру i, убачыўшы нас абедзвюх, прытухлых i нябогiх, прапануе выехаць у Рыгу. Пазней я гутарыла з Маркам, якi заўсёды ахвочы да новых выклiкаў лёсу i перамен. Не вельмi яму гэта абыходзiць, не дужа далягае. Кантракт з немцамi ўжо канчаецца, а прапановы працы ў гандлёвай канторы пасольства даволi цьмяныя. Але i Марк, якi заўсёды цвёрда ходзiць па зямлi, высмеяў такую перспектыву. Хоць ён i не паляк, але раiў ёй, што лепш было б зачапiцца ў Польшчы.

Марк са сваiм латышскiм грамадзянствам i банкаўскай прафесiяй можа не турбавацца. Адзiная праблема, якою ён дастаў мяне, гэта - што мы павiнны былi б пабрацца i такiм чынам урэгуляваць нашыя адносiны. А ў мяне на тое жаднай ахвоты. Дык вось калi ён прыходзiць да яе i бачыць нас абедзвюх, як мы сядзiм блiзка адна каля аднае на кухнi над чайнiкам гарбаты, ён упадае ў ятру i спаганяе на ёй усё сваё раздражненне.