Паглядзеў на мяне, правяраючы, цi сплю я. Я ўсмiхнулася. Ён устаў, падышоў да ложка, падсеў, беручы маю далонь. Мне падабалася яго далiкатнасць. Калi мы зноў пацалавалiся, я ўжо была гатовая на большае, чым да таго. Расшпiлiла яму кашулю i, лежачы на засланым ложку, гладзiла яго валасатыя грудзi. Ён падвёў далонь мне пад блузку, расшпiлiў станiк i дабраўся да напятых саскоў. Далей ужо пайшло хутчэй. Раптам, самi здзiўленыя развiццём падзеяў, мы ўбачылi свае голыя целы. Я працягнула руку да сумкi па прэзерватывы. Дастала ўпакоўку i, калi пачала адкрываць яе, гледзячы на ягоны ўзбуджаны чэлес, раптам абое выбухнулi смехам. У маёй далонi замест прэзерватыва была вялiкая круглая таблетка аспiрыну.
Смех ужо не пакiдаў нас да канца. Пацешнае здарэнне змянiла сур'ёзнасць сiтуацыi, надаўшы ёй дадатковага шарму. Гэта не быў секс. Гэта не былi зносiны мужчыны i жанчыны. Гэта была сустрэча даўнiх прыяцеляў, якiя сваiмi целамi апавядаюць пра ўсе матэрыяльныя i духоўныя лёсы, якiя раздзяляюць прастору i час.
Вярнулася ў Менск другога дня з пачуццём споўненасцi. Чаканая прыгода з'явiлася сама насуперак маiм планам i калькуляцыям, а яе памеры далi мне яшчэ больш сiлы i павагi да таго роду свабоды, якой немагчыма запланаваць i прадугледзець.
XII
Не ведаю, калi, але я сапраўды закахалася ў яе. I анi блiзка не ад сексуальнай пацягi. Секс быў калi не дадаткам, дык усё-такi недзе на ўзбоччы. Iмпанавала мне яе незалежнасць, упэўненасць у сабе. Выбiрала я ў ёй асобу цвёрдую, хоць i бачыла яе няўпэўненасць, комплексы i слабасцi. Апроч таго яна духоўным гартам i як бы з разбегу - галавою наперад - не трацiла ў гэтым брутальным свеце нiякiх рысаў далiкатнай i ўражлiвай iстоты. Яе прыгажосць была пацверджаннем гэтай змяшанасцi рэчаў i з'яў. Дробны смуглы твар, далiкатная скура, лагодныя рысы вуснаў, носа i абрысы вачэй. У вачах цеплыня, аптымiзм, радасць i зычлiвасць да свету навокал.
Прыглядваючыся да яе вачэй, я быццам падала ў студню, у глыбiню яе неакiлзанай натурыстасцi. Як ахiнутая чыстай крынiцай, поўнай жыўнаснай сiлы i неабмежаванай свабоды. Брала мяне такое пачуццё, якое даецца кожнаму закаханаму, калi ён уздольнiцца гадзiнамi ўзiрацца ў твар i ў вочы каханага.
XIII
каханне
вывяраю яго
як падкiданне крышталёвага шарыка
каб не схапiць лiшне моцна
i не раздушыць
ад мяне да цябе
ашаламляльна поўны пералёт
ад мяне да цябе
а ў тым пералёце спасцiгаеш раптам
буфер паветра
подых космасу
як жа цудоўна мякка
вяртаецца шар
убiваючыся
у клуб майго цела
гэта як распусканне
у прасторы i паветры
у космасе тваёй душы
без страху
вяртанне шара як нараджэнне
можна сябе загубiць
у поўным нутры
вiльготнай бяспекi
чарговы подзьмух ужо без кахання
i пакуты
толькi ў зачараванасць i радасць
вяртаемся так да сябе падкiдаючы крышталёвы шарык
з мяне з табою ад цябе да мяне
бясконцае перапаўненне каханнем
нацягненыя памiж двума полюсамi космасу
адчуваем поўнiцу ў хвiлi пералёту
крышталёвага шара
полюсы таго самага космасу
што ўдасканальваюць самi сябе.
XIV
Яе вобраз я нярэдка параўноўваю з беларускiм краявiдам. Такi спакойны, монахраматычны пейзаж з карцiн Бялынiцкага-Бiрулi. Калi-нiкалi смех разбiрае, - як гэта беларусы, выйшаўшы з багнаў i займаючыся асушэннем тэрыторыi пад будучыя гаспадаркi, не падбалi пра структуру свайго грамадства. I яшчэ не-не ды выдурнiваюцца ў досцiпах, расказваючы, як Пан Бог, стварыўшы прыгожы беларускi ландшафт i рахманых, памяркоўных людзей, прыйшоў да высновы, што ўсё гэта цi не занадта шыкоўна. I даў iм прэзiдэнта, якi псуе, што толькi ў рукi возьме. Апошнiм часам баюць таксама, як iхнi Лукашэнка спадобiўся гонару разам з Клiнтанам i Ельцыным паўстаць перад аблiччам Бога i даведацца, што праз месяц грымне канец свету. Ельцын i Клiнтан вярнулiся ў свае сталiцы i абвясцiлi народам, што блiзiцца канец свету. А Лукашэнка найперш пахвалiўся, што быў прыняты самiм Панам Богам, пасля сказаў: "Буду правiць вамi да канца свету".
Але па сутнасцi гэтая краiна - пануры закутак вiславухага, вiльготны i журботлiвы.
Яна заўсёды дадае, што, без гор, няшмат чым адрознiваецца ад расчараванай Iрландыi. Дарэчы дадам, што iрландцы дапялi ўсё-такi да вясёлых пабаў з выдатным пiвам.
Тады яна зацягвае мяне ў "Ракаўскi бровар".
Там, схiлiўшыся над куфлямi, услухоўваемся ў шматмоўны гоман - то польскi, то расейскi. Ламанай ангельскай нейкi палiтык даводзiць заходнiм дыпламатам, што нешта тут можна-такi зрабiць. А яны, слухаючы, недаверлiва хiтаюць галавою.
Калi ж я хацела вярнуцца да апiсання беларускай флегматычнасцi, яна фыркнула, што не дужа я ў такiх рэчах разбiраюся. За iх спакойнай натурай камуфляж. Кожны селянiн, не мусова беларускi, гэта чалавек, якi хавае свае эмоцыi, нават калi шчыруе, дык знехаця. А мiж тым за гэтым бушуюць бурныя буры i жарсцi.
Заўважыўшы цень iронii ў куточку маiх вуснаў, яна сарвалася з лаўкi, грукнула аб стол пустым куфлем i запрасiла мяне зараз жа з'ездзiць да аднаго мастака.
Мы выйшлi з рэстарана, азiраючыся, каб злавiць якое аўто. Яна стала на краi тратуара i, махаючы рукою, спрабавала спынiць машыну. Мяне больш не здзiўляе, што лавiць з тратуара прыватную машыну - гэта тут як бы звычайнае скарыстанне паслугi. Нават калi гэта дзяўчына ў кароткай спаднiцы, якая познiм вечарам вяртаецца дамоў, вадзiцель не падумае пра яе як пра прастытутку. Проста спынiцца, падсадзiць, давязе да дома, возьме з яе колькi там "зайцаў" i будзе мець у салоне на некалькi хвiлiн моцны пах дзявочай касметыкi. Вядома, не выключаны i iншыя варыянты, але ж такое можа стацца ўсюды.
Тым разам на вулiцы не было задужа людна. Стаiм i нiчога. Тры цёмныя мерсэдэсы з пярэднiмi коламi на тратуары з нявыключанымi рухавiкамi. За прыцемненымi шыбамi ледзь можна разгледзець маладыя мужчынскiя голеныя твары. Усiмi сваiмi паводзiнамi i выглядам яны будзяць падазрэнне. Зрэшты, можа тут такi стыль, але я стараюся не садзiцца ў такiя машыны.
Мы пайшлi ўнiз убок Нямiгi. Яшчэ цiшэй.
Яна прапанавала мне перайсцi на другi бок вулiцы i спусцiцца ў метро. Мiнулага года ў гэтай падземцы загiнула паўсотнi маладых людзей, затаптаных у панiчным цiску пасля майскага канцэрта пад адкрытым небам. На сценах парасклейваныя картачкi з iх прозвiшчамi, закапцелыя ад свечак гранiтныя халодныя плiты, на якiх задушаныя i спляжаныя твары маладых дзяўчат упiсалi свой апошнi крык альбо ўздых роспачы.
Калi мы праходзiлi мiма гэтага трагiчнага месца, яна расказала мне, што гiсторыя горада пачынаецца з вялiкай бiтвы на Нямiзе. Славянскiя войскi сцялiся ў бойцы са славянскiмi. Полацак, Кiеў... Нямiга са спакойнай рэчкi ператварылася ў крывавы паток. Гiсторыя горада пачынаецца з крывi. Цяпер тут няма ракi, засталася толькi назва. Дзесьцi пад вулiцамi бягуць каналiзацыйныя трубы з брудным струмянём, якi ўпадае ў Свiслач.
XV
Праехалi некалькi станцый метро. Я не ведала, куды яна мяне вядзе. Да нейкага мастака, пажылога чалавека - як мне сказала - з вялiкiм творчым набыткам i майстэрняй, запоўненай рознафарматнымi палотнамi.
Мы ўвайшлi ў лесвiчную клетку. Дом пабудаваны выключна для творчай iнтэлiгенцыi, у сямiдзесятых гадах. Заслужаныя майстры СССР атрымлiвалi тут студыi, спраектаваныя заслужанымi архiтэктарамi i пабудаваныя заслужанымi будаўнiкамi. Як добра было ў тым камунзiме... Адабралi ў iх ужо складзены i ясны свет прывiлеяў, раздаваных шчодрай рукою партыi.
Натыкаючыся на розныя рэчы, падыходзiм да лiфта. З яго ў чарговы цёмны калiдор, немiласэрна застаўлены закурэлымi рэчамi рознай велiчынi, пра прызначэнне якiх цяжка сказаць нешта пэўнае. Можа, гэта з рамонтнага рыштунку, можа, незакончаныя скульптуры.