Сапраўды, хоць марыяне ў Друі мелі польскую гімназію, хоць не займаліся палітыкай, але і на іх пасыпаліся розныя даносы і націск паліцыі, авантуры ксяндза-скандаліста Бародзіча, якога падтрымлівала паліцыя і духавенства. Усё гэта звалілася на друйскага суперыёра а.Цікоту і на друйскага пропашча а.Дашуту. Асабліва стала цяжка працаваць друйскім айцам, калі а.Фабіяна Абрантовіча і а.Язэпа Германовіча перавялі ў Харбін, а а.Андрэя Цікоту — у Рым. У верасні 1937 года Язэп Дашута пісаў Андрэю Цікоту: “Зьяўляецца 17-га верасьня сам начальнік Ваяводзкае Бясьпекі із Старое Вялейкі, нейкі Ясінскі і зь ім Стараста і хочуць бачыць а.Супэрыёра і мяне. Вострым тонам, сказаўшы, хто ён такі, заявіў, што хоча з намі “шчыра, але прыватна” разгаварыцца аб нашых адносінах да дзяржавы. Пачаў гаварыць аб беларускай гімназіі ў Вільні, (“скамунізаванай”), аб кс.Ад.Станкевічу, аб кс. В.Гадлеўскім і аб нас, што і мы ідзём на ўсход да камуны. На гэта польскі ўрад не пазволіць… Хто нездаволены, то яны (палякі) памогуць прабрацца ў Саветы. “Беларусаў там павыстрэльвалі, а тут вам кепска? Прыдзецца двух-трох ксяндзоў з Друі вывезьці. Вы — прыхільнікі Уніі? На ніякія вуніі не пазволім. Возьмемся і за Альбэртын!”... Запытаў я старасту: дзе болей камуністаў, ці ў нашай парахвіі, ці ў суседаў? А ў начальніка Бясьпекі: ці гаварыць нам ксяндзам па беларуску да беларусаў, якія да нас у гэтай мове зьвяртаюцца, ці гэта ёсьць ужо здрада стану?.. Што з намі будзе, Бог ведае, на Яго пакладаем усю надзею…” (“Божым шляхам”, 1966 г., № 5 (98). С.13-14).
У пачатку верасня 1938 года польская паліцыя загадала друйскім айцам-марыянам Я.Дашуту, К.Смульку, В.Хамёнку і Ю.Кашыру тэрмінова выехаць з пагранічнае паласы. 9 верасня яны ціха пакінулі Друю. Язэп Дашута выехаў у марыянскі польскі манастыр у г.Скужэц каля Седльцаў. Але і там ён заставаўся шчырым беларускім святаром, падтрымліваў сувязі з беларусамі з многіх краін свету, а таксама вёў з імі вялікую перапіску.
У гады Другой сусветнай вайны і пасля вайны наш зямляк жыў у Польшчы і займаўся душпастырскай дзейнасцю ў кляштарах Грудзёндзу і Улацлаўкі. Ён заўсёды быў шчырым чалавекам, вясёлым і добрым. Асабліва тады, калі некаму рабіў нешта карыснае і прыемнае, забываючы пра сябе. Наогул, ён ніколі не любіў расказваць пра сваё жыццё і пра сябе. Больш любіў размаўляць пра справы агульнацаркоўныя і грамадскія, але без палітыкі. Сам жыў паводле канонаў Царквы і ў гэтым духу выхоўваў маладых студэнтаў-клерыкаў, для якіх доўгі час быў духоўным айцом.
Айцец Язэп Дашута пражыў 76 гадоў. Яшчэ ў 1961 годзе ён пісаў Чэславу Сіповічу: “Сяджу тут з Казюком (Смулькам) і збліжаемся да прыстані, гдзе спаткаемся з нашымі айцамі Андрэем Цікотам і Фабіянам Абрантовічам. Старасьць і недамаганьне што раз лепей даецца адчуваць. Але я яшчэ трымаюся, а вось а.Казімір ледзь дзержыцца. З трудом перасоўваецца па пакоі і святую службу спраўляець седзячы ды па амацку (вобмацкам). Трэба яму памагаць”.
Беларускім святарам, сапраўды, было маркотна і крыўдна, што цяпер, калі ўзнікла магчымасць зноў працаваць сярод беларусаў, яны нічым ужо не маглі дапамагчы. Той самы Язэп Дашута пісаў біскупу Чэславу Сіповічу 15 ліпеня 1963 года: “Жутка нам, што ня можам працаваць сярод сваіх і вам памагаць…”. (Аляксандр Надсан. Біскуп Чэслаў Сіповіч—сьвятар і беларус.Мн., 2004. С.201).
За некалькі дзён да смерці а.Дашуты, Язэп Германовіч занатаваў трохі яго філасофскіх думак і апублікаваў у часопісе “Божым шляхам” (№ 3 (102) за 1967год). Вось некаторыя з іх: “Думаю аб Ісусе Хрысце, які стаў для нас хлебам. Перапрашаю Яго за правіны, каб быў мне міласэрным. Ах, Госпадзе Ісусе, люблю Цябе! Дзеля Цябе хачу жыць і паміраць… Цешуся, што Бог пазволіў мне жыць падчас Сабору. Яшчэ сёньня бачу экумэнічную ідэю, дзеля якой я калісьці працаваў, хоць дакладна яе не знаючы… Айцец Матулевіч яшчэ 50 гадоў таму прадбачыў, што на гэтым Саборы будзе разважацца. Ён так любіў Царкву! Гэта ён прычыніўся да таго, каб я лепш і глыбей пазнаў тайніцу Царквы. Дзеля таго і напісаў ён у Канстытуцыі Закону, што Царкву трэба любіць як матку, а ў патрэбе за яе бяз сумневаньня і жыцьцё аддаць…”.