Выбрать главу

Святар Язэп Дашута моцна любіў царкву, а ў заходнебеларускім рэлігійным і культурна-асветным жыцці міжваеннага дваццацігоддзя прымаў у ёй самы актыўны ўдзел, а таксама выступаў за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў беларускіх каталіцкіх парафіях. Ён памёр 9 верасня 1966 года і пахаваны ў Варшаве.

2005, снежань

Баляслаў Пачопка

Нашчадкі і памяць

Дзякаваць Богу жывуць яшчэ нашчадкі беларускага культурна-асветніцкага і рэлігійнага дзеяча Баляслава Пачопкі, якія шчыра берагуць пра яго памяць. Найбольш унукаў і праўнукаў Баляслава Пачопкі пражывае ў Польшчы. Вельмі шкада, што зусім нядаўна не стала яго апошняга сына Пятра Пачопкі. Дачка Пятра Пачопкі — Альжбета Мендзыброцкая жыве ў Варшаве, працуе ў бібліятэцы Варшаўскага універсітэта. Пляменнік Пятра Пачопкі — Баляслаў Якуб Пачопка пражывае ў Беластоку. Ён мае медыцынскую адукацыю, працуе лекарам і адначасова навуковым супрацоўнікам Медыцынскага універсітэта ў Беластоку. Нядаўна ад Баляслава Якуба Пачопкі атрымаў ліст, у якім ён піша, што ягоны дзядзька Пятро Пачопка ў 1999 годзе выдаў у некалькіх экземплярах кніжку пра Баляслава Пачопку на польскай мове, якая называецца “Уніяцкі святар родам з Віленшчыны”. “Таму большасць уяўленняў аб мінулым маіх продкаў узнікла ў выніку перачытвання гэтых ўспамінаў дзядзькі Пятра. Але мой асобнік прапаў у нечых руках. Таму я нядаўна пазычыў адзін паасобнік і адсканаваў яго. Што датычыць, творчай спадчыны майго дзеда Баляслава Пачопкі, то я маю толькі ксеракопію “Граматыкі беларускай мовы”. Наколькі памятаю, дзядзька Пятро атрымаў ксеракопію з нейкай бібліятэкі з Лондана. У нашай сям’і яшчэ засталіся памяткі, якія сведчаць аб разьбярскіх здольнасцях дзеда, а менавіта розны круцыфікс, які захоўваецца ў сям’і найстарэйшай дзедавай дачкі, а таксама ружанец (чоткі) з рознымі пацеркамі, які знаходзіцца ў Альжбеты Пятроўны”, — расказаў у пісьме Баляслаў Якуб Пачопка.

Сям’я беларускага святара Баляслава Пачопкі апынулася ў Польшчы пасля ягонай смерці (памёр 26 снежня 1940 года). Як толькі не стала гаспадара, у сям’і ўзнік страх, што хутка ўсіх могуць вывесці ў Сібір. Таму аднойчы ноччу Пачопкі таемна і назаўсёды пакінула вёску Бабровічы Івацэвіцкага раёна, дзе яны жылі. Жонка Баляслава Пачопкі —Марцыяна з дзецьмі спачатку выехала на Віленшчыну, а па вайне — у Польшчу. Яна пражыла 79 гадоў і памерла ў Беластоку ў 1972 годзе.

Дарэчы, у жніўні 2006 года ўнук Баляслава Пачопкі разам са сваёй дачкой Даротай і сястрой Даротай Андрышук, а таксама іншымі сваякамі, наведалі Беларусь. Яны пабывалі ў Івацэвіцкім раёне — на магіле слыннага беларускага ўніяцкага святара Баляслава Пачопкі ў Целяханах і ў тых мясцінах, дзе ён жыў і вёў душпастырскую працу. “Спадзяюся, што яшчэ шмат разоў мне ўдасца туды прыехаць. І мы дажывем, калі выезд у Беларусь не будзе звязаны са шматлікімі складанасцямі”, — піша ў пісьме Баляслаў Якуб Пачопка.

Магіла беларускага святара на целяханскіх могілках была знойдзена толькі праз 60 гадоў. Восенню 2004 года там адбылося асвячэнне помніка а.Баляславу Пачопку. Помнік з дрэва, з выяваю уваскрослага Пана, зрабіў мастак з Баранавіч Мікола Колас.

Вучоба і творчая дзейнасць

Беларускі грэка-каталіцкі святар, публіцыст, выдавец, паэт, педагог Баляслаў Пачопка нарадзіўся ў 1884 годзе ў засценку Уляны недалёка ад Вільні ў дваранскай сям’і Антона Пачопкі. Быў ахрышчаны ў Рукойненскім парафіяльным рымска-каталіцкім касцёле ў якім у сакавіку 1840 годзе хрысціўся Францішак Багушэвіч.

Восенню 1905 года Баляслаў Пачопка быў залічаны выхаванцам Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Правучыўся там два гады і ў чэрвені 1907 года пакінуў семінарыю. І толькі ў 1920-х гадах ён завочна скончыў духоўную грэка-каталіцкую семінарыю ў Львове.

У студзені ў 1913 года ў Вільні пачынае выходзіць на беларуская мове лацінкай штотыднёвая грамадска-палітычная, літаратурна-мастацкая і рэлігійна-асветная каталіцкая газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку “Беларус” (“Belarus”). Яна адразу атрымала папскае благаслаўленне, што ўзвышала маральны аўтарытэт “Беларуса” у вачах духоўных і свецкіх чытачоў. Рэдактарамі-выдаўцамі спачатку быў Антон Быкоўскі, а пасля Баляслаў Пачопка. Газета была даволі разнастайнай. Яна друкавала вершы, аповесці, апавяданні, нарысы, песні, паданні, апісвала народныя гульні, каталіцкі касцёльны каляндар, сялянскія парады, артыкулы на эканамічныя, гістарычныя і палітычныя тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы і г.д. На яе старонках свае творы друкавалі Алесь Гарун, Андрэй Зязюля, Гальяш Леўчык, Казімір Сваяк, Альберт Паўловіч і іншыя творцы. З газетай шчыра сябравалі прадстаўнікі беларускага каталіцтва Аляксандр Астрамовіч, Генрык Бэта, Язэп Рэшаць, Адам Станкевіч, Кастусь Стаповіч, Люцыян Хведзька.