Рэдагуючы газету, Баляслаў Пачопка запланаваў пры ёй і выданне бібліятэчкі “Беларуса”. Праўда, на ўсё не хапала фінансаў, але на дапамогу прыйшла княгіня Магдалена Радзівіл, якая шчыра вітала і газету, і бібліятэчку. Княгіня шчодра фінансавала беларускае газету і кнігі бібліятэчкі. Але летам 1915 года выданне “Беларуса” было спынена з-за ваенных падзеяў Першай сусветнай вайны. Але за час выпуску “Беларуса” выйшлі з друку 9 кніг бібліятэчкі. Сярод гэтых кніг былі і беларускамоўныя выданні лацінкай Баляслава Пачопкі. У 1914 годзе асобнымі кніжкамі выходзяць ягоныя “Мятавыя лісточкі” накладам 2000 асобнікаў, а ў 1915 годзе — “Чалавек на вышыні сваёй годнасці” накладам 1000 асобнікаў, потым — “Бог з намі. Беларускі малітоўнік” накладам 3000 асобнікаў, а таксама “Жыццё св. п. папежа Піуса Х” Аляксандра Ельскага ў перакладзе Баляслава Пачопкі. У 1916 годзе газета “Гоман” выдае працу беларускага святара, якая называецца “Святы Езафат Кунцэвіч”, а ў 1932 годзе свет пабачыць яшчэ адна кніга а.Пачопкі пад назовам “Як вучыць жыць і верыць св.Хрыстова Паўсюдная Царква”.
Першыя спробы ўнармаваць беларускі правапіс рабіліся, звычайна ў межах нарматыўнай граматыкі, яшчэ да Браніслава Тарашкевіча — на пачатку ХХ стагоддзя Эдвардам Будзькам, Антонам Луцкевічам, Янкам Станкевічам, Рудольфам Абіхтам, а таксама Баляславам Пачопкам. Менавіта Баляслаў Пачопка ў 1918 годзе выдае лацінкай першую “Граматыку беларускай мовы”. Вядома, яна была яшчэ недасканалай, неўнармаванай, няпоўнай. Але яна была першай, яна паклала пачатак замацавання асновы беларускай літаратурнай мовы ды стала пачаткам устанаўлення хоць яшчэ і недасканалага правапісу. Што пазней зрабіў Браніслаў Тарашкевіч, які падсумаваў практыку пісьмовае мовы тае пары, а яго граматыка адыграла вядучую ролю ў развіцці беларускай літаратурнай мовы, стантартызацыі беларускага правапісу. Магчыма, не без дапамогі першай граматыкі Баляслава Пачопкі.
На службе рэлігіі
У верасні 1915 года Вільня апынулася ў нямецкай зоне. Некаторыя беларускія дзеячы, як піша Юры Туронак у сваёй кнізе “Мадэрная гісторыя Беларусі” (Вільня, 2006. С.453-454), былі пакліканыя ў расейскую армію, а іншыя эвакуіраваліся ў Расею. Праз год Баляслаў Пачопка быў прызначаны дырэктарам у адкрытай нямецкімі ўладамі беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы. Адначасова тут ён працуе выкладчыкам беларускай і лацінскай моў. Праца ў семінарыі працягвалася нядоўга, бо ў 1921 годзе польскія ўлады беларускую навучальную ўстанову зачынілі. І тады Баляслаў Пачопка едзе на Ваўкавышчыну і працуе настаўнікам. Але там ён вырашае поўнасцю прысвяціць сябе рэлігіі. Пачопка звяртаецца ў Ватыкан з просьбай дазволіць яму прыняць усходні абрад. Такі дазвол ён хутка атрымлівае, а мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі ў 1926 годзе ў Львове асабіста пасвячае яго на святара візантыйскага абраду.
У 1926 годзе Баляслаў Пачопка з жонкаю і з пяццю дзецьмі прыязджае на Палессе ў вёску Бабровічы Косаўскага павета (цяпер Івацэвіцкі раён). Як згадвае сын Баляслава Пачопкі — Пётр Пачопка (Царква, 2001, № 3.С.14), спачатку сям’я пасялілася ў кватэры ляснічага Чашэйкі-Сахацкага, бо плябань патрабавала рамонту. У дрэнным стане была і царква. Але хутка ўніяцкі святар пачаў будаваць новую царкву пры фінансавай дапамозе ўсё той жа Магдалены Радзівіл. І ў чэрвені 1938 года імша і ўсходні малебен адпраўляліся ўжо ў новай царкве. Баляслаў Пачопка працуе пропашчам не толькі ў Бабровічах, але і вікарыем у лацінскай парафіі ў Целяханах. Акрамя сваёй святарскай місіі, беларус-уніят шмат піша. Ён актыўна выступае на ўніяцкіх канферэнцыях у Пінску па пытаннях удакладнення ўсходняга абраду, друкуецца ў беларускіх каталіцкіх выданнях. За прыхільнасць да беларускай мовы і культуры яго пастаянна праследавалі польскія ўлады.
У верасні 1939 года на Палессе прыходзіць ужо савецкая ўлада. Як згадвае сын святара — Пётр Пачопка, адразу пачаўся новы пераслед уніяцкай парафіі ў Бабровічах. “Былі гэта нечаканыя рэвізіі пад выглядам пошуку зброі, падаткавыя загады, якія сплаціць было немагчыма з прычыны іх значнай сумы, сталая прысутнасць партыйных дзеячаў, а часта і афіцэраў НКВД, пасля чаго нярэдка адбываліся допыты. У рэшце рэшт у лютым 1940 года было ўчынена ўламанне ў царкву, былі скінуты іконы з іканастасу і са сценаў, пры гэтым было пабіта шкло, былі знішчаныя падсвечнікі і нават пашкоджаны алтар і даразахоўніца, у якой, на шчасце, не было тады святых Дароў. Праз два або тры дні пазней прыйшоў “председатель сельсовета” і, звяртаючыся да тых дзеячаў, выкрыкнуў: “Он сам это сделал для подрыва власти”, — прыгадвае Пётр Пачопка (Царква, 2001, № 3.С.14).