Выбрать главу

У сярэдзіне вайны Мікола Дзямідаў пераязджае ў Ліду, дзе працуе акруговым школьным інспектарам. Ён арганізуе настаўніцкія курсы, а кіраўніком іх прызначае Алеся Яцэвіча. А сам адначасова арганізоўвае беларускі батальён самааховы, куды ўваходзілі ў асноўным настаўнікі. Батальён самааховы адмовіўся ад прысланай немцамі паліцэйскай чорнай формы, а праз некаторы час атрымаў іншую форму з беларускай сімволікай...

З восені 1944 года генерал-маёр Мікола Дзямідаў жыве на эміграцыі. Спачатку ў французскай зоне ў Германіі, дзе быў адным з ініцыятараў узнаўлення Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, а пасля ў ЗША. Пасяліўшыся ў 1950 годзе ў Чыкага, Мікола Дзямідаў шчыра сябраваў з Язэпам Варонкам і Алесем Змагаром. Ён далучыўся да Згуртавання беларусаў штата Ілінойс, дзе прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным і рэлігійным жыцці беларусаў.

Памёр Мікола Дзямідаў 23 чэрвеня 1967 года на 77-м годзе жыцця ў Чыкага, дзе і пахаваны.

2003

Уладзімір Тамашчык

Зноў і зноў перачытваю „Беластоцкі сшытак” Масея Сяднёва, які ўпершыню быў апублікаваны ў беларускім тыднёвіку „Ніва” (Беласток) , а таксама ўвайшоў у ягоную „Масееву кнігу” (Мінск, 1994) . Успаміны Сяднёва — гэта своеасаблівая маленькая энцыклапедыя творчай інтэлігенцыі Беласточчыны паваеннага часу. Праўда, хочацца адзначыць, што аўтар выклаў свае суб’ектыўныя думкі пра таго ж Хведара Ільяшэвіча, Міхася Васілька, Аляксея Грыцука, Лялю Стаўбунік... Успамінае Масей Сяднёў і пра інжынера Уладзіміра Тамашчыка. Па-рознаму ён згадвае Тамашчыка, але трэба ўлічваць, што быў гэта трывожны час, нялёгкі для творчай беларускай інтэлігенцыі. І кожны выжываў, як мог. І ўсё ж некалькі імгненняў-успамінаў пра Уладзіміра Тамашчыка з „Беластоцкага сшытка” Масея Сяднёва хочацца прыгадаць: 1. „Інжынер Тамашчык аказаўся надта красамоўным чалавекам — мова лілася ў яго няспынна, здавалася, быццам ён гаворыць не думаючы”. 2. „...чытаючы «Новую дарогу», асабліва перадавіцы ў ёй, якія пісаў, як я потым даведаўся, інжынер Тамашчык, шмат чаго было мне ў ёй, у гэтай газеце, цьмяным, а то і незразумелым”... 3. „Інжынер Тамашчык сцвярджаў, што я «не службовая асоба». Але быў да мяне часамі і спагадлівым...”. 4. „З боку Тамашчыка я вычуваў нават нейкую пагарду”.

Такія суб’ектыўныя ўспаміны пра Уладзіміра Тамашчыка пакінуў нам Масей Сяднёў. Тым не менш, асоба Уладзіміра Тамашчыка вартая сёння сур’ёзнай увагі. Найперш, ён моцна любіў Беларусь, быў шчырым і адданым патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. І з нашай гісторыі гэтае імя выкінуць немагчыма. Ды і ў Беларусі пра яго ведаюць мала, хіба што толькі гісторыкі і святары.

Уладзімір Тамашчык нарадзіўся 15 красавіка 1900 года ў вёсцы Вялікія Азяранкі на Ваўкавышчыне. Бацькі яго — Даніла Тамашчык і Марыя Жанеўская, былі заможнымі і руплівымі гаспадарамі. Яны ў 1903 годзе купілі маёнтак Дубляны недалёка ад Вялікай Бераставіцы, куды і пераехалі на сталае жыццё. Але радасці было мала, бо пачалася першая сусветная вайна, якая заставіла сям’ю Тамашчыкаў эвакуіравацца ў Расію. Праўда, Уладзімір паспеў яшчэ скончыць на Бацькаўшчыне пачатковую школу. А ўжо ў Омску, дзе сям’я была ў бежанстве, наведваў сярэднюю школу, якую скончыў у 1920 годзе.

У 1921 годзе сям’я Тамашчыкаў вярнулася ў родныя Дубляны. На жаль, ужо без бацькі, які памёр перад самым ад’ездам у Беларусь. Разам з братамі Уладзіміру прыйшлося шмат працаваць, каб адбудаваць зруйнаваную вайной гаспадарку.

Жывучы на Гродзеншчыне, наш суайчыннік пачаў цікавіцца беларускай прэсай, якая выходзіла ў Вільні. Чытаў яе простаму люду, расказваў пра тыя падзеі, якія адбываліся ў Польшчы. А ў 1927 годзе польскія адміністрацыйныя ўлады яго арыштавалі і пасадзілі на тры гады ў турму за, нібыта, падрыхтоўку збройнага паўстання супраць польскага рэжыму.

У 1930 годзе Уладзімір Тамашчык прыехаў у Прагу, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Паступіў вучыцца, а праз чатыры гады атрымаў дыплом інжынера-агранома. У Празе малады інжынер знаёміцца з прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, наведвае і сябруе з прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі Васілём Захаркам і іншымі палітыкамі і дзеячамі культуры і літаратуры.

У пачатку саракавых гадоў Уладзімір Тамашчык з Прагі вяртаецца ў родныя Дубляны. А адтуль едзе ў Беласток, дзе пачынае працаваць намеснікам рэдактара беларускай газеты „Новая дарога”. На Беласточчыне Уладзімір Тамашчык прымае актыўны ўдзел у жыцці беларусаў. А падчас нямецкай акупацыі, ведаючы добра нямецкую мову, ён ратуе многіх беларусаў ад смерці. Восенню 1943 года, калі ў Мінску застрэлілі мэра сталіцы Вацлава Іваноўскага, прымае ўдзел у яго пахаванні ад беларусаў Беласточчыны, нават выступае з патрыятычнай прамоваю...