Выбрать главу

Пасля вайны Уладзімір Тамашчык апынуўся ў Мюнхене, дзе ўзначальваў Цэнтральны беларускі камітэт у Нямеччыне. А 28 лістапада 1948 года прымаў актыўны ўдзел у Першым Сусветным з’ездзе беларускай эміграцыі, які адбыўся ў Парыжы.

3 красавіка 1949 года, пасля таго, як епіскапы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), на чале з архірэем Бенадыктам, пакідаюць Беларускую Царкву і далучаюцца да Расійскай замежнай Царквы, Уладзімір Тамашчык вырашае свой далейшы лёс і жыццё звязаць з БАПЦ. Спачатку епіскап Сяргей пастрыгае яго ў манаха, пасля рукапалагае манаха Васіля ў ерадыякана, пасля — у ераманаха, і ў верасні 1949 года — у сан ігумена. Прадстаўнікі беларускіх арганізацый звяртаюцца да Свяшчэннага Сінода і Сабора епіскапаў Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы з просьбай хіратанізаваць архімандрыта Васіля ў сан епіскапа. УАПЦ дае згоду. І 19 снежня 1949 года адбываецца хіратонія архімандрыта Васіля ў епіскапа.

У сярэдзіне мая 1951 года епіскап Васіль (Уладзімір Тамашчык) прызначаецца адміністратарам БАПЦ у ЗША, Канадзе і ў Еўропе наогул. Ён пераязджае ў Нью-Йорк і грунтоўна займаецца царкоўна-грамадскай дзейнасцю.

Уладыка Васіль шмат зрабіў для адраджэння беларускай справы на эміграцыі. Дзякуючы яму ў Канадзе і ЗША адкрываліся новыя прыходы БАПЦ, працавалі беларускія школкі, цэнтры беларускай культуры, дзе збіраліся беларусы. Ён быў старшынёю Беларускага інстытута навукі і мастацтва, меў шмат сяброў ва ўсіх кутках свету, сябраваў і быў добра знаёмы з двума прэзідэнтамі ЗША — Лінданам Джонсанам і Рычардам Ніксанам...

Пражыў Уладзімір Тамашчык 70 гадоў. Яго не стала ў чэрвені 1970 года. Свой апошні прытулак ён знайшоў на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку штата Нью-Джэрзі. Праводзіць Уладыку Васіля прыйшлі і прыехалі з усёй Амерыкі і Канады тысячы беларусаў. Над яго магілай з развітальнымі словамі выступілі В. Жук-Грышкевіч, Я. Сажыч, А. Грыцук, М. Тулейка, прадстаўнікі БАПЦ. Усе выступаючыя шчыра гаварылі, што ўладыка Васіль моцна любіў Беларусь, быў вельмі ідэйным і самаахвярным для нацыянальнай справы чалавекам, выдатным дзеячам беларускага нацыянальна-вызвольнага руху.

2003

Аляксандр Гяршун

Выдатны беларускі і рускі фізік і оптык Аляксандр Гяршун нарадзіўся ў 1868 годзе ў горадзе Саколка на Беласточчыне.

Бацька яго Леў Гяршун быў доктарам у Саколцы, вельмі адукаваным чалавекам. Таму ён вельмі хацеў, каб і сын атрымаў таксама добрую адукацыю. Ён адправіў Аляксандра на вучобу ў Віленскую гімназію, дзе юнак сур’ёзна вывучаў замежныя мовы і матэматыку.

Пасля заканчэння гімназіі, Аляксандр Гяршун працягвае вучобу ў Пецярбургскім універсітэце на фізіка-матэматычным факультэце. Падчас вучобы ў Пецярбургу Аляксандр Гяршун займаўся рэпетытарствам, пісаў навуковыя артыкулы для тэхнічнага часопіса „Электричество”. Для гэтага выдання ён нават перакладаў тэксты з замежных навуковых часопісаў, а пасля заканчэння універсітэта ў 1891 годзе, стаў сакратаром рэдакцыі гэтага часопіса.

Праз два гады Аляксандр Гяршун пакідае часопіс „Электричество” і ўшчыльную супрацоўнічае з прафесарам фізікі Ф. Петрушэўскім, які ўзначальваў фізічны аддзел Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона. Для гэтага слоўніка, а таксама для часопіса „Электричество” (не парывае з ім сувязі) наш зямляк піша навуковыя артыкулы па фізіцы, оптыцы, фатаграфіі і электратэхніцы. Дарэчы, яшчэ студэнтам Аляксандр Гяршун напісаў сур’ёзную працу „Крытычны разбор даследавання пытання аб тэмпературы найбольшай шчыльнасці вады і водных раствораў”. Менавіта гэтая праца стала пачаткам ягонай навуковай дзейнасці. Прачытаўшы яе, пецярбургскі прафесар Іван Боргман адзначыў здольнасць маладога Гершуна хутка працаваць, сістэматызаваць багаты, фактычны матэрыял і супастаўляць яго з раней напісанымі.

Пасля заканчэння універсітэта Аляксандр Гяршун працуе не толькі ў часопісе „Электричество”, але і на кафедры фізікі ў родным універсітэце. Тут ён грунтоўна зацікавіўся праблемамі вытворчасці аптычнага шкла. Менавіта гэтае зацікаўленне і стала асновай усяго ягонага жыцця.

Аптычнае шкло, як лічыў наш зямляк, павінна ўдасканальвацца. Гэта ён даказаў у 1894 годзе на адным з пасяджэнняў Рускага тэхнічнага таварыства, дзе выступіў з дакладам на тэму „Аб прыборы для даследавання якасці аптычнага шкла”. Але перад тым, як выступіць з дакладам, наш зямляк прадэманстраваў прыбор уласнай канструкцыі. Прысутным і даклад, і прыбор спадабаліся.