Выбрать главу

Жыццё і творчая дзейнасць Уладыслава Чаржынскага

Хто такі Уладыслаў Чаржынскі?

Уладыслаў Чаржынскі (1897-1974) — беларускі літаратуразнавец, крытык, лексікограф і педагог. Як падае біябібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменьнікі” (Мн., 1993. Т.2. С. 356), нарадзіўся ён на Беласточчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў у народным вучылішчы. Скончыў Мінскую гімназію і Белдзяржуніверсітэт. Працаваў настаўнікам на Лагойшчыне, а таксама выкладчыкам у Інстытуце беларускай культуры і ў Камуністычным універсітэце Беларусі. З 1922 года пачаў выступаць з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. З 1925 года супрацоўнічаў з часопісам “Полымя”.

Уладыслаў Чаржынскі пад сваім уласным прозвішчам, а таксама пад псеўданімамі Ул. Дзяржынскі і Улідзе друкаваў артыкулы, у якіх даваў грунтоўны эстэтычны аналіз як асобных мастацкіх твораў, так і літаратурнага працэсу ў цэлым. Многія яго матэрыялы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, Янкі Журбы і іншым беларускім пісьменнікам, уражваюць і сёння глыбінёй і жывасцю даследчыцкай думкі, аргументаванасцю і пластычнасцю стылю. Працы Уладыслава Чаржынскага каштоўныя сёння яшчэ тым, што ў супярэчлівы і жорсткі час канца 20-х гадоў у сваіх ацэнках ён кіраваўся эстэтычнымі крытэрыямі, а не вульгарна-сацыялагічнымі догмамі. Як пісаў літаратуразнавец Ігар Жук, “інтэнсіўнасць працы У.Чаржынскага здзіўляе і захапляе нават у кантэксце імклівага, бурнага літаратурнага развіцця маладой Беларусі. Артыкулы, якія па форме і па сутнасці нагадвалі манаграфічныя даследаваньні, рэцэнзіі (а яны ахоплівалі літаратурныя з’явы і падзеі не толькі Беларусі, як Усходняй, так і Заходняй, але факты ўсесаюзнага літаратурнага жыцця), прадмовы, укладанні, апрацоўкі — і гэта ўсяго толькі на працягу нейкіх 6-7 гадоў вольнай дзейнасці. Вось паасобныя паведамленні ў тагачасным друку: “У.Чаржынскім збіраюцца матэрыялы аб жыцці і творчасці беларускага песняра М.Багдановіча. Ім жа падгатоўліваецца к друку поўны збор твораў М.Багдановіча” (Полымя, 1922, № 1). “Пры Правапісна-Тэрміналагічнай камісіі ІБК зложана т. зв. Бюро Адказных Перакладаў, на чале якога вызначаны У.Чаржынскі. Бюро задаволіць патрэбы ўсіх дзяржаўных і грамадзянскіх інстытуцый па ўстанаўленні тых афіцыяльных тэкстаў на беларускай мове, патрэба ў якіх, як стала ўмеркаваных і правільна па-беларуску зложаных, вымагаецца самім жыццём” (Полымя, 1925, № 6). Тады ж “Полымя” друкуе курс лекцый па гістарычным матэрыялізме Л.І.Аксельрода ў перакладзе У.Чаржынскага. “Інстытут Беларускай культуры” (Менск, 1926) інфармуе: у першапачатковы склад ІБК увайшлі старшынёю — С. Некрашэвіч, сакратаром — У.Чаржынскі. Яго ж мы знаходзім у Правапісна-Тэрміналагічнай камісіі, а таксама ў складзе аргкамітэта па правядзенні Першай Беларускай Акадэмічнай канферэнцыі. Па даручэнні камісіі разам з Я.Станкевічам рыхтуюць даклад “Правапіс чужых слоў”. 19 лютага 1925 года ўтварылася літаратурная секцыя ІБК (40 сяброў), якая потым аб’ядналася з секцыяй беларускай мовы. Сакратар аб’яднанай секцыі — У.Чаржынскі. Ім жа апрацоўваліся матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры для кніг прафесара М.Янчука, Я.Барычэўскага, А.Вазнясенскага. А ў 1926 годзе сам падрыхтаваў і выдаў дапаможнік “Выпісы з беларускае літаратуры XIX — пачатку ХХ стагоддзя” (Полымя, 1997, № 12).

Тут Ігар Жук памыліўся, бо дапаможнік “Выпісы з беларускае літаратуры” ён складаў разам з Максімам Гарэцкім і Паўлам Караваем. Праўда, у Мінску ў 1928 годзе выйшла асобным выданнем праца Уладыслава Чаржынскага “Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі”. І, як піша Аўген Калубовіч у сваёй кнізе “На крыжовай дарозе” (Мн., 1994. С. 87), Чаржынскі з’яўляецца аўтарам “Слоўніка гісторыка-грамадазнаўчых тэрмінаў”.

Ссылка ў Казань

28 чэрвеня 1930 года Уладыслаў Чаржынскі быў арыштаваны ДПУ БССР па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго выслалі ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. Праз 4 гады нашага земляка вызвалілі ад высылкі, але рэабілітавалі яго толькі пасля смерці ў 1988 годзе.

З Татарстана больш Уладыслаў Чаржынскі на Бацькаўшчыну не вярнуўся. Як сказаў Ігар Жук, “жыць на мяжы бездані, “не трапляючы ў яе”, ён навучыўся ў Казані, працуючы выключна на выкладчыцкіх пасадах у розных навучальных установах сталіцы Татарыі. Прорву, што ўтварылася “пяцігадовай высылкай”, а, як аказалася, здоўжылася на ўсё жыццё, пераступіць ён не пасьмеў. Іншая і родная сталіца — Менск — аказалася для яго абазначэннем хісткай лёсавырашальнай мяжы, якую, пераступіўшы аднойчы ў адзін бок, назад ужо не адскочыш. Гэта было б вяртаннем у мінулае, а на этычным узроўні такое вяртанне для Чаржынскага не ўяўлялася магчымым” (Полымя, 1997, № 12).