Так, Уладыслаў Чаржынскі дамоў больш не вярнуўся. Але ці поўнасцю адышоў ён ад літаратурнай і крытычнай дзейнасці — цяжка сказаць. Тым не менш, беларускімі пісьменнікамі і літаратурай ён моцна цікавіўся і тады, калі 40 гадоў жыў у сталіцы Татарстана.
Нядаўна мне ўдалося адшукаць у архівах і музеях Казані цікавыя звесткі пра нашага таленавітага і забытага літаратуразнаўца. У архіве Казанскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта захоўваюцца дзьве асабістыя справы Уладыслава Чаржынскага за перыяд 1933-1946 гадоў і 1950-1971 гадоў. Найбольш каштоўнымі дакументамі з’яўляюцца асабісты лісток па ўліку кадраў і характарыстыкі Чаржынскага, розныя загады, справаздачы і выпіскі, фотаздымкі і іншыя матэрыялы. Знойдзена таксама аўтабіяграфія нашага земляка, якая напісаная ім асабіста 27 красавіка 1943 года: “Нарадзіўся я ў 1897 годзе ў былой Гродзенскай губерні Сакольскага павета, вёсцы Стара-Каменная (па іншых крыніцах Старакаменная — С.Ч.) у сялянскай сям’і. У бацькі майго было 5 дзесяцін зямлі, якую ён апрацоўваў сам асабіста пры дапамозе сваёй сям’і. Пачатковую адукацыю я атрымаў у пачатковым народным вучылішчы, пасля заканчэння якога паступіў у Гродзенскую казённую гімназію, дзе і вучыўся да 1914 года (пасля яе эвакуацыі перавёўся ў Мінскую гімназію — С.Ч.). Матэрыяльную дапамогу атрымліваў ад старэйшага брата, які знаходзіўся на заробках у Амерыцы. У 1915 годзе мая радзіма была акупіраваная нямецкімі войскамі. Я паехаў у Ленінград, дзе і працягваў сваю адукацыю. У 1917 годзе я пераехаў у Мінск і да 1920 года працаваў хатнім настаўнікам у Вілейскім павеце. У 1921 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне, якое скончыў у 1925 годзе. У час вучобы ва ўніверсітэце, працаваў у беларускім дзяржаўным выдавецтве і выкладаў на рабфаку універсітэта. З 1925 года працаваў у якасці навуковага супрацоўніка ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у Беларускай Акадэміі Навук. Адначасова выкладаў у Беларускім камуністычным універсітэце. У 1930 годзе я быў адміністратыўна высланы з Мінска ў горад Казань, тэрмінам на пяць гадоў. У Казані з 1931г. да 1935 года я працаваў метадыстам у Інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і ў педагагічным інстытуце. З 1933 года па сумяшчальніцтву працаваў выкладчыкам у Казанскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце (да 1936 года), а затым да 1940 года штатным выкладчыкам. З 1940 года штатную пасаду выкладчыка займаю ў Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, а ў КДМІ працую па сумяшчальніцтву”.
У медыцынскіх навучальных установах Казані Уладыслаў Чаржынскі выкладаў латынь, нямецкую і рускую мовы. Пра гэта гавораць розныя загады і выпіскі з загадаў кіраўнікоў навучальных устаноў Казані. А знойдзеная характарыстыка на выкладчыка кафедры замежных моваў Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута Чаржынскага Уладыслава Вікенцьевіча дае поўнае ўяўленне пра гэтага выкладчыка і чалавека наогул: “Чаржынскі У.В., які працаваў выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута з 1 верасня 1933 года і вызвалены з працы 1 снежня 1947 года, як сумяшчальнік, у сувязі з яго асноўнай працай у Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, 1 верасня 1950 года быў зноў залічаны выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, дзе і працуе па сённяшні час. Тав. Чаржынскі У.В., кваліфікаваны, вопытны і дысцыплінаваны педагог, адносіцца з любоўю і стараннасцю да сваёй работы. Прымае актыўны ўдзел у метадычнай рабоце кафедры, выступаў на пасяджэннях кафедры з дакладамі па пытаннях методыкі выкладання моў. Чаржынскі У.В. сістэматычна займаецца павышэннем свайго ідэйна-палітычнага ўзроўню, актыўна ўдзельнічае на занятках, якія арганізавалі для выкладчыкаў кафедры, хто самастойна вывучае гісторыю СССР. Пастаянна працуе над удасканаленнем сваёй вытворчай кваліфікацыі, прымае ўдзел у рабоце кафедры над складаннем дапаможнікаў па нямецкай мове для медыкаў. Сярод таварышаў па працы і студэнтаў тав.Чаржынскі У.В. карыстаецца заслужаным аўтарытэтам”.
Сярод выяўленых казанскіх дакументаў ёсць і цікавая выпіска з загада № 91 рэктара Казанскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга медыцынскага інстытута імя С.В.Курашова ад 19 мая 1967 года. У ёй гаворыцца, што ў “сувязі з 70-годдзем і 45-годдзем педагагічнай дзейнасці, з якіх 35 гадоў аддадзена падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў у стаматалагічным і медыцынскім інстытутах Казані, за бездакорную творчую працу, чулыя і прынцыповыя адносіны да студэнтаў старшаму выкладчыку У.В.Чаржынскаму аб’явіць падзяку з занясеннем у асабістую справу. Падстава: прапанова заг.кафедры К.Л.Раскіна. Рэктар інстытута — прафесар Х.Хамітаў”. Дарэчы, у той час у Казанскіх медыцынскіх навучальных установах працавала вельмі многа ураджэнцаў Беларусі, асабліва шмат было яўрэяў. Той самы Канэль Раскін быў родам з-пад Оршы, Ісак Алуф быў родам з Полацка і іншыя. Магчыма, дзякуючы іх дапамозе, Уладыслаў Чаржынскі ў 1930-х гадах і ўлаткаваўся на працу ў Казанскі медінстытут.