Выбрать главу

Памяць пра Васіля Сакалоўскага сёння ўшанавана ў Беларусі ў назве адной з вуліц Гродна. У горадзе над Нёманам устаноўлены і бюст военачальніку. Яго імя нададзена і Новачаркаскаму вышэйшаму ваенна-каманднаму вучылішчу сувязі ў Расіі.

Прачытаўшы гэтыя біяграфічныя радкі, можна падумаць, што лёс і кар’ера нашага земляка складваліся вельмі шчасліва і паспяхова. Але гэта зусім не так. Справа ў тым, што Васіль Данілавіч Сакалоўскі быў вельмі сціплым і цярплівым чалавекам. Ён нават мог шмат гадоў ужыцца з такой неардынарнаю асобаю, якім быў маршал Георгій Жукаў. Наогул, родныя дзеці мала што ведалі пра жыццё свайго бацькі, ды і той ніколі не любіў пра сябе расказваць. Калі адной з дачок маршала папрасілі на святкаванні яго 100-годдзя выступіць і расказаць пра бацьку, яна разгубілася. А вось унучкі Наталля Сінюк і Вольга Захаркіна ў апошні час агучылі цікавыя факты з біяграфіі свайго дзеда.” Георгій Жукаў, — успамінае Наталля, — мог накрычаць на майго дзеда ў прысутнасці афіцэраў і салдат, ён часта даводзіў Васіля Данілавіча да сардэчнага прыступу. Хаця дзед ніколі ў сваім жыцці не крычаў на падначаленых. Ён быў адзіным маршалам, які званіў па службовым тэлефоне, вітаўся і называў сваё прозвішча. Усе іншыя военачальнікі лічылі, што падначаленыя павінны былі пазнаваць маршалаў па голасу”.

Другая ўнучка Вольга сказала, што “яе дзед у 1937 годзе ледзьве пазбегнуў рэпрэсій. І толькі дзякуючы жонцы Ганне Пятроўне, ён застаўся на волі. А справа была так.Смерч рэпрэсій у 1937 годзе пракаціўся па Уральскай ваеннай акрузе, дзе наш дзед быў начальнікам штаба. Аднойчы да іх прыходзіць супрацоўнік НКВД і кажа: “Товарищ Соколовский, к нам в органы поступило письмо, где вы обвиняетесь в том, что являетесь белопольским шпионом. В своей автобиографии вы преднамеренно скрыли факт, что в период Первой мировой войны служили офицером царской армии. Если завтра к утру вы не представите оправдательные документы, приходите на службу сразу же с личными вещами…”. Як расказвала нам бабуля, для дзеда гэта было вялікай нечаканасцю і ўдарам. Дзед ніколі не служыў у царскай арміі, бо ў тыя гады ён вучыўся ў семінарыі. Ганна Пятроўна ўспомніла, што нейкія дакументы той пары зберагаюцца ў скураным партсігары. Пачалі шукаць. І адну паперку знайшлі, якая і выратавала яму жыццё. У даведцы было напісана, што старшы воінскі начальнік горада Невеля (там дзядуля вучыўся) вызваляе ад прызыва ў армію В.Д.Сакалоўскага да заканчэння вучобы ў настаўніцкай семінарыі. На другі дзень дзядуля паказаў афіцэру НКВД гэты дакумент. Той прачытаў і сказаў: “Хорошо. Вы свободны. Приступайте к работе”.

Такіх прыкладаў з жыцця нашага земляка можна прывесці шмат. Але прайшоўшы ўсе ліхалецці, беларус Васіль Сакалоўскі выстаяў, не скарыўся ні перад рэпрэсіямі і ні перад войнамі.

2004

Пятрусь Макаль

Позняй восенню 1980 года я, студэнт-першакурснік Белдзяржуніверсітэта, неяк асмеліўся занесці падборку вершаў у рэдакцыю часопіса „Маладосць”. Дужа мне хацелася хоць адзін раз надрукавацца ў гэтым папулярным тады часопісе. У аддзеле паэзіі і прозы, а гэта быў маленькі пакойчык, сядзелі Уладзімір Дамашэвіч і Пятрусь Макаль. Я ўпершыню ўбачыў пісьменнікаў, кнігі якіх чытаў раней. Яны сустрэлі мяне даволі шчыра і адразу запыталі адкуль я родам.

— Са Слоніма, — адказаў я.

— А-а, наш заходнік! — усміхнуліся пісьменнікі.

Пятрусь Макаль узяў мае вершы, уважліва прачытаў, выбраў некалькі лепшых і адразу сказаў у якім нумары „Маладосці” яны будуць апублікаваны.

Я развітаўся, але неяк не верылася, што вершы з’явяцца ў часопісе.

Прайшло некалькі месяцаў і, сапраўды, першая падборка маіх вершаў з’явілася ў „Маладосці”. З’явілася менавіта тады, калі сказаў Пятрусь Макаль. Ён не падмануў.

Так я ўпершыню пазнаёміўся з гэтым паэтам. Пасля сам сачыў за яго творчасцю, чытаў усё, што выходзіла з-пад яго пяра.

Пятрусь Макаль нарадзіўся 25 жніўня 1932 года ў вёсцы Крушыняны на Беласточчыне ў сялянскай сям’і. Бацькі Міхаіл і Людміла Макалі мелі кавалак зямлі. А пасля 1939 года, калі прыйшлі саветы, бацька перайшоў працаваць фінагентам у Крушынянскі сельсавет, бо прыватную зямлю ў яго забралі. Праз пяць гадоў Міхаіл Макаль з сям’ёй пераязджае ў Саратаўскую губерню. Але радавацца не было чаму. У 1946 годзе Міхаіла Макаля рэпрэсіруюць і высылаюць у Комі АССР, а жонка з сынам вяртаюцца ў Беларусь на Гродзеншчыну. Пятрусь вучыцца ў школе, пасля заканчэння якой паступае ў Гродзенскі будаўнічы тэхнікум. Але тэхнікум пераводзяць у Магілёў і Пятрусь Макаль, правучыўшыся два гады, паступае ў Гродзенскі педінстытут.