Выбрать главу
Па пакоі ходзіць робат — У яго гумовы хобат... Суне ўсюды доўгі нос. А завецца... пыласос.

Пятрусь Макаль вельмі любіў тэатр. Яго жонка Галіна працавала артысткай Тэатра юнага гледача ў Мінску. Пісаў ён п’есы і амаль ва ўсіх спектаклях, пастаўленых па яго п’есах, Галіна Макаль выконвала ролі. Сумесна з Артурам Вольскім наш зямляк напісаў драматычныя творы „За лясамі дрымучымі” і „Марынка-крапіўніца”. Былі напісаны і ўласныя п’есы „Адчыніце, казляняткі!”, „Дай вады, калодзеж!”, а таксама лібрэта араторыі „Запрашэнне ў краіну маленства” (музыка Яўгена Глебава).

Пятрусь Макаль пражыў не так і многа — усяго 64 гады. Яго не стала ў канцы жніўня 1996 года. Нашчадкам ён пакінуў цудоўную паэзію, прозу, драматургію. Але найперш вершы:

Няма на зямлі адзіноты — Пустэчы, падобнай да смерці. Мы — ноты, мы — ноты, мы ноты У чалавечым канцэрце...

Нядаўна ад жонкі паэта атрымаў я ліст. У ім Галіна Іванаўна піша: „Вось толькі сёння змагла выканаць Вашу просьбу. Мне цяжка пісаць, таму што я ў 1982 годзе перанесла інсульт. Я буду пісаць коратка, бо цяжка: я прыкавана да ложка. Наш сын Слаўка з Афганістана вярнуўся, дзякаваць Богу, жывы. Ён скончыў Белдзяржуніверсітэт, факультэт журналістыкі. Пры жыцці бацькі ў сына выйшла маленькая кніжка вершаў, не такіх моцных, як у Петруся, але хлопец ён добры і здольны. Цяпер Слаўка працуе на тэлебачанні рэжысёрам. У мяне ўжо ёсць унук Лёшка. Вучыцца ў 7 класе. Скардзіцца не буду, сын мне дапамагае, а больш ніхто: ні з Саюза беларускіх пісьменнікаў, ні адкуль. А жыццё, Вы ведаеце, зараз не вельмі лёгкае. Ну, нічога, дасць Бог цярпенне, вытрымаем...”.

2000

Прыгадаем Янука Дарашкевіча

З цікавасцю прачытаў я артыкул Міры Лукшы „Клуб тых, што апісваюць сваё”, які быў надрукаваны ў „Ніве” 31 снежня 2000 года. У ім прыгадваюцца два паэты — Сцяпан Пятэльскі (М. Арол) з Гарадка і Іван Дарашкевіч (Янук Д., Каршун, Янук Дарашкевіч) з вёскі Меляшкі. Не ведаю, ці пісала калі

„Ніва” пра Янука Дарашкевіча, але сёння я яшчэ раз хачу прыгадаць гэтае імя..

У свой час М. Арол і Янук Д. шчыра сябравалі, разам друкавалі свае вершы на старонках віленскай „Нашай нівы”, прысвячалі адзін аднаму паэтычныя радкі. М. Арол напісаў і надрукаваў свайму земляку два вершы — „Мая душа” і „Песняр”. У „Песняры” М. Арол піша:

Людзі кажуць, што я дзікі, Бо ўцякаю ў лес і горы. Мая хата — свет вялікі, У ёй жыву я на прасторы.
Там мяне ўсе птушкі знаюць, Што жывуць, як я, на волі, Дзіўны песні мне спяваюць Аб сваёй шчаслівай долі.
Уся травіца, усе квяточкі Мяне любяць, мяне знаюць, Як бы роднаму браточку, Свае пахі адкрываюць.
Знаю я, што лес шапоча — Ён мне тайны адкрывае. Казку дзіўную булькоча З-пад гары крыніца тая.
Я багаты, не зайздрую Тым панам, што ў шоўках ззяюць, Вядуць гутарку пустую, Шчасця ж шчырага не знаюць.

У сваю чаргу Каршун — Янук Дарашкевіч — прысвяціў М. Арлу ажно тры вершы — „Песня”, „С. Пятэльскаму” і „К. Пятэльскаму”. Рукапісы гэтых вершаў захоўваюцца ў Вільні ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі Навук Літвы (ЦБАНЛ, ф. 21, спр. 83).

І калі спадчына М. Арла, дзякуючы Янку Саламевічу, пабачыла свет асобнаю кнігаю ў 1991 годзе, то спадчына Янука Дарашкевіча чакае свайго даследчыка. Тым больш, што ягоны рукапісны зборнік „Абразкі”, падрыхтаваны аўтарам у 1914 годзе, таксама захоўваецца ў Вільні.

Янук Дарашкевіч, сын Кастуся Дарашкевіча, нарадзіўся ў 1890 годзе ў вёсцы Меляшкі на Беласточчыне. Спачатку вучыўся ў роднай вёсцы, пасля ў Гарадку, дзе і пазнаёміўся з М. Арлом, які быў яго равеснікам. Пасля школы ў Гарадку, Янук Дарашкевіч паступіў у Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, якую закончыў у 1909 годзе. З гэтага часу пачынаецца яго педагагічная дзейнасць. Працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне, а пасля ў Даўкшы каля Панявежыса.

Калі пачалася першая сусветная вайна, Янук Дарашкевіч быў прызваны ў царскую армію і накіраваны ў школу прапаршчыкаў у г. Ламаносаў, што каля Санкт-Пецярбурга. Так паэт з Меляшкоў стаў ваенным чалавекам. Ён не здымаў шыняля аж да апошніх сваіх дзён. 24 лютага 1943 года Іван Дарашкевіч загінуў на фронце ў Арлоўскай вобласці, што ў Расіі.