Выбрать главу

Першыя вершы Янука Дарашкевіча з’явіліся ў „Нашай ніве” ў 1909 годзе. Ён падпісваў іх псеўданімам Каршун, а пасля — Янук Д. Пра што былі гэтыя вершы? Найперш — пра жыццё вясковых людзей, а таксама пра каханне:

Вецер свішча, вецер вые, Гнуцца вербы над вадой. Сэрца стогне, сэрца ные Па дзяўчыне маладой.
Ные сэрца, плачуць вочы, Думкі роем мелькацяць... Дзе прапалі ясны ночы? І калі іх прычакаць?..
... А цяпер? Цяпер усё іначай: Лісці сыплюцца з дрэўя... І адзін я сохну, плачу Без цябе, ды салаўя.

2001

Малавядомае імя

Са старэйшых жыхароў-беларусаў Беласточчыны можа хто і прыгадае імя Дамініка Аніські (1888–1971). У апошнім некралогу, змешчаным у беларускім лонданскім часопісе “Божым шляхам” (1971, №5), напісана, што “Дамінік Аніська шчасліва прайшоў дзве сусветныя вайны, хаця быў афіцэрам ў расійскай, а пасля ў польскай арміі. Спакойны, чэсны чалавек, беларускі патрыёт і пісьменнік, верны хрысціянін і дастойны грамадзянін, спагадлівы, працавіты і ахвярны”.

Сапраўды, такім і быў Дамінік Аніська, які нарадзіўся на Сакольшчыне, а з 1943 года жыў ў Лондане ў Беларускім доме, дзе і памёр.

Дамінік Аніська пражыў доўгае жыццё, але заўсёды заставаўся шчырым патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Нават у вайсковай кніжцы (стану службы афіцэрскай) ён неяк запісаў : “Мова беларуская і народнасць беларуская, рэлігія рымска-каталіцкая”.

Жывучы на эміграцыі, спадар Аніська высылаў на Радзіму пачкі з лякарствамі сваякам і сябрам, заўсёды адгукваўся на любую просьбу і дапамагаў людзям, як мог. Язэп Германовіч успамінае, што “ўсе мы добра помнім дзядзьку Дамініка: невялікага росту, сінія дабрадушныя вочы, лагодная ўсмешка, далікатнасць і ветлівасць у голасе, скромная вопратка, шчырая без ніякае позы пабожнасць” (“Божым шляхам”, 1972, № 1. С.4).

У вольны ад спраў час Дамінік Аніська пісаў артыкулы на польскай беларускай мовах. Чаму на польскай, ды таму, што была магчымасць больш друкавацца. На польскай мове ён выдаў некалькі рэлігійных брашурак, а на беларускай мове выступаў на старонках таго ж часопіса “Божым шляхам”. Гэтыя артыкулы былі самыя розныя, ды і назвы іх гавораць самі за сябе. У артыкуле “Чаму трэба шанаваць рэлігію?” Дамінік Аніська па-простаму разважае, што “без веры ў Бога, без рэлігіі чалавек не мае на што абаперціся, каб дайсці да раўнавагі: не знаходзіць ні пэўнай дарогі, ні пацехі ў сэрцы, каб выйсці з няшчасця, ці пагадзіцца з ім, пакараючыся Божай волі”. У другім матэрыяле “Трэцяй вайны не павінна быць…” аўтар шчыра філасофствуе: “Што адносіцца да сканчэння свету, то і так кожная хвіліна часу для многіх ужо ёсць канцом свету, асабліва гэта тычыцца старых, але гэта канец толькі дачаснага свету, бо ёсць жыццё загробнае”…

Але самы каштоўным творам, які пакінуў нашчадкам Дамінік Аніська, з’яўляецца яго аўтабіяграфія. Упершыню яна была апублікавана ў першым нумары часопіса “Божым шляхам” за 1972 год. У ёй найбольш дакладна і праўдзіва падаюцца звесткі пра жыццё і дзейнасць малавядомага дасюль беларуса з Беласточчыны.

2003

Па слядах Антона Неманцэвіча

Пасёлак Альбярцін Слонімскага раёна (цяпер мікрараён Слоніма) узнік у першай палове XIX стагоддзя, як сядзіба маршалка шляхты Слонімскага павета В. Пуслоўскага (1762-1833). У 1924 годзе тут быў адчынены манастыр айцоў езуітаў усходняга абраду і навіцыят.

У пачатку верасня 1929 года ў Альбярцін з Рыма прыязджае Антон Неманцэвіч, які пры Уcходнім Інстытуце вывучаў усходняе багаслоўе і абараніў доктарскую дысертацыю на тэму „Бальшавіцкае заканадаўства ў Расіі адносна рэлігійнага і маральнага ўзгадавання дзяцей у параўнанні да божага права, натуральнага і аб’ектыўнага”.

Антон Неманцэвіч — асоба вельмі цікавая, амаль не даследаваны яго жыццёвы, рэлігійны і творчы шлях. Наш зямляк у 30-40-х гадах мінулага стагоддзя займаў кіруючае становішча ў Беларускай грэка-каталіцкай (уніяцкай) царкве, быў першым беларускім экзархам і да таго ж шчырым патрыётам Беларусі. Найлепшым на сённяшні дзень з’яўляецца артыкул пра Антона Неманцэвіча, які напісаў айцец Леў Гарошка. Ён быў апублікаваны ў парыжскім беларускім часопісе „Божым шляхам” (1956, № 70-73).