Нарадзіўся Антон Неманцэвіч у 1893 годзе каля Саколкі на Беласточчыне. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю і Петраградскую каталіцкую духоўную акадэмію. Калі вучыўся ў акадэміі, прымаў актыўны ўдзел у рабоце Беларускага гуртка, вывучаў і цікавіўся гісторыяй Беларусі, асабліва гісторыяй уніяцкай царквы.
Пасля заканчэння духоўнай акадэміі ў 1918 годзе Антон Неманцэвіч працуе вікарыем парафіяльнага касцёла святой Кацярыны ў Петраградзе. За пратэст супраць арышту беларускага біскупа Цепляка, айца Неманцэвіча на некалькі месяцаў арыштоўваюць і саджаюць у турму, а ў 1923 годзе ў турму ён трапляе паўторна. Яго вызваляюць у 1925 годзе ў выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай. Выйшаўшы на волю, наш зямляк едзе ў Рым, дзе вывучае тэалогію. З Рыма ў пачатку восені 1929 года ён прыязджае ў Альбярцін на Слонімшчыну.
Тут, у Альбярціне, айцец Неманцэвіч прымае ўсходні грэка-каталіцкі абрад і становіцца настаяцелем грэка-каталіцкай царквы. Дарэчы, грэка-каталіцкая (езуіцкая) група ў Альбярціне мела на мэце адрадзіць у форме гэтага абраду царкоўную унію. Патронамі місіі былі папа рымскі Пій XI і віленскі архібіскуп мітрапаліт Ю. Матулевіч, пасля Р. Ялбжыкоўскі. Непасрэдна групай у Альбярціне кіраваў езуіцкі правінцыял з Польшчы Я. Урбан. Езуітам быў выдзелены будынак, дзе раней знаходзілася дырэкцыя Альбярцінскай суконнай і кардонна-папяровай фабрык. Былы іх уладальнік граф Пуслоўскі ахвяраваў місіі вялікія сродкі.
У Альбярціне айцец Антон Неманцэвіч выдае часопіс „Да Злучэньня”. Першы нумар яго выйшаў у студзені 1932 года. Шмат для часопіса артыкулаў пісаў сам рэдактар, які падпісваўся пад сваім прозвішчам і пад псеўданімам Злучэнец. Акрамя свайго выдання, Антон Неманцэвіч пісаў і ў “Беларускі каляндар”, які выдаваўся ў Вільні. Паспяваў ён працаваць яшчэ над рознымі рэфератамі і выступленнямі па тэме уніі. Пра адзін факт на гэты конт згадвае Леў Гарошка ў часопісе „Божым шляхам” (1956, № 70-73. С. 51): „Летам 1932 года адбыўся ў Пінску трэці Унійны зьезд, на які быў запрошаны а. Антон у характары прэлегэнта, ён меў чытаць па-беларуску рэфэрат аб вунійнай працы. За пару дзён да адкрыцьця зьезду, калі ўжо рэфэрат даўно быў гатовы, яму было загадана ператлумачыць рэфэрат на польскую мову. Гэтым фактам а. Антон быў так абураны, што больш ня ўдзельнічаў на ніводнай пазьнейшай вунійнай канфэрэнцыі”. У сярэдзіне 1933 года Антона Неманцэвіча з Альбярціна пераводзяць у Сынковічы (побач са Слонімам, 12 км) на пасаду параха. А праз год яго адпраўляюць у Дубна на выкладчыцкую пасаду ў семінарыю. Па-ранейшаму Неманцэвіч рэдагуе часопіс „Да Злучэньня”, але ў 1938 годзе ён спыняе сваё існаванне. Прычынай закрыцця выдання стала тое, што часопіс выходзіў па-беларуску. Тым не менш, у пачатку 1939 года Антон Неманцэвіч у Варшаве арганізоўвае выпуск новага часопіса „Злучэньне”.
У верасні 1939 года Заходняя Беларусь уваходзіць у склад БССР. Шмат усходне-каталіцкіх парафій было ліквідавана, але Антон Неманцэвіч наладжвае сувязі з Львоўскім украінскім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім. Мітрапаліт Шаптыцкі ў 1940 годзе стварае чатыры ўсходне-каталіцкія экзархаты, сярод іх Беларускі Экзархат на чале з экзархам айцом Антонам Неманцэвічам. Дакументы былі дасланыя ў Рым і зацверджаны папаю Піем XII 22 кастрычніка 1942 года.
Наш зямляк зноў вяртаецца ў Альбярцін і пашырае думку, што нацыянальнай беларускай рэлігіяй павінна быць унія, бо так было ў мінулым. Ён шчыра сябруе з беларускімі дзеячамі літаратуры, мастацтва, краязнаўства, з беларускімі арганізацыямі. „Але падчас нямецкай акупацыі ў Слоніме, — як піша Леў Гарошка, — знаходзіўся моцны нелегальны цэнтр расійскіх арганізацый «Трудового союза» і «Братства русской правды». Гэтыя арганізацыі нароўні з праваслаўнымі епіскапамі ў недалёкіх Жыровічах лічылі Беларускі Экзархат вялікай перашкодай для свае дзейнасці і не шкадавалі ніякіх высілкаў, каб яго знішчыць. Вельмі шмат інтрыг супраць экзарха рабіў актыўны сябра вышэйназваных расійскіх арганізацый і адначасна ўрадавец нямецкага гестапа — Ушпік. Ягоныя інтрыгі выкарыстоўвалі епіскапы з Жыровічаў, каб рабіць новыя даносы. Варта ўспомніць, што з аднаго даносу, на якім фігуравалі подпісы двух епіскапаў, якія былі ў Жыровічах, адзін урадавец гестапа зрабіў копію і пераслаў яе на перахаванне ў адпаведную ўстанову. Інтрыгі і даносы моцна паралізавалі дзейнасць а. Антона. Трэба ведаць, што ў тым часе распачаліся на Слонімшчыне расстрэлы каталіцкага духавенства”.
Але Антон Неманцэвіч не здаваўся, а наадварот, у пачатку 1942 года на Слонімшчыне заснаваў яшчэ Апостальства Малітвы за Беларусь. Раз у месяц святары і прыхаджане маліліся за сваю Бацькаўшчыну.