Выбрать главу

І ўсё ж у жніўні 1942 года гестапаўцы прыехалі ў Альбярцін, увайшлі ў манастыр і арыштавалі Антона Неманцэвіча. Са Слоніма яго адправілі ў Мінск, дзе праз паўгода ён памірае ад тыфу. Па іншых звестках, айцец Неманцэвіч быў закатаваны ў падзямеллях гестапа. А Янка Трацяк у Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (Мінск, 1999, т. 5. С. 320) сцвярджае, што Неманцэвіч памёр у турме ў Берліне.

Пасля таго, як не стала ў Альбярціне Антона Неманцэвіча, уніяцкія манахі вельмі хутка пакінулі Слонімшчыну і выехалі ў Львоў.

2000

Незабыўная Зоська Верас

Здаецца, было ўсё як учора, а ўжо прайшло амаль дваццаць гадоў з той першай незабыўнай сустрэчы з выдатнай беларускай паэткай, грамадскай дзяячкай, выдаўцом і проста шчырым чалавекам Зоськай Верас (Людвікай Антонаўнай Войцік) і не менш вядомым і знакамітым Лявонам Луцкевічам.

24 верасня 1987 года група слонімскіх настаўнікаў вырашыла наведаць старажытную беларускую Вільню. Разам з настаўнікамі ўдалося паехаць і мне. Калі мы прыехалі ў Вільню, то на плошчы Гедыміна нас чакаў ужо Лявон Луцкевіч. Пасля была цікавая экскурсія па нашай старажытнай сталіцы. Лявон Антонавіч яе добра ведаў і ўмеў вельмі цікава распавядаць пра завулкі і вуліцы Вільні, пра тых беларусаў, якія тут жылі, вучыліся, выдавалі кнігі і часопісы, трымалі друкарні і музеі. У мяне быў фотаапарат, і я стараўся сфатаграфаваць Лявона Антонавіча з настаўнікамі. Праўда, ён казаў: "Сяргей, ты мяне так шмат не шчоўкай, больш фатаграфуй настаўнікаў, бо з-за мяне табе ў Беларусі можа быць непрыемнасць". Калі я вяртаўся дамоў, усё думаў, якая мне з-за гэтага сціплага і цікавага чалавека можа быць непрыемнасць. Пасля, калі я прачытаў у часопісе "Политический собеседник” артыкул Бумажковай, я ўспомніў словы Лявона Антонавіча. Бумажкова там аблівала брудам і Лявона Луцкевіча, і іншых беларускіх дзеячоў ХХ стагоддзя. Але і тады, і цяпер мне няма каго баяцца, я жыву на зямлі сваіх дзядоў і прапрадзедаў, якія тут нарадзіліся, жылі і працавалі і якія ганарыліся роднаю Вільняй і неаднаразова там бывалі і вучыліся. І любіць сваю Бацькаўшчыну ніхто і ніколі мне не забароніць, так як і сустракацца з сябрамі там, дзе хочацца і калі захочацца.

А ў той дзень мы фатаграфаваліся і з Лявонам Луцкевічам, і з Зоськаю Верас, але ўжо ў яе лясной хатцы за Вільняй. Туды мы паехалі пасля віленскіх экскурсій, каб адведаць Людвіку Антонаўну. Адчыніўшы дзверы, мы быццам трапілі ў беларускі музей культуры і літаратуры. Карціны славутых мастакоў, фотаздымкі, кнігі, старая мэбля – усё тут, здавалася, дыхала нашым родным, беларускім. У адным з пакойчыкаў хаткі нас сустракала Зоська Верас, якой тады было ўжо 95 гадоў. Пасля пачалася размова. Нас цікавіла ўсё, бо мы ведалі, што Людвіка Антонаўна шчыра сябравала з многімі беларускімі дзеячамі, а таксама са слонімскім паэтам Гальяшом Леўчыкам. Дарэчы, у той дзень Зоська Верас падаравала нам партрэт Гальяша Леўчыка, намаляваны беларускім мастаком з Вільні Алегам Аблажэем.

Падчас гэтай сустрэчы мы шмат новага даведаліся ад Зоські Верас пра Гальяша Леўчыка, яна паказвала нам яго пісьмы і паштоўкі, а таксама шмат распавядала і пра Максіма Багдановіча. У час успамінаў пісьменніца нават праслязілася. “Было гэта ў Менску ў 1916 годзе, -- згадала Зоська Верас. – У “Беларускай хатцы” на Захар’еўскай вуліцы, 18 у сталоўцы Таварыства помачы ахвярам вайны – кожны вечар збіраліся як сябры, так і працаўнікі Камітэта Таварыства, каб разам скаратаць вольны вечар, падзяліцца думкамі ды ўражаннямі перажытага дня. Новай тэмай нашай гутаркі быў прыезд у Менск Максіма Багдановіча. Трэба было падумаць загадзя, дзе ён будзе жыць. Перабіраючы розныя магчымасці, затрымаліся на тым, што найлепш будзе наняць пакой у Змітрака Бядулі. І з Бядуляй хутка дамовіліся. Ён быў рады мець пад сваёй страхой такога госця. Нарэшце ў пачатку кастрычніка 1916 года Максім Багдановіч прыехаў у “Беларускую хатку”, дзе мы цэлай грамадой чакалі яго з нецярплівасцю. Сардэчны, сціплы і просты Максім Багдановіч адразу заваяваў агульную сімпатыю. Ужо ў канцы вечара здавалася, што ён даўно з намі, што ўсім блізкі і дарагі. Тым больш трывожыла яго бледнасць і бліскучыя ад гарачкі вочы. Кашляў зусім мала. Пасля гарбаты сядзелі нядоўга. Трэба было змучанаму дарогай адпачыць. На кватэру Багдановіча адвялі Галубок і Фальскі. Дамовіліся, што Максім будзе сталавацца, як і мы ўсе, у сталоўцы, але будзе тут мець і снеданні, і вячэры. Мая маці ў той час была загадчыцай сталоўкі, і мы жылі тут на месцы. Так што мы з Максімам Багдановічам бачыліся па тры разы на дзень, а вечары, як заўсёды, праводзілі разам з цэлай нашай грамадкай: Багдановіч, Фальскі, Галубок, часта Ядвігін Ш., я і іншыя нашы сябры і знаёмыя”.