Піліп Пестрак амаль 11 гадоў за сваю рэвалюцыйную дзейнасць адсядзеў у 1930-х гадах у польскіх турмах. А ў 1939 годзе, калі на заходнія землі Беларусі прыйшлі саветы, яго адразу абралі дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку. На гэтым сходзе была вылучана паўнамоцная камісія на сесію Вярхоўнага Савета СССР у Маскву. У складзе гэтай камісіі быў і Піліп Пестрак: “На Народным сходзе ў Беластоку была выбрана паўнамоцная Камісія ў складзе 60 чалавек, якая павезла дэкларацыю Сходу ў Маскву на Пятую нечарговую сесію Вярхоўнага Савета СССР. У складзе гэтай Камісіі быў і я.” (Піліп Пестрак. Збор твораў у пяці тамах. Мн., 1986. Т. 5. С. 173).
У 1940 годзе наш зямляк быў абраны дэпутатам па Гродзенскай акрузе ў Вярхоўны Савет СССР. Ён прымае ўдзел у пасяджэнні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, дзе яго прымаюць у Саюз пісьменнікаў. А праз некалькі дзён пісьменнік Піліп Пестрак прыязджае ў Беласток, дзе актыўна ўдзельнічае у агульным сходзе пісьменнікаў Беластока, прысвечаным творчым вынікам першага года жыцця і працы на савецкай беларускай зямлі. Ён выступае нават з дакладам на сходзе пад назвай “Аб маральным вобліку савецкага пісьменніка”, які пасля публікуе беластоцкая абласная газета “Вольная праца”. На сходзе Пестрака выбіраюць старшынёй бюро беластоцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Тут, у Доме партасветы ў Беластоку, на вялікім літаратурным вечары ён выступае з чытаннем сваіх вершаў:
У газеце “Вольная праца” Піліп Пестрак пачынае друкавацца часцей. У 1940 годзе ён публікуе верш “З тваім імем у сэрцы”, у траўні — верш “Першы май”, пасля — вершы “Над морам”, “Сасна” і іншыя. Верш “Сасна” аўтар прысвяціў Янку Купале.
У лютым 1941 года ў “Вольнай працы” быў надрукаваны верш Пестрака “Даклад”. Пасля ў сакавіку — артыкул “Дзяржаўныя прэміі”. А ўжо ў красавіку ў беластоцкім Доме Чырвонай Арміі адбываецца яго асабісты літаратурны вечар, які адкрыў і вёў Максім Танк. А праз месяц Піліп Пестрак арганізоўвае літаратурны вечар-сустрэчу Максіма Танка з беларускай моладдзю Беластока.
Планаў тады і задумак у Піліпа Пестрака ў Беластоку было шмат. Але збыцца ім перашкодзіла вайна. Тым не менш з Беласточчынай паэт сувязей не парываў. У “Белостокской правде” 29 лістапада 1943 года ён упершыню друкуе свой новы верш “Слухайце, пушчы, паляны…”, хаця напісаны ён быў ажно ў Маскве. Верш, прысвечаны беларускім партызанам, якія ўзняліся на барацьбу з фашызмам:
Пасля вайны Піліп Пестрак на Беласточчыне гасцяваў радзей. Ён быў вельмі ўзрадаваны, калі ў 1956 годзе ў Беластоку пачала выходзіць беларуская “Ніва”. На яе старонках ужо ў кастрычніку друкуюцца вершы Піліпа Пестрака “Дзівасіл” і “Дарожка”, прысвечаны памяці Якуба Коласа. Верш “Дзівасіл” паэт прысвяціў лекавай расліне дзівасіл, прэпараты з якога ўжываюць у медыцыне. Аўтар у вершы распавядае пра тое, як дзве бабкі гутараць паміж сабой. І адна з іх распавядае пра сына, якому паны моцна пабілі грудзі. І толькі дзякуючы дзівасілу, сын застаўся жыць. А ў канцы верша паэт сцвярджае:
Верш “Дзівасіл” у 1973 годзе апублікаваў і “Беларускі каляндар”.
Праз чатыры гады “Ніва” друкуе два апавяданні Піліпа Пестрака “Прынцыпы” і “Путавод”. А ў 1958 годзе на старонках беларускага тыднёвіка друкуецца ўрывак з рамана пісьменніка “Сустрэнемся на барыкадах”. Літаратар пастаянна чытае “Ніву”, “Беларускі каляндар”, кнігі беларускіх пісьменнікаў з Польшчы. Ён перапісваецца з імі, сочыць за творчасцю Сакрата Яновіча, Алеся Барскага, Георгія Валкавыцкага, Віктара Шведа, Яна Чыквіна, Яшы Бурша, Дзмітрыя Шатыловіча.
У 1956 годзе разам з Янкам Брылём Піліп Пестрак наведвае Беласток, гасцюе ў “Ніве”, дзе гутарыць з калектывам рэдакцыі і з кіраўніцтвам ГПБГКТ. Пасля розных літаратурных узаемасувязей на старонках беларускага мінскага тыднёвіка “Літаратура і мастацтва” друкуе свой артыкул “Паэзія на старонках “Нівы” (25 снежня 1959 года).