Выбрать главу

Да апошніх дзён жыцця Піліп Пестрак падтрымліваў сувязі з Беласточчынай. Яго тут любілі і паважалі. Пра яго творчасць пісалі ў “Ніве” і ў “Беларускім календары” Георгій Валкавыцкі, Мацей Канапацкі, Мікола Гайдук і іншыя літаратары і журналісты.

2006

Расстраляныя беларусы Беласточчыны на Бутаўскім палігоне

70 гадоў таму пачалася шырокамаштабная акцыі па ажыццяўленню рэпрэсій на Беларусі, Расіі, Украіне і ў іншых дзяржавах, якія ўваходзілі ў СССР. На працягу 1930-х--1950-х гадоў былі знішчаны мільёны ні ў чым не віноўных людзей розных нацыянальнасцей, у тым ліку сотні тысяч беларусаў.

Нядаўна мне трапіў спіс расстраляных людзей на Бутаўскім палігоне пад Масквою ў 1937-38-х гадах. Калі я азнаёміўся з гэтым спісам, быў у шоку. Толькі за перыяд з 7 жніўня 1937 года да 19 кастрычніка 1938 года там было расстрэлена 20765 чалавек (гэты спіс цяпер кожны месяц папаўняецца). Асноўная частка расстраляных у Бутаве – жыхары Масквы і Маскоўскай вобласці. Але гэта не толькі рускія, а людзі іншых розных нацыянальнасцей, якія ў той час пражывалі недалёка ад Масквы ці ў Маскве і там працавалі. У спісе расстраляных на Бутаўскім палігоне я ўбачыў, што найбольш было расстраляна яўрэеў, беларусаў, палякаў і латышоў. Усіх іх арыштоўвала Камісія НКВД і Пракуратура СССР і абвінавачвала ў шпіянажы на карысць Польшчы, Германіі і Японіі. З некаторымі прозвішчамі беларусаў Беласточчыны і іншых рэгіёнаў Польшчы, якія былі расстраляныя на Бутаўскім палігоне, хочацца пазнаёміць чытачоў “Нівы”. А раптам нехта ўпершыню даведаецца пра трагічны лёс свайго сваяка, суседа, земляка. Ці можа яшчэ жывуць людзі на Беласточчыне ці на Гарадзеншчыне, якія ведалі гэтых ахвяр сталінізму, адгукнуцца і мы пра іх даведаемся яшчэ больш: што гэта былі за людзі, як яны трапілі ў Маскву ці Маскоўскую вобласць у 30-я гады ХХ стагоддзя, якія ў іх былі сем’і і г.д. Вядома, гэты спіс далёкі не поўны. Але мы будзем шукаць беларусаў паўсюды, наколькі ў нас хопіць сіл і жыцця. Лёсы нашых суайчыннікаў павінны нас хваляваць заўсёды. Гэта наша гісторыя, гісторыя нашага народа – нялёгкая і трагічная, таму забываць яе нельга. Галоўнае, каб ніколі больш не здарылася тое, што адбылося на Бутаўскім палігоне ў Расіі і на іншых падобных месцах.

Спіс расстраляных беларусаў:

1. Антон Бурс. Нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі Беластоцкага павета ў 1907 годзе. З сялян. Працаваў слесарам на заводзе № 1 імя Авіяхіма Наркамабаронпрама. Жыў у Маскве на вуліцы Пятніцкая. Арыштаваны 5 лістапада 1937 года, расстраляны 4 снежня 1937 года. Рэабілітаваны 15 верасня 1989 года.

2. Сцяпан Андрушкевіч. Нарадзіўся ў мястэчку Лукава Сядлецкага раёна ў 1884 годзе. Адукацыя вышэйшая. Працаваў начальнікам раённага стралковага ціра. Жыў у Маскве на Вялікай Паштовай вуліцы. Арыштаваны 5 верасня 1937 года, расстраляны 21 кастрычніка 1937 года. Рэабілітаваны 4 верасня 1989 года.

3. Васіль Ануфрынюк. Нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі Бельскага павета ў 1904 годзе. З сялян, адукацыя сярэдняя, студэнт Педагагічнага інстытута імя Карла Лібкнехта. Жыў у Маскве на вуліцы Стромынка. Арыштаваны 9 лютага 1938 года, расстраляны 8 сакавіка 1938 года. Рэабілітаваны 7 красавіка 1956 года.

4. Сцяпан Банькоўскі. Нарадзіўся ў Беластоку ў 1904 годзе. Адукацыя сярэдняя. Працаваў кансультантам Галоўнага ўпраўлення Наркамхарчпрама СССР. Жыў у Маскве на вуліцы Дамнікоўскай. Арыштаваны 17 лютага 1938 года, расстраляны 11 красавіка 1938 года. Рэабілітаваны 4 кастрычніка 1989 года.

5. Іван Безюк. Нарадзіўся ў г. Ловічэ Варшаўскай губерні ў 1902 годзе. Адукацыя вышэйшая. Працаваў начальнікам планавага аддзелу Нара-Фамінскай фабрыкі. Жыў у Маскоўскай вобласці ў горадзе Нара-Фамінск на Піянерскім завулку. Арыштаваны 9 лютага 1938 года, расстраляны 28 мая 1938 года. Рэабілітаваны 10 верасня 1957 года.

6. Віктар Бельц. Нарадзіўся ў Плоцку ў 1887 годзе. Адукацыя вышэйшая. Працаваў рэдактарам Ваенвыдавецтва. Жыў у Маскве на Стэльнінскім завулку. Арыштаваны 16 верасня 1937 года, расстраляны 4 снежня 1937 года. Рэабілітаваны 14 верасня 1989 года.

7. Адам Бяльчынскі. Нарадзіўся ў вёсцы Новікі Сувальскай губерні ў 1887 года. З рабочых. Кіраваў духавым аркестрам завода “Спецаўтамашына”. Жыў у Маскве на завулку Цесляроў. Арыштаваны 10 сакавіка 1938 года. Расстраляны 9 жніўня 1938 года. Рэабілітаваны 22 кастрычніка 1957 года.

8. Мечыслаў Бенашэўскі. Нарадзіўся ў Аўгустове ў 1901 годзе. Адукацыя вышэйшая. Працаваў начальнікам аддзела аўтазавода імя Сталіна. Жыў у Маскве на праспекце Цюфелеў. Арыштаваны 25 кастрычніка 1937 года. Рассстраляны 9 снежня 1937 года. Рэабілітаваны 4 красавіка 1957 года.