У 1918 годзе Аляксей Куклінскі прыехаў на станцыю Чарнарэчанская недалёка ад Краснаярску. Там ён пачаў працаваць у пуцявой брыгадзе на чыгунцы, а з 1925 года – рамонтным рабочым на станцыі Шыра (Хакасія).
У канцы 1920-х гадоў Аляксей перасяліўся ў пасёлак Ужур (паміж Ачынскам і станцыяй Шыра), дзе працаваў на чыгунцы канторшчыкам таварнага двара. 5 траўня 1931 года да яго з’явіўся ўпаўнаважаны ОГПУ(усе абрывіятуры падаю па-расейску – С.Ч.) Барцянёў, зрабіў вобыск, забраў усе пісьмы з Бацькаўшчыны і дакументы. А праз некалькі дзён Аляксея Куклінскага адправілі ў Краснаярск і пасадзілі за краты. Цяпер архіўная следчая справа нашага земляка пад № 26832 ДТО ОГПУ Томскай чыгункі знаходзіцца ў УФСК па Краснаярскаму краю (№ 022968). Дарэчы, у ёй запісана ўжо, што Аляксей Міхайлавіч Куклінскі – беларус з Беласточчыны, а ні беларус-паляк). У гэтай справе маюцца вельмі цікавыя дакументы. Найперш, цікавасць уяўляюць пісьмы Куклінскага. Гэта скарга ў ОГПУ. Адно пісьмо наш зямляк пачынае так: “Ва ўсіх газетах пішуць пра шкодніцтва і шукаюць гэтых шкоднікаў сярод “стрелочников”. Але я лічу, што самае галоўнае шкодніцтва – гэта палітыка ЦК УКП(б): ... а што без абутку мы тут жывем – гэта не шкодніцтва? А што да канца пяцігодкі не толькі коней, а сабак усіх паядзім – гэта не шкодніцтва...” і г. д. Другое пісьмо ў ЦК, яно рэзкае і абвінаваўчае: “Вы не ўрад, а капіталістычныя палачы над працоўным людам...”. Вось які быў смелы спадар Куклінскі. Але яму гэтую смеласць не даравалі. Беларуса шмат разоў дапытвалі, а таксама вялі допыт сярод сведкаў. Пыталі сястру Марыю, суседзяў, знаёмых. Усе яны казалі, што Міхась шмат чытаў кніг і газет і многа ведаў, але быў маўклівы. Праўда, ніхто дрэннага слова пра Аляксея Куклінскага так і не прамовіў. Толькі начальнік станцыі Ужур Чырыкін, нарадчык Заруба і старшыня мясцкама Памазан заявілі: “Заўсёды ён маўчаў, але па погляду было бачна, што ён быў не савецкі чалавек”.
20 сакавіка 1931 года транспартны суд Томскай чыгункі ў Краснаярску асудзіў нашага земляка на 5 гадоў. 18 траўня 1931 года транспартная калегія Вярхоўнага суда СССР разглядзела касацыйную скаргу і пакінула прысуд у сіле. Аляксей Куклінскі ў гэты час сядзеў у Томскай турме. Яго вызвалілі толькі ў 1940 годзе. Далі пашпарт і ён паехаў на станцыю Чарнарэчанская, дзе ўладкаваўся на працу на чыгунку.
18 жніўня 1941 года нашага земляка мабілізавалі і 1 верасня накіравалі на фронт у Карэлію на захад ад Мядзвеж’ягорску. Служыў радавым салдатам у 5 роце 2 батальёна 52 стралковага палка 37 стралковай дывізіі. Некалькі разоў нават удзельнічаў у баях.
Аднойчы Аляксей Куклінскі адпрасіўся ў медыцынскую часць. Але туды ён не пайшоў, а пайшоў проста на Мядзвеж’ягорск. Па дарозе ён закапаў вінтоўку ў снег. А на наступны дзень ён расклаў вогнішча, дзе яго хутка схапіў пагранічны дазор. Яго адвялі ў Мядзвеж’ягорск, а пасля пасадзілі ў КПЗ 37-й стралковай дывізіі ў сяле Піндушы. Архіўная справа 37-й стралковай дывізіі сёння знаходзіцца на храненні ў УФСК па Краснаярскаму краю, № 022849. З тых дакументаў, якія ёсць у гэтай справе, бачна, што пры вобыску ў Куклінскага знайшлі даведку аб вызваленні яго з ссылкі, і нямецкую лістоўку, якую ён знайшоў яшчэ ў пачатку верасня 1941 года. Гэтага і хапіла, каб супраць беларуса ўзбудзілі крымінальную справу, бо “захоўванне нямецкай лістоўкі з’яўлялася контрарэвалюцыйнай агітацыяй”. На допыце Аляксей Куклінскі сказаў, што хацеў уцячы да сям’і ў Сібір, а пасля вайны вярнуцца на родную Беласточчыну.
Трыбунал прызнаў А.М.Куклінскага вінаватым па артыкулу 193-14 “д” і 193-22, а таксама па артыкулу 58-10, і прысудзіў яго па артыкулу 58-10 ч.2 з санкцыяй артыкула 58-2 да вышэйшай меры пакарання. 16 лістапада 1941 года нашага земляка расстралялі на с. Гіндушы (Карэлія). І толькі 11 жніўня 1995 года ён пасмяротна быў рэабілітаваны.
Малодшы брат Аляксея Куклінскага -- Міхась, пра якога я згадаў у пачатку гэтага матэрыялу, працаваў дзяжурным на станцыі Камала Краснаярскай чыгункі. 16 снежня 1937 года яго паклікалі ў аддзяленне дарогі на станцыю Клюквенная і там доўга дапытвалі энкэвэдэшнікі, а пасля арыштавалі і прывязлі ў Канск. Сябры па працы дапамаглі ўсё ж жонцы сустрэцца з Міхасём. Падчас сустрэчы, ён зняў са сваіх плячэй паліто і сказаў: “Вазьмі, калі ласка, яно мне ўжо больш не спатрэбіцца...”.
Міхася Куклінскага асудзілі “двойкай” 2 лютага 1938 года і 20 лютага расстралялі ў Канску.
14 жніўня 1989 года пракуратурай Краснаярскага краю Расіі наш зямляк быў пасмяротна рэабілітаваны.