Але ў тыя гады на Беласточчыне беларускі тэатр адкрыць так і не ўдалося. А шкада! Бо калі б ён быў адкрыты і працаваў да сённяшніх дзён, у ім змаглі б працаваць прафесійныя і таленавітыя рэжысёры і акцёры з Беларусі, якія даўно знаходзяцца без працы з-за таго, што не дуюць у дудку існуючай беларускай уладзе.
Але вернемся да беластоцкіх беларускіх драмгурткоў 50-гадовай даўніны. Сапраўды, як пісала Вера Леўчук, з беларускім сцэнічным рэпертуарам тады было сціпла. У сельскай мясцовасці не хапала беларускіх п’ес. Іх перапісвалі ад рукі, перадавалі з вёскі ў вёску. Таму Галоўнае Праўленне БГКТ вырашыла пашырыць рэпертуар беларускамоўных п’ес друкаваным спосабам.
У 1956 годзе асобным выданнем выдаецца “Паўлінка” Янкі Купалы. Наклад кнігі быў 2500 паасобнікаў. На вокладцы кнігі выдаўцы змясцілі партрэт песняра, а на апошняй старонцы вокладкі была надрукавана рэклама тыднёвіка “Ніва” і ўмовы яе падпіскі.
“Паўлінку” адразу атрымалі многія самадзейныя тэатральныя калектывы. Артыстам спадабалася такая ідэя, таму праз два гады выдавецтвам ГП БГКТ асобнымі выданнямі былі выдадзеныя “Прымакі” Янкі Купалы, п’еса “Суд” Уладзіслава Галубка, “Пінская шляхта” В.Дуніна-Марцінкевіча. Наклад гэтых кніжак быў па 3000 асобнікаў кожная. Дарэчы, ў канцы кніжачкі “Пінская шляхта” была надрукавана нават біяграфія Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
У 1957 годзе Галоўным Праўленнем БГКТ у Польшчы па ініцыятыве беларускай моладзі асобным выданнем выйшла калектыўная кніжка п’ес на роднай мове “Зборнік сцэнічных твораў”. Выдавецтва падабрала ў кніжку тыя п’есы, якія не цяжка было падрыхтаваць і паставіць на любой вясковай сцэне. Сюды ўвайшлі п’есы – “Пярэстая красуля” А.Чужыніна, “Боты” М. Крапіўніцкага, “Мікітаў лапаць” М.Кудзелькі і п’еска “Міхалка”, з польскага пераапрацавана Далецкімі. Так было сказана ва ўступным слове кніжкі. Але тут павінен быць невялікі каментар. Сапраўды, М.Крапіўніцкі – украінскі аўтар. А хто такі А.Чужынін? Па словах аўтара слоўніка беларускіх псеўданімаў Янкі Саламевіча, гэта таксама ўкраінскі аўтар. Але чаму аб гэтым не згадваецца ў зборніку сцэнічных твораў?.. І ці мог украінскі драматург мець такі рускі псеўданім – Чужынін?.. А што датычыць п’ескі Чужыніна “Пярэстая красуля”, дык яна вельмі арыгінальная, смешная і сцэнічная.
“Мікітаў лапаць” напісаў беларускі драматург Міхась Чарот (сапраўднае прозвішча Міхась Кудзелька). Упершыню яна была апублікавана і пастаўлена ў 1923 годзе.
П’еска “Міхалка”, якая “з польскага пераапрацавана Далецкімі”, да сённяшняга дня выклікае спрэчкі наконт свайго аўтарства. Янка Саламевіч сказаў, што п’есу напісаў Вацлаў Іваноўскі і яшчэ нехта брат з сястрой. Аб тым, што аўтарам “Міхалкі” з’яўляецца Вацлаў Іваноўскі піша і Юры Туронак: “Вялікім поспехам карысталася яго (маецца на ўвазе Вацлава Іваноўскага – С.Ч.) камедыя са шляхецкага жыцця “Міхалка”, пасля першай публікацыі 1911 года ў Пецярбургу яна вытрымала некалькі перавыданняў, апошняе выйшла ў 1957 годзе ў Беластоку” (“Мадэрная гісторыя Беларусі”, Вільня, 2006. С.190). Прыгадаўся мне і артыкул Зянона Пазьняка “Хто такія Далецкія?”, які быў апублікаваны ў часопісе “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі” № 1 за 1975 год. Зянон Пазьняк адзначае, што сярод незаслужана забытых п’ес, якімі пачынаўся новы прафесійны беларускі тэатр ХХ стагоддзя, адной з першых трэба назваць камедыю “Міхалка”. Прозвішча яе аўтара невядомае. На тытульным лісце першага выдання п’есы (1911, суполка “Загляне сонца і ў наша аконца”) пазначана “З польскага на беларускі лад перарабілі Далецкія”.
Камедыя “Міхалка” у свой час карысталася вялікай папулярнасцю ў беларускіх гледачоў. Яе ставілі ва ўсіх аматарскіх гуртках і прафесійных беларускіх тэатрах, у тым ліку і на Беласточчыне. Гартаючы беларускі друк за 1911-1912 гады, трапляюць паведамленні аб дзейнасці тэатральнага аматарскага калектыву ў двары Дольцы былога Барысаўскага павета. “У спектаклях у Дольцах удзельнічала беларуская шляхецкая моладзь, -- піша Зянон Пазьняк. – Далецкія аматары вялі асветніцкую, культурную працу сярод сялян. Непасрэдным арганізатарам самадзейнасці быў тутэйшы малады шляхціч Эдвард Сушынскі. Дзякуючы яму ў шматлюдныя фэсты і святы ў Дольцах рэгулярна ставіліся беларускія спектаклі. 29 жніўня 1911 года, напрыклад, на вялікі фэст, калі сабралася шмат народу, шляхты і сялян з усёй ваколіцы, у двары ў Дольцах група тутэйшай моладзі паказала спектаклі “Міхалка” і “Модны шляхцюк” К.Каганца. “Міхалку” тут ставілі ўжо другі раз. Як паведамляе карэспандэнт, п’есу “Міхалка” перарабілі самі аматары і ўпершыню паставілі яе ў 1910 годзе. З 1911 года спектакль ідзе ўжо ў Віленскім беларускім музычна-драматычным гуртку і ў тэатры Ігната Буйніцкага”. “Па-мойму, -- піша далей Зянон Пазьняк, -- ёсць падставы лічыць Далецкіх не перакладчыкамі, а аўтарамі п’есы “Міхалка”, якую, нароўні з “Модным шляхцюком” К.Каганца і “Паўлінкай” Янкі Купалы, трэба залічыць у актыў ранніх нацыянальных камедый маладога беларускага тэатра”.