Выбрать главу

Прачытаўшы кнігу Міхася Казлоўскага адкрыў для сябе яшчэ адно імя — Тодара Куніцкага. Аўтар з вялікім замілаваннем піша пра тое, як ён шукаў звесткі разам з Ленай Глагоўскай і, наогул, які гэта быў шчыры і здольны чалавек, юрыст, медык, гісторык, адзін з арганізатараў Беларускага студэнцкага саюза пры Віленскім універсітэце ў 1921 годзе. Памёр Тодар Куніцкі ў 1985 годзе ў Гданьску, дзе і пахаваны…

Разважаць над кнігаю Міхася Казлоўскага можна доўга. Ды і ён мае рацыю, калі адзін з раздзелаў кнігі назваў “Забытае рэха вяртаю”. Аўтар стварыў цэлую энцыклапедыю забытых беларускіх імёнаў, пра якіх мы павінны ведаць і шанаваць іх. Таму рэха, дзякуючы аўтару, данесла да нас дзесяткі новых імёнаў нашых суайчыннікаў, якія шчыра і самаадданана служылі

Беларусі і яе людзям. Пра кожнага героя кнігі Міхася Казлоўскага можна пісаць асобныя манаграфіі, выдаваць іх творы, ставіць ім помнікі. Але верыцца, што іх галасы бясследна не знікнуць з рэхам у нашай гісторыі. Тыя беларусы, пра якіх напісаў Міхась Казлоўскі, як птушкі, баранілі сваё гняздо. Яны — гонар нашай Айчыны! І добра, што знайшоўся даследчык, які пра іх сабраў звесткі і выдаў такую каштоўную кнігу.

2006

Краса і сіла беларускай паэзіі

Такой унікальнай кнігі ў гісторыі беларускай літаратуры яшчэ не было. Унікальнасць яе заключаецца ў тым, што пад адну вокладку трапілі самыя лепшыя вершы беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя. Я маю на ўвазе анталогію беларускай паэзіі ХХ стагоддзя „Краса і сіла”, якая выйшла з друку ў Мінску. Яе складальнікам і аўтарам слоў пра кожнага паэта з’яўляецца Міхась Скобла.

У анталогіі друкуюцца 358 паэтаў розных узростаў, пачынаючы ад Старога Уласа і заканчваючы дваццацігадовай Вольгай Гапеевай. Прытым, складальнік выбраў самыя моцныя вершы ва ўсіх мастацкіх адносінах. Дарэчы, многіх паэтаў і, нават, членаў Саюза беларускіх пісьменнікаў, вершы ў анталогію не ўвайшлі, бо па словах Міхася Скоблы, яны для анталогіі слабыя. Не трапілі ў кнігу вершы П. Шукайлы, Я. Бобрыка, З. Бандарынай, А. Мілюця, П. Граніта, В. Аколавай, М. Шабовіча і многіх іншых вядомых і малавядомых паэтаў.

„Сваю анталогію я склаў на свой густ, са сваім адчуваннем красы і сілы”, — гаворыць ва ўступным слове Міхась Скобла. Сапраўды, у гісторыі Беларусі — гэта першая грунтоўная аўтарская анталогія беларускай паэзіі. Менавіта — аўтарская. І, вядома, не ўсім яна будзе даспадобы, асабліва пакрыўдзяцца тыя, чые вершы сюды не трапілі. Але крыўдаваць не трэба, бо Міхась Скобла ведае толк у паэзіі, і ў літаратуры ў цэлым: калі вершы не трапілі ў анталогію — значыць, яны кволыя. Моцныя, арыгінальныя і вартыя ўвагі чытачоў паэтычныя радкі Міхась Скобла не праміне, як бы ён асабіста да таго ці іншага аўтара не адносіўся і не адносіцца.

Анталогія „Краса і сіла” вялікая не толькі паэзіяй, але і сваімі выдавецкімі маштабамі: у кнізе 880 старонак, а памер яе — 17х27 см. „Складаючы анталогію, я зразумеў, што беларусы — нацыя паэтаў”, — гаворыць Міхась Скобла. Таму, акрамя тых беларускіх паэтаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне, у анталогіі прадстаўлены і нашы паэты з іншых краін свету. І, вядома ж, з Польшчы, найперш з Беласточчыны. Цікава, якія вершы Міхась Скобла адабраў для анталогіі і якіх паэтаў уключыў? І што складальнік пра кожнага напісаў?

Адзін са старэйшых беластоцкіх паэтаў М. Арол (Сцяпан Пятэльскі) прадстаўлены ў анталогіі вершам „Арфа”, які ён напісаў у 1913 годзе. З уступнага слоўца пра М. Арла я даведаўся цікавы факт: „Разам з вершамі дасылаў (М. Арол — С.Ч.) у газету жывыя замалёўкі тагачаснага школьнага жыцця ў Заходняй Беларусі. Напрыклад: «Прачытаў дзецям беларускую казку, верш і кажу: „Будзе на сягоння ўжо”. — „Не, яшчэ пачытайце, яшчэ, яшчэ...”. Чытаю яшчэ, і мусіць, каб чытаў усю ноч, то не перасталі б слухаць. А возьмеш чытаць па-расейску — не тое: хлопцы — адзін спіць, другі штоўхае таварыша ў бок, трэці смяецца...».

У анталогію ўвайшоў верш „Пяльгрым” Францішка (Франука) Грышкевіча, які быў родам з мястэчка Сухаволя.

Вершам „Яднанне з прыродай” выступае ў анталогіі Віктар Швед. Пра яго складальнік піша: „Памятаю, як у рэдакцыі „ЛіМа”, прыехаўшы з Беластока ў Мінск на сваё 75-годдзе, В. Швед захоплена расказваў у колькіх школах, гімназіях і ліцэях на Беласточчыне ён выступіў у свой юбілейны год. Мінчукі ажно зайздросцілі — і творчаму доўгажыхарству, і колькасці беларускіх навучальных устаноў у суседняй Польшчы”.

Надрукаваны ў анталогіі і арыгінальны верш Дзмітры Шатыловіча „Сабор святой Сафіі”. Аўтар жыве ў Варшаве, а нарадзіўся ў Чаромсе Гайнаўскага павета.