Выбрать главу

Акрамя даследаванняў тэатральнага жыцця Заходняй Беларусі і творчасці Астроўскага на беларускай сцэне, Арсень Лабовіч шмат напісаў і апублікаваў матэрыялаў аб праблемах сцэнічнага ўвасаблення драматургіі Максіма Горкага ў тэатрах Беларусі, пра польска-беларускія тэатральныя ўзаемаадносіны і на розныя іншыя тэмы, звязаныя з нашым нацыянальным тэатральным мастацтвам. 28 верасня 2003 года Арсеню Аляксандравічу Лабовічу спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння. Але яму ніколі столькі не дасі, ён заўсёды быў і застаецца маладым, апантана-улюбёным у беларускі тэатр. Можа гэта любоў да ўсяго цудоўнага і зберагла яго, і беражэ надалей.

А шлях да тэатральнага мастацтва ў беластоцкага хлопца быў просты. У 1949 годзе ён скончыў Беларускі тэатральны інстытут, пасля заканчэння якога працаваў у культасветустановах Гродна, Стоўбцаў, Навагрудка. З 1959 года — у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Пасля працаваў загадчыкам рэдакцыі мастацтва і архітэктуры выдавецтва БелСЭ, быў загадчыкам кафедры рэжысуры і майстэрства акцёра Мінскага інстытута культуры.

З 1991 года да сённяшніх дзён Арсень Аляксандравіч працуе ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Дарэчы, музей гэты толькі ў мінулым 2002 годзе адкрыў сваю першую экспазіцыю, якая называецца “Вытокі тэатральнай і музычнай культуры на беларускіх землях”. Акрамя гэтай у музеі дзейнічаюць для наведвальнікаў яшчэ тры выстаўкі: “Вобразы памяці” (да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў) і мемарыяльныя экспазіцыі, прысвечаныя творчасці нашых выдатных майстроў тэатральнай сцэны: Л.Александроўскай, С.Станюты, М.Яроменкі і яго сям’і.

Напярэдадні юбілею, я задаў некалькі пытанняў Арсеню Лабовічу, на якія ён пагадзіўся адказаць.

-- Арсень Аляксандравіч, як гэта вы, беластоцкі юнак з глыбінкі, надумаліся стаць тэатральным крытыкам?

-- Тэатразнаўцам я стаў найперш таму, што адчуў у сабе патрэбу выказаць думкі, пачуцці аб тэатры, да якога мяне прыцягвала патрэба душы, патрэба, так бы мовіць, натуры. А калі канкрэтна казаць, дык першыя крокі ў гэтым кірунку я зрабіў, калі быў студэнтам і па заданні выкладчыка гісторыі тэатра Уладзіміра Іванавіча Няфёда пісаў тэматычныя рэфераты. Затым, калі працаваў акцёрам у Гродзенскім тэатры, абласным Доме народнай творчасці, выкладчыкам Гродзенскага культасветвучылішча, пісаў розныя рэцэнзіі на спектаклі. Адначасова адчуў, што такім акцёрам, як разумеў з тэатразнаўчага пункту гледжання, я быць не змагу, таму і перакліфікаваўся ў тэатразнаўцу.

-- Чым вы займаецеся цяпер?

-- У сучасны момант асноўны мой занятак — гэта стварэнне навуковых канцэпцый, творчых распрацовак для раскрыцця дзейнасці майстроў беларускай сцэны і музычнага мастацтва ў экспазіцыях музея, дзе я працую, адлюстравання іх дзейнасці на радыё, тэлебачанні і радыё.

--Што вы скажаце пра сучасны стан тэатральнага мастацтва Беларусі? Што вас радуе і турбуе?

-- Пра стан беларускага сучаснага тэатральнага мастацтва гаварыць цяжка, даруйце за каламбур, таму, што яно ў цяжкім стане. Традыцыйная, рэалістычная драматургія нібы адыйшла ў мінулае, а новая не з’явілася. Асобныя творы як бы з’яўляюцца,але яны другасныя, у іх нехапае арыгінальнасці і навізны, не кажучы ўжо пра нацыянальны каларыт і сутнасць. Галоўны напрамак разлічаны на эпатаж публікі, а не на пранікненне ў сэнс, псіхалогію сучаснага чалавека з яго турботамі, канфліктамі і роздумам.

Турбуе страта народных каранёў у мастацтве, не столькі ў літаральным сэнсе, колькі ў іх трансфармацыі на сучаснасць, на пераасэнсаванне мастацкіх каштоўнасцей. Радуе? З’яўленне і развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу сярод моладзі ў розных галінах грамадскага жыцця, прадчуванне надзеі.

-- Ці падтрымліваеце сувязі са сваёй маленькай радзімай — Беласточчынай?

-- Родная вёска Студзянкі ніколі не забываецца. Я там, хоць і не так часта, але бываю. Там жывуць мой пляменнік Аляксандр Лабовіч — сын брата Сяргея, Арсень Гаўрылёк — сын сястры Любы, а таксама яго родная сястра Ірына Шутко. У Беластоку ж жыве пляменніца Марыя, па мужу Харытон. А ў Варшаве пражывае яшчэ адзін пляменнік — Яўген Лабовіч (палкоўнік у адстаўцы, аўтаінжынер) і шмат іншых блізкіх і далёкіх сваякоў.

На развітанне Арсень Аляксандравіч Лабовіч, карыстаючыся нагодаю, запрасіў усіх наведаць музей, дзе ён працуе.

2003

Генеалагічнае дрэва Прытыцкіх