Роднай сястры беларускага дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі Сяргея Прытыцкага – Іраідзе Царук (Прытыцкай) сёлета споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння. Іраіда Царук – доктар гістарычных навук, прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі, аўтар некалькіх кніг па гісторыі Беларусі.
Іраіда Царук нарадзілася ў вёсцы Гаркавічы Сакольскага павета. Цяпер жыве ў Мінску.
-- Спадарыня Іраіда, давайце напачатку згадаем вашу родную вёску Гаркавічы і пра той час, калі Вы з бацькамі там жылі. А таксама раскажыце пра сваю сям’ю.
-- Бацькі мае былі простыя вясковыя сяляне, жылі ў Гаркавічах і мелі 1,5 г зямлі. І 1,5 г зямлі апрацоўвалі яшчэ брата бацькі, які жыў у Беластоку. Бацька Іосіф Рыгоравіч Прытыцкі нарадзіўся ў Гаркавічах. Маці Наталля Ігнацьеўна таксама родам з Гаркавічаў. Мой дзед – бацькаў бацька -- пражыў ажно 105 гадоў. І што цікава, што ён памёр у полі, калі працаваў. Дзед Ігнат, мамін бацька, быў рэкрутам, адслужыў 25 гадоў. У руска-турэцкую вайну ён быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.
У бацькоў маіх было шмат дзяцей, але многія паўміралі. Выжылі толькі шасцёра. Я была самая малая. Таму на сённяшні дзень у жывых нікога не засталося. Адзін мой брат Аляксандр быў расстраляны немцамі ў 1942 годзе і ён пахаваны ў Юраўлянах. Другі брат Віктар загінуў пад Смаленскам на фронце. Таксама ў 1942 годзе. Маці памерла ў Гаркавічах у 1937 годзе і пахавана ў Юраўлянах. І калі сястра ставіла ім помнік, то туды ўпісала і прозвішча Віктара Прытыцкага. Бо мы шмат гадоў не ведалі, дзе ён загінуў і дзе пахаваны. У мінулым годзе я была ў Гаркавічах і ў Юраўлянах, наведала іх магілы, нашых сваякоў і знаёмых.
-- Сяргей Прытыцкі – гэта таксама Ваш родны брат?
-- Так. Ён быў старэйшы за мяне на 15 гадоў. Але памёр рана -- ва ўзросце 58 гадоў. Сяргей быў дзяржаўным і палітычным дзеячам Беларусі. З 1968 года ён з’яўляўся старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Пра яго напісаны кнігі і нават зняты кінафільм “Чырвонае лісце” на кінастудыі “Беларусьфільм”.
-- У Гаркавічах, здаецца, некалі быў музей Сяргея Прытыцкага. Ці ёсць ён цяпер?
-- Такі музей у Гаркавічах сапраўды быў. Я нават прымала ўдзел у яго адкрыцці. Здаецца гэта было ў 1973 годзе. Для музея я перадавала розныя матэрыялы і фотаздымкі брата. Але цяпер музея Прытыцкага там няма. Калі я наведала Гаркавічы, то пыталася ў вяскоўцаў: а дзе музей? “Даўно ўжо няма музея”, -- казалі мае землякі.
-- А куды падзеліся музейныя экспанаты?
-- Мне сказалі, што музейныя экспанаты забралі ў Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Беласток.
-- З Гаркавічаў родам быў і Павел Валошын. Ці чулі пра такога?
-- Вядома ж. Павел Валошын быў дзеячам нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Спачатку працаваў у Крынкаўскай паштова-тэлеграфнай канторы, а пасля Першай сусветнай вайны – у сельскай гаспадарцы. Быў адным з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і сябрам яе ЦК у 1926-27 гадах. Восенню 1933 года быў арыштаваны органамі НКВД па сфабрыкаванай справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”. Расстраляны ў 1937 годзе. Павел Валошын сябраваў з маім старэйшым братам Аляксандрам. Валошын яго далучыў да палітыкі, да беларускіх справаў. Разам з Паўлам Аляксандр стварыў у Гаркавічах гурток ТБШ. А крыху пазней да іх далучыўся і Сяргей.
-- Спадарыня Іраіда, а як Вы трапілі ў Мінск?
-- Калі мой брат Сяргей быў намеснікам старшыні Беластоцкага аблвыканкама, ён мяне ў кастрычніку 1939 года з вёскі забраў у Беласток. Ён мне замяніў маму і вельмі турбаваўся пра мой лёс. А калі пачалася вайна, я з братам Віктарам хацелі вярнуцца з Беластока ў Гаркавічы, але нас не пусцілі, таму мы далучыліся да бежанцаў і заехалі ажно ў Саратаўскую вобласць Расіі. Там я апынулася ў дзіцячым доме ў Саратаўскай вобласці, а Віктар -- у Саратаўскім рамесленым вучылішчы. З вучылішча ён уцёк і пайшоў дабраахвотнікам на фронт, дзе і загінуў пад Смаленскам. Брат Сяргей не ведаў, дзе я і дзе Віктар. Нас ён пастаянна шукаў. І аднойчы ўбачыў у спісках эвакуіраваных. А калі знайшоў, прыехаў да нас на Саратаўшчыну. Пасля Сяргей зноў вярнуўся на Радзіму і пастаянна мне пісаў пісьмы. Гэта былі вельмі цёплыя і шчырыя лісты, якія дапамагалі мне жыць і адначасова выхоўвалі мяне.
-- А пасля вайны Вы вярнуліся ў Мінск. Так?
-- Калі скончылася вайна, бацька жаніўся другі раз і прыехаў з Гаркавічаў у Мінск, а пасля жыў у Клецкім раёне. Мяне Сяргей з Саратаўскай вобласці забраў у Маскву, дзе я паступіла ў рамесленае вучылішча. Скончыла яго і атрымала спецыяльнасць токара-фрэзероўшчыка. Але хутка захварэла на брушны тыф і прыехала да бацькі. Пасля вылечылася. Закончыла Нясвіжскае педвучылішча і ў ліку 5 % навучэнцаў-выдатнікаў была накіравана на вучобу на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, які скончыла ў 1953 годзе. Тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам Царуком, які таксама быў студэнтам гістарычнага факультэта.