Выбрать главу

-- А чым Ваш муж займаўся і дзе працаваў пасля Белдзяржуніверсітэта?

-- Мой муж родам з Карэліцкага раёна. Кандыдат гістарычных навук. Працаваў намеснікам дэкана завочнага аддзялення Белдзяржуніверсітэта. Даследаваў у свой час пытанні гісторыі КПЗБ. Яму сёлета ў верасні споўніцца 85 гадоў. А бацька мужа – Уладзімір Царук -- быў адным з арганізатараў і кіраўніком падполля і партызанскага руху на тэрыторыі былой Баранавіцкай вобласці ў гады Другой сусветнай вайны, Герой Савецкага Саюза. У вёсцы Ярэмічы Карэліцкага раёна яму стаіць помнік. Дачка Наталля таксама гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, жыве ў Мінску, працуе на гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Як бачыце, уся мая радня сваё жыццё звязала з беларускай гісторыяй.

-- Але найбольш яркая асоба ў нашай гістарычнай навуцы – гэта Вы. Раскажыце пра сваю працоўную і творчую дзейнасць.

-- Пасля таго, як скончыла гістарычны факультэт БДУ, я ў 1957 годзе закончыла яшчэ аспірантуру. У 1965 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю, а ў 1976 – доктарскую. Кандыдацкая і доктарская дысертацыі былі прысвечаны даследаванням эканомікі, гісторыі і культуры Заходняй Беларусі. У 1973 годзе я была выбрана на пасаду дэкана гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта і на гэтай пасадзе адпрацавала ажно да верасня 1986 года.

-- Ці лёгка было жанчыне ў той час узначальваць гістарычны факультэт лепшай навучальнай установы Беларусі?

-- Я ўзначальвала факультэт 13 гадоў. Час той быў нялёгкі, але цікавы. Мы шмат праводзілі навуковых канферэнцый, сустрэч, спартыўных спаборніцтваў, культмасавых мерапрыемстваў і г. д. Я наладжвала сувязі паміж сваім факультэтам і гістарычнымі факультэтамі прыбалтыйскіх вышэйшых навучальных устаноў, расійскіх, украінскіх, узбекскіх і іншых. Мы часта сустракаліся, абменьваліся педагагічным і навуковым вопытамі. Гэта было карысным для нас і для ўсіх гісторыкаў. Памятаю, сустрэліся ў Новасібірску з дэканам гістфаку мясцовага універсітэта Маламётавым, які быў беларусам. Наогул, у Новасібірскай вобласці Расіі шмат жыве і тады жыло беларусаў, продкі якіх былі сасланыя яшчэ ў 1863-1964 гады. Маламётаў прыязджаў да нас на Беларусь і знайшоў сваіх продкаў тут, даведаўся дзе жылі і дзе пахаваныя. Гэта было цікава, як з боку знаёмстваў, так і з навуковага боку. А цяжка было працаваць таму, што факультэт наш быў даволі вялікі: сюды ўваходзілі аддзяленні гісторыі, філасофіі, палітэканоміі, навуковага камунізму, гісторыя КПСС. Было пяць накірункаў працы. І за ўсім трэба было сачыць, наладжваць вучэбны працэс, бо студэнтаў было на факультэце каля 2 тысяч, а выкладчыкаў -- больш за 100. І ніякіх не было сварак, непрыемнасцей, зайздрасці. Усе дружна працавалі і вучыліся.

-- Пасля таго, як Вы пакінулі пасаду дэкана, кім працавалі?

-- Пасля ўзначальвала кафедру гісторыі Беларусі да 1991 года. Маю шмат публікацый і кніг на гістарычную тэматыку. Падрыхтавала 30 кандыдатаў і 6 дактароў навук. Цяпер на пенсіі.

-- А чым Вы займаецеся на пенсіі?

-- Займаюся выхаваннем праўнукаў. А яшчэ, скажу па сакрэту, пішу ўспаміны. Але ўспаміны даюцца даволі цяжка. Таму што не ўсё памятаецца, згадваецца. Хачу таксама скласці генеалагічная дрэва Прытыцкіх. Патрэбны мне запісы з Юраўлянскай царквы.Толькі вось не ведаю дзе іх шукаць: ці ў Гародні, ці ў Беластоку. Але гэта толькі планы. Ці ажыццявяцца яны – цяжка сказаць, бо мне ўжо нямала гадоў.

2008

Культурна-літаратурная Гродзеншчына на старонках тыднёвіка “Ніва”

У пачатку 1980-х гадоў я ўпершыню трымаў у руках беларускі тыднёвік “Ніва”, які 50 гадоў ужо выдаецца ў Беластоку. А справа была вось як. Неяк я, студэнт-першакурснік Белдзяржуніверсітэта, прыехаў у родны Слонім і завітаў да мясцовага, але вядомага ў свой час у Заходняй Беларусі паэта Анатоля Іверса (Івана Дарафеевіча Міско). Сядзім, гутарым, а пасля Анатоль Іверс пытае: “А ці ведаеш ты пра беларускую газету “Ніва”, якая выдаецца ў Беластоку? Ты такой цікавай і дэмакратычнай газеты яшчэ не чытаў. Я яе перачытваю ўсю”. Паэт дастаў з шуфляткі свайго стала некалькі нумароў дзвюхколернай “Нівы” і даў мне на некалькі дзён пачытаць. А пасля параіў: “Ты паспрабуй сваю падборачку вершаў даслаць у гэту газету, адрас там знойдзеш”. Я паслухаўся старэйшага слонімскага сябра і даслаў у “Ніву” свае паэтычныя радкі. Яны хутка былі апублікаваныя, нават са здымкам. І мне з рэдакцыі прыслалі нават газету. Гэта была вялікая радасць.