Беларуская літаратура Беласточчыны – з’ява фенаменальная
Беларускі крытык і літаратуразнавец Уладзімір Казбярук (нарадзіўся ў вёсцы Бандары на Беласточчыне) падрыхтаваў і нядаўна выдаў у Мінску кнігу “Выбраных твораў” Змітрака Бядулі, вершы і апавяданні якога даўно ў Беларусі не выдаваліся. У сувязі з выхадам гэтай кнігі, наш карэспандэнт задаў некалькі пытанняў спадару Казберуку. А таксама запытаўся ў яго пра асабістую творчасць і беларускую літаратуру.
-- Уладзімір Міхайлавіч, чаму Вы вырашалі падрыхтаваць ладны том твораў Змітрака Бядулі?
-- “Выбраныя творы” Змітрака Бядулі з’явіліся ў папулярным мінскім выдавецтве “Кнігазбор”. Калісьці я для гэтага выдавецтва падрыхтаваў Алеся Гаруна і прымаў удзел у падрыхтоўцы кнігі Аляксандра Ельскага. Між іншым, у 2000 годзе там выйшла кніга “Беларускія пісьменнікі Польшчы”, складальнікам якой быў Ян Чыквін. Дарэчы, усе справы, звязаныя з публікацыяй кніг у “Кнігазборы”, вырашае пісьменнік Кастусь Цвірка. Ён мне прапанаваў падрыхтаваць і выдаць Змітрака Бядулю. То я не мог не пагадзіцца, тым больш, што класік нашай літаратуры заслужыў, каб яго творы перавыдаваліся і чыталіся.
-- Бягучы год – год юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вы шмат даследавалі творчасць Якуба Коласа да 1917 года, а таксама яго паэму “Новая зямля”, адносіны Янкі Купалы з Максімам Горкім, пра Купалаўскія пераклады і іншыя матэрыялы. Што Вы скажаце сёння на гэты конт?
-- У свой час адзначаць 100-годдзе з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі я ездзіў у Польшчу. У гэтым годзе ўжо не прымаю актыўнага ўдзелу ні ў якіх мерапрыемствах. Здароўе не дазваляе, дый і мне ўжо 84 гады. Але лічу, што Янка Купала і Якуб Колас ратавалі беларушчыну ад заняпаду, ад той смяротнай небяспекі, якая пагражала ёй з боку такіх дзеячаў, як Кнорын (Кнорыньш) з кампаньёнамі. Пра творчасць народных паэтаў напісана шмат. Але сёння мы яшчэ, магчыма, недастаткова выразна паказалі тую ролю, якую яны і іх найбольш самаахвярныя сучаснікі (у тым ліку і дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі) адыгралі ў пераўтварэнні Паўночна-Заходняга краю ў Беларусь, якая ўжо надзейна займае “свой пачэсны пасад між народамі”, пра неабходнасць чаго з такой надзеяй пісаў калісьці Янка Купала.
-- Уладзімір Міхайлавіч, у 2003 годзе выйшаў асобным выданнем Ваш цікавы навукова-папулярны нарыс “Францішак Скарына”. Скажыце, калі ласка, у чым загадкавасць нашага першадрукара?
-- У чым загадкавасць Скарыны? Скажу шчыра, што сёння нам трэба весці гаворку не пра нейкую загадкавасць беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, а мы павінны больш удумліва спасцігаць тую эпоху наогул і паспрабаваць у сваіх пачуццях прайсці той надзвычай складаны і зменлівы шлях, які давялося адолець яму.
-- Ці цікавіцеся беларускімі літаратурнымі справамі роднай Вам Беласточчыны?
-- Калі дам рады, то я яшчэ падрыхтую зборнік сваіх артыкулаў пра падзеі і літаратуру ХХ стагоддзя. І ў пачатку будуць змешчаны артыкулы, прысвечаныя Беласточчыне. Бо беларуская літаратура Беласточчыны – з’ява фенаменальная. Працуюць там і пішуць толькі энтузіясты, небывала самаахвярныя і адданыя справе беларушчыны. Я ўпэўнены, што настане пара, калі іх заслугі і ўся дзейнасць будуць належным чынам ацэнены.
-- З кім Вы найбольш кантактуеце?
-- Былі калісьці кантакты з многімі. Сёння ж сітуацыя такая (і здароўе, і агульнае становішча), што колішнія канкрэтныя сувязі ў асноўным спыняюцца. Але ўсё ж такі не абарваліся з Алесем Барскім, з прафесарам Базылём Белаказовічам. А Віктар Бура з Гайнаўкі прысылае мне ў Мінск цікавыя кніжкі.
-- Сёння ў Беларусі ўжо існуе два Саюзы пісьменнікаў. Бо Чаргінец падзяліў пісьменнікаў на “чэсных” і “нячэсных”, сваіх і чужых. Як Вы пракаментуеце такую сітуацыю?
-- Я інакш усё бачу. Саюз пісьменнікаў разваліўся без удзелу Чаргінца. Бо я сёння рэальна не бачу Саюза пісьменнікаў, які б арганізоўваў нейкія мерапрыемствы, абмеркаванні, збіраў сходы, рабіў нешта рэальнае для творчага жыцця. Ды яшчэ абодва так званыя “саюзы” не маюць свайго гнязда, свайго памяшкання, дзе яны маглі б нешта арганізаваць ці хаця б збіраць членскія ўзносы. Я, калі б і хацеў сустрэцца з тым Чаргінцом, то не ведаў бы, як гэта здзейсніць. Сумна ўсё гэта...
-- Над чым Вы цяпер працуеце?
-- Толькі што закончыў зборнік твораў Алеся Гаруна для серыі “Школьная бібліятэка”. Ён павінен пабачыць свет яшчэ ў гэтым годзе. Зусім нядаўна з’явіўся другі том “Гісторыі беларускай літаратуры XI-XIX стагоддзяў”, прысвечаны літаратуры XIX стагоддзя. Там ёсць і мае артыкулы. Жнівенскі нумар часопіса “Роднае слова” апублікаваў мой матэрыял пра “Слова аб палку Ігаравым”, ёсць шэраг і іншых задумак.