Спачатку даецца кароткая агульная характарыстыка Сакольскага павета, дзе нядужа многа ёсць прыродных багаццяў: балотная руда, торф, гліна, жвір, камень, дзе прамысловасць развіта слаба, дзе беларуская мова пераважнай большасці жыхароў з’яўляецца роднай мовай (матэрыял збіраўся ў 1957-60-х гадах). Далей аўтар распавядае пра форму сяліб і сядзіб, пра вясковае будаўніцтва. “Сялянскае будаўніцтва Сакольшчыны, як зрэшты і ўсюды, па сваім прызначэнні дзеліцца на аб’екты: жыллёвыя, гаспадарчыя і сакральныя (цэрквы, касцёлы, капліцы, крыжы). У аснову вясковага традыцыйнага будаўніцтва паложаны наступны матэрыял: дрэва, камень, гліна, вапна, салома. Перад Першай сусветнай вайной пераважалі на Сакольшчыне ў асноўным драўляныя будынкі. У міжваенны перыяд у мястэчках і ў багатых сялян пачалі паяўляцца мураваныя будынкі. Гэты працэс працягваецца да сённяшняга дня”, -- піша Мар’ян Пецюкевіч.
Цікава аўтар апісвае збіральніцтва, паляўніцтва, земляробства, пчалярства, прадметы хатняга ўжытку, народнае адзенне і абутак і харчаванне. І чым харчаваліся на Сакольшчыне ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя? Калі верыць Мар’яну Пецюкевічу, то “ячменныя або грачаныя сечаныя крупы рабілі ў жорнах, панцак з ячменю рабілі ў ступе або ў млынах. Бульба вельмі ўзбагаціла меню сялянскай кухні. Сяляне пачалі садзіць яе столькі, каб хапіла для харчавання і на адкорм жывёле. Немалую ролю ў харчаванні адыгрываюць і бабовыя культуры: гарох, фасоля, а раней і боб, а таксама алеістыя: ільняное семя, каноплі, мак. Вялікая ўвага звяртаецца на гародніну. Тут цэнтральнае месца займае капуста, а затым буракі, агуркі, морква, цыбуля, салата і інш. Свежае мяса ў сялянскай хаце паяўляецца толькі восенню, калі рэжуць авечак, і зімой, калі б’юць адкормленых кабаноў. Як тлушч, так і свіное мяса (шынкі), а таксама ператоплены авечы лой перахоўваецца да лета. Цяляты і хатняя птушка ў асноўным прадаюцца. Вельмі важным прадуктам у харчаванні з’яўляецца малако”. Адным словам, меню беларусаў за 40 гадоў амаль не змянілася. Але запісы, зробленыя аўтарам кнігі Мар’янам Пецюкевічам – гэта, сапраўды, вялікі сабраны скарб, які нам застаўся ў спадчыну. І добра, што ён нядаўна выдадзены асобнай кнігаю, дзякуючы ахвяраванням дачок Мар’яна Пецюкевіча Марылі і Міраславы, а таксама сям’і Алены Бублік.
2007
Беласточчына ў паэзіі Віктара Шведа
Беларуска-беластоцкі паэт Віктар Швед застаецца прыхільнікам традыцыйнай паэзіі, якая ў спадчыну нам дасталася ад Янкі Купалы і Якуба Коласа. Паэт ён просты, шчыры, зразумелы і нацыянальны. Як ніхто іншы з беларускіх паэтаў Польшчы, Віктар Швед шмат сваіх паэтычных радкоў прысвяціў роднай Беласточчыне. У 2000 годзе ў Мінску ў “Беларускім кнігазборы” выйшаў ладны том твораў беларускіх пісьменнікаў Польшчы, укладальнікам якога быў Ян Чыквін. Хто-хто, а Ян Чыквін разбіраецца ў паэзіі, можа нават лепш за ўсіх нас. Дык вось ён у гэтую кнігу ўключыў 26 вершаў свайго земляка. Сярод іх – класічна-хрэстаматыйны верш Віктара Шведа “Скажу, бывала: еду да бацькоў”. Ну, дзе вы чыталі раней такі чулліва-пяшчотны верш?.. Верш, які аўтар прысвяціў усім нам, верш, які будзе чытацца заўсёды:
Вёсцы Мора Гайнаўскага павета, дзе нарадзіўся паэт, аўтар прысвяціў цэлую вязанку сваіх паэтычных радкоў. То гэта сум па роднай вёсцы, якая жыве ў марах і снах паэта, то гэта сустрэча з роднаю вёскай, дзе цешыцца надзвычай сэрца, а студня поіць вадою, якая п’ецца са смакам, дзе аўтар шчыра прызнаецца, што “я ж тут бываю толькі госцем”. А верш “Вёска Мора” – гэта верш-сон. Паэт апісвае тое, што часта сніцца яму. А сніцца яму, што ён арэ поле і налёгка ўтрымаць малому плуг. І сніцца, што паэт ідзе раніцай касіць луг, а пасля сніцца ток, калі з бацькам там зімою малацілі авёс, а потым бачыцца ў сне той момант, калі маці пячэ хлеб, а дзеці яго са смакам ядуць. Сённяшнія паэты такое не напішуць. Гэта трэба перажыць, бачыць, ведаць. Гэта было, гэта наша гісторыя і сведкам яе з’яўляецца Віктар Швед, калі апісвае сваю вёску. Няхай гэтыя вершы апісальныя, інфармацыйныя, але яны праўдзівыя, дасканалыя ў гістарычных фактах.