А радзімай паэта Юры Вегава з’яўляецца Сакольшчына на Беласточчыне, дзе ён нарадзіўся 4 красавіка 1891 года. Сапраўднае прозвішча паэта Вегава — Язэп Варонка. Але Язэп Варонка пісаў не толькі рускамоўныя вершы, ён быў і застаўся ў гісторыі Беларусі, як палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст, адзін з пачынальнікаў беларускага палітычнага руху ў ЗША.
Дзіцячыя гады Язэпа прайшлі на Беласточчыне, а вось юнацтва і палітычны вопыт набіраліся ў Санкт-Пецярбургу. Там юнак пэўны час слухаў лекцыі на юрыдычным факультэце мясцовага універсітэта, супрацоўнічаў з рознымі пецярбургскімі газетамі і часопісамі. Да 1917 года паэту і публіцысту Вегаву ў Пецярбургу жылося даволі нядрэнна і весела. Аб гэтым нават згадвае В.Ункоўскі ў рускім часопісе “Возрождение” (Парыж, жнівень, 1956 г.): “Сакратаром рэдакцыі быў сімпатычны студэнт-юрыст Пецярбургскага універсітэту Язэп Якаўлевіч Варонка — беларус з Беластока. Высокі прыгожы брунет, ён хадзіў не ў сціплай тужурцы, а ў адмыслова пашытым студэнцкім сурдуце, зашпіленым на ўсе гузікі. Падкрэслена запаволены, заўсёды чыста паголены, валасы на прабор і нязменная памада. Ужываў дарагую “мужчынскую” парфуму й добра знаўся з ёю.
Жыў ён у памяшканні рэдакцыі (Неўскі праспект, нумар 3, насупраць Галоўнага Штабу), спаў на стосах непрададзеных газетаў (а іх тут былі горы). Заробленыя прагульваў за лічаныя дні, а пасля любіў наспеўваць нешта пра кішэню з дзюркай.
У Пецярбургу выходзіў невялічкі часопіс “Театральное обозрение”, які каштаваў 5 капеек, дзе штодня друкаваліся падрабязныя афішы ўсіх спектакляў і канцэртаў, а таксама тэатральная хроніка. Варонка даваў інфармацыйныя зацемкі, а таму быў сталым наведнікам тэатральных грымёрных і, заляцаўся да артыстак”. Далей аўтар успамінае: “Пазнаёміўся я з Варонкам у 1913 годзе, а эпісталярна мы былі знаёмыя з 1911 года. Тады я быў рэдактарам другога “Всероссийского Студенческого Сборника”. Першы з’явіўся за колькі год перад тым пад рэдакцыяй І. Буніна і М. Целяшова. Варонка даслаў мне для зборніка падпісаную ягоным прозвішчам празаічную мініяцюру “Осеннее” і два вершы пад псеўданімам Юры Вегаў. Усё гэта я надрукаваў. Чысты прыбытак ад продажу зборніка прызначаўся Пяцігорскаму студэнцкаму санаторыю. Першае выданне разышлося, а калі зімою 1913 года я пазнаёміўся з Варонкам, мы задумалі выпусціць “Всеросийский Студенческий Сборник” другім выданнем. Так і сталася: увесну 1914 года другое выданне выйшла, дзякуючы незвычайнай энергіі Я.Я.Варонкі, — кніга з’явілася ў вітрынах кнігарняў Пецярбургу, Масквы, Харкава, Кіева і іншых гарадоў.
Мы з Варонкам сустракаліся не радзей як два-тры разы на тыдзень у рэдакцыі “Воскресной Вечерней Газеты” і ў мяне. Ён быў ня дурань кульнуць чарку, і, памятаю, мы добра гульнулі на маскарадзе “Ярылава ноч”, дзе ўсё было дагары нагамі: Варламаў піў, а Давыдаў танцаваў, і ўсё было накшталт таго ж… І самы танны білет бяз месца каштаваў 25 рублёў, што па тых часох было страшэнна дорага. Я заплаціў за свой “уваходны”, а Варонка, як заўсёды, “злаўчыўся”. Мы весела прабавілі час, скакалі з маскамі, пілі каньяк, цешылі дурня да самай раніцы.
Вайна 1914 году. Мяне мабілізавалі як малодшага доктара ва ўласны санітарны цягнік імператрыцы Аляксандры Фёдараўны, і з Варонкам мы больш не сустракаліся. Але ён часта пісаў мне і на адрас цягніка, і на маю харкаўскую кватэру. Мушу прызнацца, я адказваў не заўсёды. У ягоных лістах не было нічога актуальнага. Ён працягваў супрацоўнічаць з "Обозрением театров". Арганізоўваў штотыднёвыя часопісы — “Вереск”, “Колосья”, але яны спыняліся пасля выхаду першага ж нумару. Яму фатальна не шанцавала. Сябраваў з вядомым таленавітым паэтам Мікалаем Агніўцавым. Той хваліў вершы Варонкі, падпісаныя псеўданімам Юрый Вегаў” (пераклад тэксту з рускай мовы Лявона Юрэвіча).
З 1917 года Язэп Варонка пачынае сур’ёзна займацца палітыкай. Ён уступае ў Беларускую сацыялістычную грамаду, пасля становіцца членам яе Цэнтральнага Камітэта. На розных расійскіх дэмакратычных нарадах і сходах выступаў з прадмовамі ў абарону Беларусі, а таксама супраць урадавай кааліцыі сацыялістычных партый з буржуазнымі.
Жывучы ў Петраградзе, Язэп Варонка ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў гэтым горадзе па аказанні дапамогі тым, хто пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. У канцы 1917 года ён прыязджае ў Мінск, дзе яго абіраюць камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады. Варонка актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда. А ў лютым 1918 года ён становіцца старшынёй Народнага сакратарыята Беларусі і народным сакратаром замежных спраў.