Выбрать главу

Больш за ўсё сваіх паэтычных радкоў, прысвечаных вёсцы Мора, паэт змясціў у зборніку “Родны схоў”(Беласток, 1991). Гэта зборнік-прысвячэнне роднаму схову -- вёсцы, дзе часта згадваецца маці з бацькам, дзе аўтар скажа: “Мая маленькая айчына, мой беластоцкі родны край...”.

Віктар Швед – паэт вёскі. Ён не раз аб гэтым пісаў, казаў, прызнаваўся. Ён вясковы лірык, які шчыра і хвалююча можа весці размовы і са сваімі равеснікамі, і з моладдзю, і з самымі маленькімі слухачамі і чытачамі. Паэт праславіў сваю вёску і сваіх землякоў, што не паверыць у гэта праслаўленне проста немагчыма. Вёска Мора для паэта – гэта нешта святое. І куды там гораду да вёскі:

Даўно я выйшаў з вёскі Мора, У маладым яшчэ жыцці, Іду я пастаянна ў горад І не магу ніяк дайсці.

Але абмяжоўвацца адным Морам, свамі бацькамі і аднавяскоўцамі Віктар Швед не спрабуе. Ёсць у яго арыгінальны верш “З падарожжа”, які Ян Чыквін таксама ўключыў у мінскую кнігу “Беларускія пісьменнікі Польшчы”:

-- Цёзка, Вы з вёскі? -- Не, пане, Мы сяляне. -- Тады, дружа, Вы адкуль жа? -- Мы, пане, Мяшчане. -- А хто вы Па мове? -- Мы, пане, Беластачане.

Пра беластачанаў і Беласточчыну ў паэта Віктара Шведа таксама напісана шмат. Паэтычныя радкі ён прысвяціў і прысвячае амаль усім сваім слынным землякам, беларускім арганізацыям і калектывам, значным падзем Беласточчыны і г.д. З цікавасцю, няхай у іх і не ўсе строфы роўныя ў мастацкіх адносінах, чытаю радкі прысвечаныя настаўнікам і вучням Бельскага беларускага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча, актывістам БГКТ, Гарадоцкаму мастацкаму калектыву, супрацоўнікам “Нівы”, Валянціне Тэрлецкай, Алесю Барскаму і многім іншым. Чытаю верш “Зярняты роднай мовы сеем”, прысвечаны Алесю Барскаму:

Ад гулкіх вуліц Беластока Да стромкіх сосен Белавежы, Сваёй Радзімы сінявокай Прайшлі мы, дружа, многа сцежак...

Апісваючы гулкія вуліцы Беластока і стромкія сосны Белавежы, Віктар Швед разам з тым настальгуе па пражытых гадах, хаця верш моцны ёмістасцю паэтычных дэталяў, упэўненасцю і радасцю, што заўсёды ў жыцці паэтаў была і застаецца Беласточчына.

Адначасова з прызнаннямі ў любові да Беласточчыны, паэт у многіх вершах, ды і ў жыцці таксама, заўсёды з гонарам кажа, што ён беларус. Але які беларус без Белавежскай пушчы, без трэляў салаўёй, без Падляшша. Вось як гучыць прызнанне паэта:

Падляшша, роднае Падляшша, Мая маленькая Айчына! Гасцінная зямелька наша, Прымі, прымі паклон ад сына.

Чытаючы вершы Віктара Шведа, прысвечаныя Беласточчыне, заўважаеш, што яны моцныя сімволікай роднай вёскі Мора, зямлі, мовы, жыта, вятрака, соснаў, Белавежы, сноў. Без іх не пісалася б паэту, не было б паэта Шведа, які найбольш з усіх беларускіх паэтаў Польшчы, хораша і светла апявае сваю Беласточчыну.

У 2008 годзе 2 лютага споўніцца 170 гадоў з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі, кіраўніка паўстання на Беларусі ў 1863-1864 гадах Кастуся Каліноўскага (1838-1864), які быў родам з вёскі Мастаўляны, што на Беласточчыне. Паэт піша верш “Кастусю Каліноўскаму” і прысвячае яго будаўнікам Дома культуры імя Кастуся Каліноўскага ў Гарадку. Верш напісаны даўно, але і сёння ён чытэльны, мае гістарычную афарбоўку:

З бацькоўскай вёскі Мастаўляны Мо і не раз праз Гарадок Ішоў з наборам палымяным “Мужыцкай праўды” ў Беласток...
Аддаў жыццё за наша шчасце, За волю, роўныя правы. Адкрыты нашы сэрцы насцеж – У іх Кастусь заўжды жывы.

У 2000 годзе ў Беластоку асобнай кнігай выходзяць “Выбраныя вершы” Віктара Шведа. Аўтар іх расклаў па раздзелах, з якіх тры -- цалкам прысвечаны Беласточчыне і яе людзям. І аўтар правільна зрабіў. Кніга чытачоў зноў вяртае на вясковую Беласточчыну і ў сам Беласток. З сумам ён канстатуе факт, што на Бацькаўшчыне паміраюць вёскі, паміраюць аселіцы і травой зарастаюць палоскі. Там: