25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Язэп Варонка быў яе адным з арганізатараў і ініцыятараў.
Наогул, Язэп Варонка заўсёды лічыў, што ворагамі беларускага адраджэння з’яўляюцца Расія і Польшча. Адмоўна ацэньваў палітыку ў нацыянальным пытанні як Часовага ўрада Расіі, так і Савета Народных Камісараў. Адначасова асуджаў захоп Беларусі войскамі Польшчы, паказваў крывадушнасць палітыкі польскіх акупантаў, выкрываў іх і крытыкаваў. У сваёй кніжцы “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году” (Коўна, 1920 г.) Язэп Варонка сур’ёзна ўзняў пытанні роднай мовы, адносіны да яе палякаў, рускіх і немцаў. Ён пісаў: “Расейскія русыфікатары лаялі беларускіх дзеячоў за тое, што яны “польскія найміты” і так далей, але ў той самы час палякі ўсюды выступалі проці таго, каб ніякім спосабам не ўводзіць беларускай мовы ў касцёле, бо гэта ёсьць пераход да маскалёў і схызматыкаў. Такім чынам із аднаго і з другога боку беларускую справу залічалі, то да польскай, то да маскоўскай інтрыгі, але фактычна ні адна з гэтых старон справе не дапамагала… А вось немцы падавалі вялікія надзеі ў дапамозе адраджэньню беларускае культуры і распаўсюджэньню беларускага руху. Не можна ўпусьціць з вока таго факту, што фэльдмаршал Гіндэнбург першы ў пачатку 1916 году асобным расказам абьявіў беларускую мову ў старой акупацыі мовай раўнапраўнай іншым мовам у краі: літоўскай, жыдоўскай і польскай. Пры немцах на беларускай мове друкаваліся адозвы, пашпарты, падтрымліваліся беларускія школы, школьныя выдавецтва…”.
У 1923 годзе Язэп Варонка пакінуў Беларусь і эмігрыраваў у ЗША, дзе і пражыў усё сваё астатняе жыццё (памёр 4.6.1952 г.). Там наш суайчыннік быў адным з пачынальнікаў беларускага палітычнага руху. Ён узначальваў Беларуска-Амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, выдаваў газету, арганізоўваў і вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё. Больш шчыра пра амерыканскі перыяд жыцця Язэпа Варонкі напісаў у сваёй кнізе “Беларусы ў ЗША” (Мн., 1993) Вітаўт Кіпель: “Язэп Варонка быў выдатным пачынальнікам і кіраўніком беларускага руху ў Злучаных Штатах. Ён прыехаў у гэтую краіну зь ініцыятывы Янкі Чарапука як прадстаўнік Рады БНР. Я.Варонка да свайго прыезду ў Злучаныя Штаты меў ужо значны досьвед палітычнага кіраўніцтва, займаючы пэўны час сярод іншага пасаду прэм’ер-міністра Беларускае Народнае Рэспублікі. Ён быў высокаадукаваным чалавекам. Ён адыграў значную ролю ў грамадскім і палітычным жыцьці амэрыканскіх беларусаў, а ягонае напахіснае жаданьне заснаваць магутную беларускую арганізацыю заслугоўвае ўсялякае павагі…”.
2005, чэрвень
Язэп Дашута
Пра беларускага святара-марыяніна Язэпа Дашуту напісана мала. Заглянуў у энцыклапедычны даведнік «Рэлігія і царква на Беларусі» (Мн., 2001), а раптам там хоць некалькі радкоў будзе пра яго, ды не — няма ніводнага слоўца. Ды што казаць, туды не ўключылі сотню іншых прозвішчаў беларускіх святароў розных канфесій.
Трохі згадвалі пра святара часопісы «Божым шляхам» і «Znic» у 60-х гадах мінулага стагоддзя, Аляксандр Надсан у сваёй выдатнай манаграфіі «Біскуп Чэслаў Сіповіч — святар і беларус» (Мн., 2004) і Юрась Гарбінскі. Праўда, у некаторых гэтых згадках ёсць памылкі. Адны крыніцы, напрыклад, месцам нараджэння называюць Друю, іншыя — Смаленшчыну. А на самой справе, Язэп Дашута нарадзіўся ў 1890 года ў Саколцы на Беласточчыне ў мяшчанскай сям’і. Спачатку вучыўся ў Сакольскім 4-класным вучылішчы, а пасля ў 1911годзе скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Падчас вучобы быў актыўным сябрам гуртка беларусаў-семінарыстаў. У 1918 годзе Язэп Дашута быў пасвячоны ў святары летувіскім біскупам Францішкам Карэвічам у віленскім семінарскім касцёле.
Сваю душпастырскую дзейнасць наш зямляк распачаў на пасадзе вікарыя ў парафіі Дабжынаў Беластоцкага дэкадэнства. Пасля атрымаў дазвол ад віленскага біскупа Юрыя Матулевіча на вучобу ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.
Па ініцыятыве таго ж Юры Матулевіча ў 1923 годзе ў Друі (цяпер Браслаўскі раён) быў адкрыты беларускі кляштар айцоў марыянаў, куды ў 1925 годзе прыехаў і Язэп Дашута. Пад кіраўніцтвам а.Андрэя Цікоты наш зямляк адбывае год навіцыяту ў Друі і выязджае на далейшую вучобу ў Рым. Там праз год абараняе доктарскую дысертацыю па кананічным праве. Але дзеля сваёй сціпласці ніколі нікому пра гэта а. Язэп Дашута не казаў. Напрыканцы 1927 года ён зноў вяртаецца ў Друю, дзе чакае яго цяжкая душпастырская праца вікарыя, а пасля — пропашча. У адным з пісем да а.Рэклайціса ў Рым Я.Дашута пісаў: "Душпастырскую працу люблю, але пры сённяшніх адносінах суседніх святароў да Друі, асабліва да яе пропашча, працаваць тут незайздросна. Накідаюцца з усіх бакоў…”.