Што датычыць князя Ізяслава Васількавіча, які загінуў у барацьбе з літоўцамі, то трэба найперш адзначыць, што гэта адзіны герой у «Слове», якога не ведаюць летапісы, і таму цяжка сказаць, дзе ён княжыў. Выраз «трубяць трубы гарадзенскія» яшчэ не дае падставы гаварыць, што ён быў князем у Гарадзені (сучаснае Гродна), бо ў той час гарадоў з такой мазвай было шмат. Але, як паказвае «Слова», полацкі і віцебскі князі Брачыслаў і Усяслаў Васількавічы не падтрымалі свайго брата Ізяслава ў барацьбе з літоўцамі. Гэтым яно таксама пацвердзіла, што полацкія князі не былі ў варожых адносінах з Літвой нават і тады, калі з ёю ваяваў іх брат. Такім чынам, «Слова» дае праўдзівую гістарычную карціну адносін паміж Полацкам і Літвой. I таму не маюць рацыі тыя даследчыкі, якія вырываюць з тэксту «Слова» паасобныя месцы, каб пацвердзіць штучную канцэпцыю пра падначаленне Літве беларускіх земляў.
I ўсё ж у першыя тры дзесяцігоддзі XIII ст. у розных крыніцах зарэгістраваны тры літоўска-полацкія канфлікты, на якіх завастраецца асаблівая ўвага ў даследаваннях. Таму яны патрабуюць уважлівага разгляду, каб высветліць іх характар.
Першы з іх знайшоў адлюстраванне ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1201 г. Тут сказана, што летоны, пасля таго, як, прыйшоўшы ў Рыгу, заключылі мір з хрысціянамі, «наступнай зімой, спусціўшыся ўніз па Дзвіне, з вялікім войскам накіраваліся ў Семігалію. Пачуўшы, аднак, яшчэ да ўступлення туды, што кароль полацкі прыйшоў з войскам у Літву (Летонію), яны кінулі семігалаў і паспешліва адышлі назад». Найперш узнікае сумненне, ці былі гэта літоўцы з тэрыторыі сучаснай Літвы, як гэта прынята лічыць, бо ім у такім выпадку не было сэнсу плысці па Дзвіне ў Семігалію, паколькі апошняя знаходзілася на левабярэжжы Дзвіны і на поўдзень ад яе была Літва ў сучасным разуменні і таму да семігалаў прасцей і бліжэй было дабрацца па сушы. Калі ж гэта былі сапраўды літоўцы, то яны жылі не на тэрыторыі сучаснай Літвы, а дзесьці далей на ўсход, побач з Полацкай зямлёй, ім у такім разе зручней было дабірацца да семігалаў па Дзвіне. Незразумела, чаму В. Данілевіч сцвярджаў, што вынікі гэтага паходу полацкага князя ў Літву невядомыя і што, маўляў, такія адзінкавыя спробы ўціхамірыць Літву мала прыносілі карысці для Полацка. Як мы ўжо ведаем з вышэйпрыведзенай вытрымкі, летоны, даведаўшыся, што полацкі князь пайшоў у іх зямлю, адмовіліся ісці ў Семігалію, бо менавіта за намер напасці на апошнюю як на яго ўладанне і помсціў Полацк паходам на Летонію. Такім чынам, тут яўна выявілася сіла Полацка і бяссілле Летоніі. Звяртаем увагу і на тое, што «Хроніка Лівоніі» засведчыла прыналежнасць Семігаліі Полацку.
Паводле Я. Длугаша, у 1216 г. літоўскія дружыны ўварваліся ў ваколіцы Полацка і сталі рабаваць іх. Яны нібыта былі разгромлены і выгнаны смаленскім князем Мсціславам Давыдавічам. Такую магчымасць нельга адмаўляць. Якія б дружалюбныя адносіны паміж суседнімі землямі ні былі, яны тым не менш не перашкаджалі спробе пажывіцца пры нагодзе за кошт суседа. А такая нагода ў 1216 г. магла з’явіцца. Полацкі князь у гэты год сабраў войска, каб ісці на Рыгу, але раптоўна памёр. Таму літоўскія дружыны, якія былі ў складзе полацкага войска, маглі выкарыстаць замяшанне ў Полацку і пачаць рабаваць пры адыходзе менавіта яго ваколіцы. Можна таксама дапусціць, што з-за часовай адсутнасці князя ў Полацку палачане звярнуліся да смаленскага князя, які мог быць удзельнікам паходу на Рыгу і таму прысутнічаў тады ў Полацку, каб расправіцца з літоўцамі. I ўсё ж такога не было. Па-першае, наяўнасць літвы ў войску Уладзіміра гаворыць аб цесным саюзе Полацка з ёю ў гэты час. Па-другое, смаленскім князем быў тады не Мсціслаў Давыдавіч, а Уладзімір Рурыкавіч, які княжыў тут у 1214–1219 гг. Па-трэцяе, гэты апошні таксама не мог бы прыйсці на дапамогу Полацку, бо ў той час удзельнічаў разам з іншымі князямі ў паходзе на Суздаль. Усё гэта адмаўляе факт нападу на Полацк і разгром яго Мсціславам Давыдавічам у 1216 г.
Адзначаецца і яшчэ адзін факт, калі ў 1225 г. літва напала на Полацкую, Наўгародскую і Смаленскую землі. Сапраўды, у Лаўрэнцьеўскім летапісе чытаем: «Тою же зимы воеваша Литва Новгородскую волость, и поимаша множество много христиан и много зла сотворише, воюя около Новгорода, и около Торопца и Смоленска, и до Полотьска, бе бо рать велика ака же не было от начала миру». Аднак у тым жа летапісе, паводле Акадэмічнага спіса, гаворыцца аб нашэсці літвы ў раён Тарапца і Таржка, а Полацк не называецца. І гэты запіс больш праўдзівы, бо ён супадае з адпаведным запісам Наўгародскага I летапісу. Як бачым, усе тры факты, якімі аперыруюць даследчыкі Наўгародскага I летапісу ў пацвярджэнне нападаў Літвы на Полацк, з’яўляюцца малаверагоднымі. А каму, як не наўгародцам, лепш было ведаць, на каго ў гэтым выпадку нападала Літва. I сапраўды, як і ў XII, так і ў XIII ст. Літва з’яўлялася зброяй у руках Полацка для барацьбы з суседнімі землямі. Больш за тое, каб кампенсаваць свае страты ў Ніжнім Падзвінні, якім завалодалі крыжакі, Полацк усё больш умацоўваў сувязь з Літвой і свой уплыў на яе. Аб гэтым і сведчыць усё большая колькасць набегаў літвы на Пскоўскую, Наўгародскую і Смаленскую землі. Вось іх пералік паводле Пскоўскага, Наўгародскага і Суздальскага летапісаў:
1200 г. — на Ловаць,
1210 г. — на Хаданічы,
1213 г. — на Пскоў,
1217 г. — на Шэлонь,
1223 г. — наТарапец,
1224 г. — на Русу,
1225 г. — на Таржок і Тарапец,
1229 г. — на Любну, Марэву і Селігер,
1234 г. — на Русу,
1238 г. — на Пскоў,
1245 г. — на Таржок і Бежыцу,
1247 г. — на Пскоў,
1248 г. — на Зубцоў.
Дарэчы, заўважым, што А. Сабалеўскі на падставе гэтых звестак зрабіў вывад, што Літва ў той час не была ля Вільні і Трокаў, а ў раёне Усвятаў, між Віцебскай і Смаленскай землямі. Але ён не ўлічыў, што Усвяты, далей якіх не гналіся за літвой наўгародцы ў 1223,1225 і 1245 гг., былі крайнім полацкім уладаннем, дзе яна і знаходзіла сабе надзейнае прыстанішча. Апроч таго, ён не ўзяў пад увагу, што ўказаныя ім словы літоўскага паходжання, як «твань», «нетра» і іншыя, сустракаюцца не толькі ва ўказаным ім месцы Смаленшчыны, але і на ўсёй тэрыторыі Беларусі і ўсюды там, дзе ў далёкія часы жылі балцкія плямёны.
Аднак вернемся да разгляду так званых літоўскіх нападаў. Найперш зробім заўвагу, што не заўсёды летапісцы адрознівалі літву ад суседніх народаў. Так, у Пскоўскім летапісе пад 1213 г. чытаем «Изгнаша от себя псковичи литовьского князя Владимира Торопецкого». Такім чынам, нават князь з Тарапца, сын вядомага Мсціслава Удалога, называецца літоўскім. На жаль, даследчыкі не звяртаюць увагі на такія дэталі. Калі ў той час у разрад літоўскіх залічваўся князь з Тарапца, то гэта яшчэ ў большай меры магло рабіцца ў адносінах полацкіх князёў. У свой час гісторык I. Бяляеў зазначыў, што ў летапісах літва і палачане прымаліся за адно і пад імем літоўскіх набегаў разумеліся полацкія.I хаця літва і палачане не заўсёды прымаліся за адно, аб чым сведчаць запісы ў Наўгародскім І летапісе пад 1191, 1198, 1258 і 1262 гг., аднак у выснове I. Бяляева ёсць вялікая доля праўды. Усе гэтыя набегі былі перш за ўсё зброяй полацкай палітыкі незалежна ад таго, хто ў іх прымаў большы ўдзел — палачане ці літва. Як паказваюць летапісы, у пераважнай большасці выпадкаў літва складала галоўны кантынгент полацкага войска і таму гэтыя набегі ў летапісах і называліся набегамі літвы. Нельга згадзіцца з думкай, што яны прыносілі ўзбагачэнне князям Літвы, мэтай якіх было рабаванне, захоп палонных, жывёлы, што з’яўлялася адной з крыніц назапашвання багацця класа феадалаў, які ў той час там фарміраваўся. Бясспрэчна, што ўдзел у гэтых набегах не мог быць бескарыслівым. Аднак у цэлым яны не толькі не ўзбагачалі і не ўзмацнялі Літву, але яшчэ больш яе знясільвалі, бо, як правіла, пераважная большасць з іх заканчвалася паражэннем, стратай палонных і нарабаванага, вялікай колькасцю забітых. На жаль, усё гэта замоўчваецца ў даследаваннях ва ўгоду штучнай схеме: Літва мацнела, Полацк слабеў. Такі сумны зыход мелі набегі 1200, 1210, 1225, 1229, 1234,1245,1248,1253 гг., і толькі рэдкія з іх, як у 1217 і 1223 гг., заканчваліся больш-менш шчасліва. Некаторыя паражэнні насілі яўна катастрафічны характар. Так, у 1225 г. загінула 2 тыс. літвы з агульнай колькасці 7 тыс., а ў 1245 г. Аляксандр Неўскі пад Тарапцом знішчыў больш 8 князёў, а пад Жыжцом і ўсіх астатніх. А колькі ж тады загінула простых воінаў? Пры такім стане рэчаў будзе няправільна гаварыць, што гэтыя набегі прыносілі карысць Літве. Не, гэта магло быць толькі ў інтарэсах полацкіх феадалаў. У. Пашута лічыў, што пра падначаленае становішча палачан сведчыць Наўгародскі I летапіс, які пад 1258 г. паведамляе пра напад ужо не «полочан с литвой», як раней, а «литвы с полочаны» на Смаленск. А крыху вышэй у сваёй кнізе гэты даследчык папракае той самы летапіс за тое, што ў ім пры паведамленні пра паход 1240 г. на Вендэн на першае месца ставіцца літва, тады як галоўную ролю там адыгралі немцы. Гэтым самым аспрэчыў і свой уласны довад наконт адносін Полацка і Літвы. Не меў рацыі У. Пашута і тады, калі сцвярджаў, што гэты паход на Смаленск быў «справай рук Таўцівіла», які княжыў у той час у Полацку. Вядома, што яшчэ задоўга да Таўцівіла палачане хадзілі на Смаленск, а цяпер прымусілі хадзіць і яго. Што набегі літвы на Ноўгарад залежалі ад полацкай палітыкі, сведчыць і такі факт. Як толькі Полацк і Ноўгарад у 1262 г. заключылі мір, літва не толькі спыніла набегі на наўгародскія землі, але і разам з палачанамі стала дапамагаць наўгародцам, як, напрыклад, пры паходзе на Юр’еў супраць немцаў у 1262.