Выбрать главу

Іпацьеўскі летапіс, гаворачы пра падзеі 50–60-х гг. XII ст., паказвае, адкуль менскія князі чэрпалі дадатковыя сілы для барацьбы з полацкімі князямі. Адзін з самых непакорных — Валадар Глебавіч — у 1159 г., адмовіўшыся мірыцца з полацкім князем Рагвалодам, «ходяше по литвою в лесах», г. зн. збіраў там сілы для барацьбы са сваім праціўнікам, а ў 1162 г. з літвою нанёс цяжкае паражэнне палачанам.

Але калі да 70-х гадоў XII ст. літва выкарыстоўваецца галоўным чынам менскімі князямі ў барацьбе з Полацкам, дык пачынаючы з 80-х гадоў яна служыць інтарэсам усёй Полацкай зямлі. Характэрна, што ў 1180 г. прывялі літву пад Друцк не суседнія з ёю менскі і ізяслаўскі князі, а палачане. Гэта і сведчыць пра ўмацаванне сувязі з Літвой усёй Полацкай зямлі, а не асобных яе ўдзелаў, як гэта было раней. Ноўгарад добра бачыў, што вайсковая сіла Полацка знаходзіцца ў Літве, і таму імкнуўся пасварыць іх паміж сабой. Спроба гэта была зроблена яшчэ ў 1191 г. Тады наўгародцы вырашылі навязаць палачанам паход на Літву. Праўда, У. Пашута зазначыў, быццам гэта палачане хацелі ў асобе наўгародцаў знайсці сабе саюзнікаў супраць літвы і нават эстаў. Памылковасць гэтага меркавання відавочная: палачанам ніколі не было патрэбы ваяваць з літвой і тым больш з эстамі, якія былі суседзямі наўгародцаў, а не палачан. Апошнія разумелі, што ісці на Літву — усё адно, што секчы сук, на якім сядзіш. I таму не толькі адмовіліся ад паходу на яе, але ў 1198 г., як паведамляе Наўгародскі I летапіс, прыйшлі з ёю ваяваць Вялікія Лукі.

У сувязі са славянскай каланізацыяй балцка-літоўскіх земляў стаіць пытанне з’яўлення агульных полацка-літоўскіх князёў. Непасрэднае суседства, працяглае гістарычнае сумеснае жыццё беларускіх і балцка-літоўскіх плямёнаў не маглі не прывесці да сваяцкіх адносін паміж полацкімі князямі і літоўскімі кунігасамі. I. Бяляеў на падставе летапіснага паведамлення, якое сведчыла, быццам пры нараджэнні славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея прысутнічалі «валхвы», рабіў вывад, што маці гэтага князя была ліцвінкай і сам Усяслаў быў напаўліцвінам. Аднак справа не толькі ў сваяцкіх адносінах. Полацкія князі, якія ў адрозненне ад князёў іншых старажытнарускіх земляў маглі княжыць толькі ў Полацкай зямлі, страціўшы з той ці іншай прычыны свой пасад, уцякалі ў балцка-літоўскія землі. Вядома, што ў 1129 г. не ўсе полацкія князі былі ўзяты ў палон і адпраўлены ў Візантыю. Некаторыя з іх пазбеглі гэтага і, можна думаць, знайшлі сабе прыстанішча ў Літве. Відаць, адным з іх быў Васілька Святаславіч, які ў 1132 г. пасля выгнання з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка адразу стаў тут князем. За такі кароткі час ён, вядома, не мог прыехаць з Візантыі. Полацка-літоўскім князем быў і Гердзень — сын полацкага князя Давіда Расціслававіча, чаго не адмаўляе сучасная навука. Такім чынам, перш чым стаць «літоўскім» князем у Полацку каля 1265 г., Гердзень быў полацкім князем Нальшчанаў. Беларускія гісторыкі XIXст. М. Без-Карніловіч i А. Кіркор даводзілі, што Гердзень быў бацькам вялікіх князёў Віценя і Гедзіміна.

3 паходжаннем апошніх звязана пытанне ўтварэння Віленскага ўдзела Полацкага княства, што адбылося, відаць, на пачатку XII ст. Васкрасенскі летапіс паведамляе, што пасля 1129 г. «вильняне взяша ис Царяграда князя полотского Ростислава Рогволодовнча детей: Давила князя, да брата его Мовколда князя». Давіл (магчыма, Давід) і быў першым віленскім князем, ад яго ў далейшым, як сведчыць гэты летапіс, паходзяць Гердзень (Ердзень), Віцень і Гедзімін. Гэта тым болей верагодна, што, як гаварылася вышэй, крывічы ішлі з захаду па Нёмане і Вільня магла быць адным з першых буйных крывіцкіх паселішчаў на новым месцы. Нездарма ж нямецкі храніст П. Дузбург у пачатку XIV ст. упамінаў Крывіцію, якая, на думку П. Шафарыка, знаходзілася на поўнач ад Новагародка, дзе ў значнай колькасці маюцца тапонімы накшталт «Крэва» і «Крывічы». Не выключана, што гэтыя крывічы былі язычнікамі. Сапраўды, у «Жыцці трох вялікіх мучанікаў» гаворыцца пра трох знатных ліцвінаў, якія ў першай палове XIV ст. паплаціліся жыццём за прыняцце праваслаўя. Але прозвішчы іх: Круглец, Кумец і Няжыла — чыста славянскія.

Мы лічым, што зусім неправамерна ставіць Васкрасенскі летапіс у адзін шэраг з гісторыка-публіцыстычнымі творамі XVI ст., у якіх тэндэнцыйна скажалася гісторыя BKЛ. Вядома, як і кожная крыніца, запіс аб першых віленскіх князях патрабуе крытычнага падыходу, аднак, на нашу думку, у ім шмат праўдзівага. У. Пашута лічыў вартым увагі сведчанне гэтага летапісу пра сына Гердзеня цвярскога біскупа Андрэя і тым самым прызнаў праўдзівасць яго. Навошта ж тады адмаўляць іншыя звесткі гэтага летапісу, якія не супярэчаць даным сучаснай гістарычнай навукі? Хіба ж не мог узнікнуць Віленскі ўдзел Полацкага княства і хіба не маглі вільняне ўзяць сабе полацкіх князёў, калі вядома, што Вільня заснавана крывічамі, існавала доўгі час як Крывы Горад, ці Крывічград, прынамсі, ужо ў XI ст., магчыма, была адной са сталіц крывічоў? Чаму не маглі паходзіць вялікія літоўскія князі Віцень і Гедзімін ад віленскіх князёў? Чамусьці не звяртаецца ўвагі на тое, што браты Гедзіміна насілі славянскія імёны — Віцень і Воін. Таксама няма падстаў лічыць імя Гедзіміна літоўскім. У свой час В. Юргевіч назваў кур’ёзам паходжанне імёнаў літоўскіх князёў Ягайлы, Кейстута, Гедзіміна, Свідрыгайлы, Скіргайлы, Войшалка, Вітаўта і іншых шукаць у літоўскай мове. Ён шляхам філалагічнага аналізу паказаў славянскае паходжанне імёнаў літоўскіх князёў. Нельга, як гэта назіраецца ў працах некаторых даследчыкаў, паказваць як першасныя імёны Міндаўгас, Войшвілкас, Гедзімінас і інш. У крыніцах існуе шмат формаў імёнаў літоўскіх князёў, за выключэннем гэтакіх. Яны з’явіліся ў працах гісторыкаў толькі ў XX ст.

Полацкія князі, апынуўшыся на балцка-літоўскіх землях, у паганскім асяроддзі, з палітычных меркаванняў прыкідваліся язычнікамі, пра што ў свой час слушна заўважыў А. Кіркор. У сувязі з гэтым заслугоўвае ўвагі тое, што ў пераліку балцка-літоўскіх князёў у дагаворы 1219 г. самы першы і самы старэйшы з іх носіць славянскае імя Жывінбуд. Гэтак жа сама і літоўскія князі (Міндоўг, Войшалк, Даўмонт, Таўцівіл і інш.), апынуўшыся на княскіх пасадах у суседніх славян, прымалі праваслаўе. Відаць, ні полацкія, ні літоўскія князі не вызначаліся рэлігійным фанатызмам і таму па некалькі разоў мянялі сваю веру дзеля палітычных інтарэсаў (Міндоўг, Таўцівіл). Тое, што Воін стаў полацкім князем, таксама сведчыць пра ягоную прыналежнасць да роду полацкіх князёў (полацкае веча не прымала князёў чужых дынастый). А гэта ў сваю чаргу з’яўляецца пацвярджэннем таго, што яго браты Віцень і Гедзімін таксама паходзяць з роду полацкіх князёў. Такім чынам, можна з вялікай доляй упэўненасці сказаць, што з канца XIII ст. у ВКЛ запанавала полацкая княская дынастыя.

Гаворачы пра ўзаемаадносіны хрысціянства і язычніцтва, трэба ўлічваць яшчэ адну акалічнасць. Пашырэнне хрысціянства на беларускіх землях было далёка не мірным працэсам. Яно суправаджалася ўзмацненнем феадальнй эксплуатацыі. А гэта не магло не выклікаць супраціўлення шырокіх мас сялянства, што часам набывала форму барацьбы з хрысціянствам. Трэба думаць, што нямала было сялян, якія, ратуючыся ад феадальнага прыгнёту і звязанага з ім хрысціянства, уцякалі ў балцка-літоўскія землі і там доўгі час заставаліся язычнікамі. Таму пашырэнне хрысціянства на беларускіх землях некаторым чынам спрыяла славянскай каланізацыі ў балцка-літоўскіх землях. Доўгі час заставаліся язычнікамі і асіміляваныя балты. Усё гэта дае падставу меркаваць, што прыналежнасць да язычніцтва не была выключнай адзнакай балтаў не толькі ў XI–XII, але і ў XIII–XIV стст. і нават на пачатку XV ст. Гэтым, відаць, і тлумачыцца тое, што ў асяроддзі беларусаў аж да XX ст. у значна большай ступені, чым у іншых славянскіх народаў, захаваліся перажыткі паганства.

Полацкая каланізацыя, якая ішла галоўным чынам па р. Віліі ў глыб балцка-літоўскіх земляў, садзейнічала далейшаму росту Крывога Горада — Вільні, што ўзвышала значэнне віленскіх князёў. Новагародак мог быць цэнтрам BKЛ да таго часу, пакуль яно не выходзіла за межы Нёманскага басейна. Па меры пашырэння дзяржавы ўсё больш акрэслівалася яго нявыгаднае становішча — ізаляванасць ад іншых земляў, асабліва тых, што ляжалі ў Дзвінскім басейне.

У гэтых адносінах Вільня была ў лепшым становішчы. Размешчаная на скрыжаванні важных гандлёвых шляхоў, у тым ліку і на Віліі, якая злучала яе з Полацкай зямлёй, яна ўсё больш набывала цэнтральнае значэнне ў дзяржаве. «Яшчэ да часу княжання Гедзіміна Крывы Горад развіўся ў такое значнае паселішча, што Гедзімін палічыў патрэбным перанесці ў яго сталіцу ВКЛ». Няма падставы сцвярджаць, што адной з прычын перанясення сталіцы ў Вільню з’яўлялася тое, што яна была размешчана «ў цэнтры карэннай літоўскай зямлі, цэнтры народнасці». Па-першае, што разумець пад карэннай літоўскай зямлёй? Ёю была найперш зямля летапіснай Літвы, якая, як мы бачылі, знаходзілася ў Верхнім Панямонні, у акружэнні славянскіх земляў. Па-другое, Аўкштайція і Нальшчаны ўжо даўно былі аб’ектам крывіцкай каланізацыі, вынікам чаго і было ўзнікненне Крывога Горада — Вільні, які, паводле даных археалогіі, «быў заснаваны крывічамі ў час пашырэння тэрыторыі Полацкага княства ў раннюю феадальную эпоху на захад». Таму становішча Вільні вызначалася не тым, што яна была цэнтрам «карэннай літоўскай зямлі», а тым, што гэта быў адзін з даўніх і буйнейшых цэнтраў крывіцкай каланізацыі балцка-літоўскіх земляў. Праўда, там жыло разам з крывіцкім і карэннае насельніцтва, стаяла свяцілішча паганскага бога Пяркунаса, аднак усё гэта ўжо не было вырашальным фактарам. Тут, як і паўсюдна на балцка-літоўскай тэрыторыі, куды пранікла крывіцка-дрыгавіцкая каланізацыя, працягваўся інтэнсіўны працэс асіміляцыі. Наколькі ён быцў моцны, сведчыць і тое, што ў летапісе, дзе апавядаецца аб заснаванні Гедзімінам Вільні (як мог літовец даць ёй славянскую назву?), Вілія ўжо не называецца па-літоўску Нярысам. А. Качубінскі памыляўся, калі лічыў, што беларуская мова пашыралася на захад ад Вільні толькі ў апошнія дзесяцігоддзі ХІХ ст., бо ўжо ў кнізе, выдадзенай у 1861 г. гаворыцца, што ў прасторы паміж Вільняй і Трокамі просты народ, г. зн. карэннае насельніцтва, гаворыць па-беларуску. Але А. Качубінскі зусім слушна адзначаў, што Віленская губерня ўваходзіць у тэрыторыю беларускага племя і сама Вільня ўжо за рубяжом літоўскім. У свой час У. І. Ленін адзначаў, што ў Віленскай губерні літоўскім з’яўляецца толькі Троцкі павет. Такі вынік быў прадвызначаны яшчэ ў XI–XIII стст. заснаваннем тут Вільні і іншых крывіцкіх калоній у Нальшчанах і Аўкштайціі.