Выбрать главу

Пра тое, як фальсіфікаваў Стрыйкоўскі гісторыю ў кірунку перабольшвання літоўскай сілы і небяспекі, яскрава сведчыць такі факт, прыведзены ў свой час М. Дашкевічам. Рускі летапіс пад 1089 i 1103 гг. паведамляў, што на рускую зямлю напалі «прузи», г. зн. саранча. Пад пяром польскага храніста XV ст. Я. Длугаша «прузи» ператварыліся ў прусаў, адно з балцкіх плямёнаў. Стрыйкоўскі ж, беручы гэта месца ў Длугаша, да прусаў дадаў яшчэ літоўцаў і яцвягаў. Так былі ўнесены ў «Хроніку» прыдуманыя напады прусаў, літоўцаў і яцвягаў на рускую зямлю.

Такім чынам, у XVI ст. у Маскоўскай дзяржаве і ў BKЛ узнікла версія пра заваяванне Беларусі Літвой. Толькі ў «Сказании о князьях владимирских» даводзілася, што літоўскі князь Гегіменік прысвоіў беларускія і ўкраінскія землі пасля даручэння яму маскоўскім князем сабраць з іх даніну для сябе, а беларуска-літоўскія летапісы і «Хроніка» Стрыйкоўскага сцвярджалі, што жамойцкія князі па сваёй ініцыятыве ўзялі пад апеку беларускія землі, спустошаныя татарамі. Кожны з гэтых варыянтаў, як мы бычылі, адпавядаў палітычным мэтам варагуючых дзяржаў. У далейшым гістарычная навука высветліла, што не існавала ніякіх ні Мантвіла, ні Ердзвіла, ні Мінгайлы, ні Гінгвіла. Аднак міф пра заваяванне Беларусі Літвой застаўся. На месца іх былі знойдзены іншыя кандыдаты на ролю заваёўнікаў, у прыватнасці Міндоўг, які па сённяшні дзень фігуруе ў гэтай ролі.

Жывучасць версіі пра літоўскае заваяванне Беларусі тлумачыцца тым, што яна была выкарыстана рускай дакастрычніцкай гістарыяграфіяй з мэтай пацвярджэння рэакцыйнага тэзіса пра выратавальнае значэнне для Расійскай імперыі самадзяржаўя. Афіцыйныя гісторыкі і сканструявалі схему, паводле якой Расія ў выніку заняпаду самадзяржаўя слабела, а Літва нібыта ў выніку зараджэння ў ёй моцнай манархічнай улады Міндоўга мацнела і таму яна стала для Рускай дзяржавы такім жа страшным ворагам з захаду, як татары з усходу

В. Тацішчаў казаў: «Тогда татары, нашед, всем обладали, литовцы бывшую под властию многую часть государства отторгнули». Тое ж самае паўтарыў i С. Салаўёў: «Русь находилась между двумя страшными врагами: татарамн с востока и Литвой с запада». Гэта сцвярджалі і іншыя гісторыкі XIX ст. Не дзіўна таму, што ў дакастрычніцкай гістарыяграфіі тэзіс пра літоўскае заваяванне стаў догмай.

I ў савецкай гістарыяграфіі пытанне ўтварэння BKЛ таксама не атрымала дэталёвага асвятлення. Таму ў падручніках і працах па гісторыі літоўскае заваяванне Беларусі прымалася безагаворачна, як нешта добра вядомае. Пра гэта сведчыць і кніга У. Пашуты «Образование Литовского государства» (1959), а таксама адпаведныя артыкулы «Советской исторической энциклопедии» і іншыя выданні. Вось характэрнае для гістрычнай навукі тлумачэнне прычын літоўскага заваявання Беларусі і ўтварэння Літоўскай дзяржавы: «Літоўскія князі са сваімі дружынамі, карыстаючыся феадальнай раздробленасцю заходніх земляў Русі і Польшчы, часта ўрываліся ў іх прасторы. Уварванне літоўцаў у заходнія землі Русі стала асабліва частым з другой паловы XII ст. У 20-х гадах XIII ст. дружыны літоўскіх князёў гаспадарылі ў Полацкай зямлі, нападаючы адсюль на паўднёвыя ўскраіны Смаленскага княства і Чарнігаўшчыну. Літоўскія князі, скарыстаўшы цяжкую барацьбу рускага народа з татара-манголамі на ўсходзе і нямецкімі агрэсарамі на захадзе, сталі падначальваць сваёй уладзе землі заходняй Русі. Адзін з літоўскіх князёў, Міндоўг, падначаліў сабе другіх князёў Літвы і захапіў землі па верхнім цячэнні Нёмана. Гэтым быў пакладзены пачатак стварэнню Літоўскай дзяржавы. Утварэнне яе вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў, якія хацелі ўмацаваць сваё панаванне над літоўскім сялянствам і ўсталяваць сваю ўладу ў суседніх землях Русі».

Такім чынам, тут вызначаны наступныя моманты захопу літоўскімі феадаламі беларускіх земляў: раздробленасць беларускіх земляў і, як вынік гэтага, іх слабасць; частыя літоўскія набегі на беларускія і суседнія рускія землі; барацьба рускіх земляў з татара-манголамі і нямецкімі агрэсарамі як фактар, які аблегчыў заваяванне беларускіх земляў літоўскімі феадаламі; захоп Міндоўгам беларускіх земляў па верхнім Нёмане, як пачатак утварэння Літоўскай дзяржавы; утварэнне яе вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў.

Ці толькі раздробленасць i слабасць?

Раздробленымі, загразлымі ў міжусобіцах і слабымі паказаны ў даследаваннях і падручніках па гісторыі беларускія землі XII–XIII стст. Яны быццам бы спыніліся ў сваім развіцці і толькі чакалі, калі хто-небудзь іх заваюе і збярэ ў адзінае цэлае, што нібыта і зрабіла Літва, дзе ў выніку развіцця феадалізму ўтварылася дзяржаўная ўлада, абапіраючыся на якую літоўскія феадалы прыгняталі сваіх сялян і заваёўвалі чужыя землі. Чаму не магла ўтварыцца дзяржава на беларускіх землях, дзе феадалізм узнік на некалькі стагоддзяў раней, чым у Літве, і як абыходзіліся беларускія феадалы без дзяржаўнай улады, на гэтыя, як і на іншыя падобныя, пытанні гісторыкі чамусьці адказу не давалі.

Такі погляд на беларускія землі таго часу вынікае з пашыранай у гістарычнай навуцы догмы, паводле якой аб’яднанне Беларусі і ўтварэнне беларускай народнасці і культуры адбывалася ў XIV–XVI стст. пасля так званага літоўскага заваявання Беларусі. У сапраўднасці ж усё было інакш. Працэс збірання паасобных гістарычных абласцей Беларусі ў адзінае цэлае і ўтварэнне беларускай народнасці і культуры пачаўся раней XIV ст. Як адзначыў акадэмік Б. Д. Грэкаў, распад Кіеўскай дзяржавы — перш за ўсё вынік росту асобных яго састаўных частак, кожная з якіх стала праводзіць сваю ўласную палітыку, маючы на ўвазе ўласныя мэты.

Першапачатковым ядром фарміравання тэрыторыі Беларусі была Полацкая зямля. Як сведчаць навуковыя даследаванні, Полацкае княства, якое жыло «сваім асобным жыццём з першага свайго з’яўлення на гістарычнай сцэне», было «найбольш самастойнай палітычнай адзінкай Старажытнай Русі». Размешчаная на скрыжаванні важнейшых гандлёвых шляхоў і аб’яднаная імі, Полаччына эканамічна ўмацавалася і абагнала ў сваім развіцці некаторыя іншыя землі Кіеўскай Русі. У адрозненне ад усіх іх яна мела сваю княскую дынастыю Ізяславічаў. У ёй склалася багатая арыгінальная культура.

Як адзначыў Л. Аляксееў, феадальны клас Полаччыны «раней за феадалаў іншых земляў пачаў пашыраць сваю абласную тэрыторыю». Вось чаму Полацкае княства, якое ўзнікла ў IX–X стст. на невялікай тэрыторыі па Заходняй Дзвіне ў раёне ракі Палаты, ужо к канцу XI ст. «ахоплівала большую частку сучаснай Беларусі. Яно ляжала ў асноўным па Заходняй Дзвіне, Нёмане і Бярэзіне з яе прытокамі». Хоць у пачатку XII ст. княства падзялілася на асобныя ўдзелы, пашырэнне яго тэрыторыі працягвалася. Найбольш моцны з полацкіх удзелаў — Менскі — выступаў сапернікам Полацка ў далейшым збіранні беларускіх земляў. Менскі князь Глеб Усяславіч выкарыстоўваў зручнае геаграфічнае становішча свайго княства, якое, знаходзячыся на мяжы Нёманскага і Дняпроўскага водападзелаў, займала ключавыя пазіцыі на важнейшых гандлёвых шляхах. Ён імкнуўся далучыць да сваіх уладанняў паўднёвыя (прыпяцкія), заходнія (нёманскія) і ўсходнія (дняпроўскія) землі. Дзеля дасягнення гэтых мэт ён ажыццявіў паходы на Слуцк (1116) і разам з палачанамі — на Новагародскую і Смаленскую вобласці (1119). Такім чынам, ужо ў намерах Глеба Менскага акрэсліваюцца ў асноўным контуры будучай Беларусі і цэнтральнае становішча ў ёй Менска.

Аднак пашырэнне Полацкай зямлі «не магло не прывесці да сутычкі з інтарэсамі феадалаў суседніх земляў». Полацкія князі рабілі напады на Ноўгарад, Пскоў, Смаленск. Кааліцыйныя сілы рускіх князёў у сваю чаргу спусташалі Полацкую зямлю, разбуралі яе гарады, нават на некаторы час пазбаўлялі яе самастойнасці і далучалі да Кіева, як, напрыклад, Полацк у 980 i 1129 гг., Менск у 1119 г. Аднак раздробленасць, якая была вынікам феадальнага спосабу вытворчасці, з’яўлялался на той час заканамерным і прагрэсіўным этапам гістарычнага развіцця. Таму яе нішто не магло спыніць. Вось чаму ніякія рашучыя захады кіеўскіх князёў не маглі стрымаць далейшага палітычна-эканамічнага развіцця Полацкай зямлі. Феадальная раздробленасць, як слушна адзначаюць даследчыкі, перш за ўсё праявілася ў Полацкай зямлі, што сведчыла пра яе больш высокае сацыяльна-эканамічнае развіццё ў параўнанні з некаторымі іншымі землямі. Гэта і было прычынай таго, што яна, першай вылучыўшыся з Кіеўскай дзяржавы, у сваю чаргу сама стала дзяліцца на ўдзелы. У кожным з іх замацаваўся той ці іншы род полацкіх князёў. Аднак па-ранейшаму для ўсіх іх быў прывабны полацкі пасад, які меў значэнне велікакняскага і за які пачалася паміж імі барацьба. Яна дасягнула найбольшай вастрыні ў 50–60-х гадах XII ст.