Але феадальная раздробленасць і звязаная з ёю палітычная дэцэнтралізацыя і міжусобная барацьба не маглі цягнуцца без канца. Справа ў тым, што ў нетрах самой феадальнай раздробленасці выспявалі ўмовы для яе адмірання. Ствараючы лепшыя магчымасці для асваення новых земляў і прыродных рэсурсаў, росту гарадоў, развіцця земляробства і рамёстваў, феадальная раздробленасць гэтым самым садзейнічала таварнай вытворчасці, г. зн. вытворчасці непасрэдна для абмену, для гандлю. А гэта ў сваю чаргу вяло да эканамічнага і палітычнага збліжэння паасобных земляў. Менавіта ў Полацкай зямлі, дзе раней пачаўся працэс феадальнай раздробленасці, ён раней і закончыўся. У выніку гэтага і міжусобная барацьба полацкіх князёў паступова заціхла значна раней, чым у іншых старажытнарускіх землях. Ва ўсякім разе яна цягнулася не пазней 1180 г., калі з выключнай яркасцю выявілася адзінства Полацкай зямлі. У паходзе на Друцк, які падпаў пад уплыў Смаленска, удзельнічала шэсць полацкіх князёў, г. зн. уся зямля. Праўда, Л. Аляксееў зазначае, што сярод іх не было менскіх князёў. Аднак катэгарычна сцвярджаць гэта нельга. Калі не было менскіх князёў, дык якія ж былі? У летапісе, дзе перадаюцца гэтыя падзеі, толькі адносна трох князёў пазначаны месцы іх княжання (Полацк, Віцебск, Лагойск). Чацвёрты князь Васілька Брачыслававіч, як слушна лічыць Л. Аляксееў, быў ізяслаўскім князем. Але калі ў гэтым паходзе былі лагойскі і ізяслаўскі князі, то ці можна лічыць, што там не было менскага князя? Ім мог быць Андрэй Валодшыч, сын таго Валодшы, якога ў 1159 г. Глебавічы пасадзілі ў поруб. Чаму ж паход на Друцк выклікаў такое адзінства полацкіх князёў? Бо тут справа ішла пра абарону эканамічна-гандлёвых інтарэсаў усёй Полаччыны, у прыватнасці пра валоданне важнейшым для Полацкай зямлі Друцка-Ушацкім волакам. Без агульнасці эканамічных інтарэсаў полацкіх земляў не магло быць такога ратнага адзінства, якое выявілася ў 1180 г. Праўда, у 1186 г. лагойскі князь Васілька Валадаравіч і друцкі князь Усяслаў, відаць, пад націскам Смаленска, які не мог прымірыцца са сваім паражэннем у 1180 г., разам з ім і Ноўгарадам выступілі супраць Полацка. Аднак гэты паход закончыўся мірна, і ўдзел у ім лагойскага і друцкага князёў не перашкодзіў усталяванню згоды між полацкімі ўдзеламі. Гэта пацвярджаюць падзеі 1195 г., калі полацкія князі ўдзельнічалі ў паходзе на Смаленск і адыгралі вырашальную ролю ў перамозе над ім. Тое, што ў летапісе ўжыты выраз «полацкія князі», гаворыць нам, што іх было некалькі, а можа і ўсе. Л. Аляксееў чамусьці сцвярджае, што Друцк і цяпер знаходзіўся пад эгідай смалянаў, на баку якіх змагаўся супраць чарнігаўскіх Ольгавічаў. Аднак гэта яўна супярэчыць летапісу, у якім сказана, што друцкі князь Барыс захапіў у палон смаленскага князя Мсціслава Раманавіча і аддаў яго чарнігаўцам. Удзел у гэтым паходзе друцкага князя сведчыць, што ваенныя падзеі 1180 г. не прайшлі марна: Друцк па-ранейшаму знаходзіўся ў шчыльным саюзе з Полацкам і ў сферы яго ўплыву.
3 прычыны далейшага развіцця прадукцыйных сіл феадальнага грамадства і пашырэння гандлю пачаўся працэс феадальнай канцэнтрацыі, на аснове якога ішло збліжэнне асобных тэрыторый Полацкай зямлі. I хаця ўдзелы працягвалі існаваць яшчэ доўгі час, аднак міжусобная барацьба паміж імі не адзначана ў крыніцах, як, напрыклад, у сярэдзіне XII ст. Эканамічныя інтарэсы бралі верх і прымушалі падначальвацца ім. Характэрная ў гэтых адносінах грамата полацкага князя Ізяслава (1205), у якой ён піша: «Полотеск Видьбеск одно есть». Гэта грамата выяўляе і прычыну такога адзінства — гандаль па Заходняй Дзвіне: «Полочаном Видьбляном вольное торгованье в Ризе, на Готьском березе и в Любце». Тут зноў выяўляецца яскравая карціна таго, як эканамічныя інтарэсы бяруць верх над княскімі адносінамі. Палітычна Полацк і Віцебск — два княствы, у эканамічных жа адносінах — «одно есть». Такім чынам, няма падстаў гаварыць пра міжусобіцы князёў у канцы XII і ў першай палове XIII ст. Пра палітычную ўстойлівасць унутры Полацкай зямлі сведчыць і тое, што на полацкім пасадзе на працягу 30 гадоў (1186–1216) княжыў адзін князь — Уладзімір Полацкі. Цяжка знайсці ў іншых старажытнарускіх землях такі фенаменальны для часоў удзельшчыны факт. Згуртаванню Полацкай зямлі спрыяла і яе барацьба з крыжацкай агрэсіяй, пра што будзе гаворка далей. Усё адзначанае сведчыць, што напярэдадні і ў час утварэння BKЛ Полацкая зямля ўяўляла сабой больш-менш адзінае цэлае і пра міжусобную барацьбу ў ёй не можа быць гаворкі.
У Турава-Пінскім княстве таксама назіралася тэндэнцыя да збліжэння з іншымі беларускімі землямі, якая праявілася ўжо ў пачатку XII ст. Нездарма ж Глеб Менскі хацеў сілай паскорыць гэты працэс, імкнучыся далучыць да сваіх уладанняў прыпяцкія землі, чым наклікаў на сябе вялікі гнеў і жорсткую помсту кіеўскага князя. У сувязі з гэтым нам хочацца звярнуць увагу на наступны факт. Далучыўшы часова да сваіх уладанняў у 1119 г. Менск, кіеўскі князь у 1131 г. аддаў менскаму князю Ізяславу Тураў і Пінск, якія былі ў сферы ўплыву Кіева. I справа, вядома, не толькі ў тым, што Ізяслаў быў іх стаўленікам (у часы ўдзельшчыны ўсе князі лёгка пранікаліся мясцовымі інтарэсамі). Галоўнае ў тым, што ўжо тады, відаць, пачалі вызначацца эканамічныя сувязі Турава-Пінскай зямлі з Менскам і, як паказала гісторыя, гэтыя сувязі былі невыпадковымі. Яны увесь час мацнелі, што і прывяло ў будучым да з’яднання Турава-Пінскай зямлі з усёй Беларуссю.
У 1158 г. Тураў выйшаў з-пад улады Кіева, і ў ім асела самастойная княская дынастыя. I хоць на тэрыторыі Турава-Пінскай зямлі ўзнік шэраг асобных удзелаў (Тураўскі, Пінскі, Дубровіцкі, Слуцкі, Клецкі і інш.), аднак князі іх дзейнічалі згуртавана. У пачатку XIII ст. Турава-Пінская зямля, пераадольваючы імкненне галіцка-валынскіх князёў падначаліць яе сабе, усё больш і больш звязвае свой лёс з Новагародскай зямлёй. Нездарма ж у 1228 г. новагародцы ўдзельнічалі на баку Расціслава Пінскага ў барацьбе з Данілам Галіцкім, а ў 1263 г. іх князь Войшалк пры дапамозе пінянаў заваёўваў Літву. I гэтыя сувязі былі невыпадковыя.
Менавіта ў канцы XII і пачатку XIII ст. па сваім эканамічна-палітычным развіцці на першае месца сярод іншых беларускіх земляў выйшла Новагародская зямля, якую многія даследчыкі неправамерна называюць Чорнай Руссю (у той час яна не мела такой назвы). На вялікі жаль, гістарычная навука вельмі мала надавала ёй увагі і разглядала яе не як суб’ект гісторыі, а толькі як аб’ект заваёўніцкіх дзеянняў суседзяў. Так, У. Пашута характарызаваў яе «як вельмі істотны фактар гісторыі Літвы». Пытанне аб ролі Новагародскай зямлі ў гісторыі Беларусі, у аб’яднанні беларускіх земляў навукай не было распрацавана.
Летапісныя паведамленні і асабліва археалагічныя даследаванні, праведзеныя ў апошнія дзесяцігоддзі, даюць магчымасць па-новаму зірнуць на гэтую гістарычную вобласць Беларусі. На долю Новагародскай зямлі выпала гістарычная роля стаць у другой палове XIII ст. ядром аб’яднання беларускіх і балцка-літоўскіх земляў у адзіную дзяржаву. У адрозненне ад Полацкай і Тураўскай земляў яна была параўнальна новай гістарычнай вобласцю Беларусі, якая ўзнікла на левым беразе верхняга Нёмана. Яе фарміраванне пачалося з часу заснавання Новагародка (сучасны Навагрудак), наконт чаго выказана некалькі меркаванняў. М. Дзмітрыеў у 1858 г. сцвярджаў, што Новагародак быў заснаваны ў 1116 г. сынам Уладзіміра Манамаха Яраполкам. Аднак гэта не пацвярджаецца верагоднымі крыніцамі. М. Ціхаміраў лічыў, што Новагародак упершыню ўпамінаецца ў 1212 г. Ён спасылаўся на наступнае месца Іпацьеўскага летапісу: «В лето 6720. Король отья Перемышль от Лесьтька Любачев. Лесьтько же зжалися о срамоте своей и после к Новогороду по Мстислава и реки братьми еси поиди и сяди в Галиче». Але тут, як бачым, гаворка ідзе аб нейкім Новагорадзе ў Галіцкай зямлі.