Аднак найбольш верагодна, што да Новагародка адносіцца запіс у Сафійскім I летапісе, дзе пад 1044 г. сказана: «Ходи Ярослав на Литву, а на весну заложил Новогород и сделал и». Такі ж запіс і пад гэтым жа годам маецца ў Наўгародскім IV летапісе і ў В. Тацішчава. Гэты гісторык быў першым, хто выказаў думку, што ўпомнены тут Ноўгарад і ёсць Новагародак Літоўскі, г. зн. сучасны Навагрудак. Аднак яна засталася незаўважанай і забытай. На карысць яе гаворыць наступнае. Ва ўсіх указаных вышэй летапісах заснаванне Новагародка звязваецца з паходам Яраслава Мудрага на Літву. А ў той час, як убачым, пад Літвой разумелася не сучасная Літва, а тэрыторыя Верхняга Панямоння. Менавіта паход Яраслава Мудрага і меў за мэту заваяванне гэтай Літвы. А. Ельскі адзначаў, што Новагародак узнік на мяжы Старажытнай Літвы і яцвягаў, што і слушна, бо пацвярджаецца летапісам, у якім сказана, што паход на Літву Яраслаў Мудры зрабіў пасля паходу на яцвягаў у 1038 г. Аб населенасці Новагародскай зямлі ў мінулым яцвягамі сведчыць тапаніміка. Тое, што яцвягі складалі значную частку насельніцтва ў Новагародскай зямлі, гаворыць за іх важкі ўклад, які яны ўнеслі ў справу ўтварэння ВКЛ. Праўда, Ф. Гурэвіч аспрэчвае ўказаную дату заснавання Новагародка. Аднак яе довады вельмі няпэўныя, бо ў адной працы яна сцвярджае, што гэты горад заснаваны ў першай палове XI ст., у другой сказана, што ў другой палове XI ст., пры гэтым не тлумачыць, чаму яна змяніла сваю думку. Пабудова Новагародка павінна была забяспечыць панаванне Кіева над яцвягамі і Літвой, аб чым і сведчыць хуткая пабудова горада, якая, паводле В. Тацішчава, працягвалася толькі вясну і лета. Горад адначасова стаў і важным цзнтрам славянскай каланізацыі, аб чым сведчыць наступнае паведамленне Тацішчава. На падставе летапісу, які меўся ў яго распараджэнні, ён пісаў, што ў 1119 г. менскі князь Глеб ваяваў Новагародскую (Навагрудскую) вобласць, што належала аднаму з сыноў Уладзіміра Манамаха. Гэта паведамленне, якое сведчыць пра незалежнасць Новагародка ад Кіева, у той жа час паказвае рост яго, які быў вынікам каланізацыі і сцягвання вакол сябе пэўнай тэрыторыі, што і прывяло да ўтварэння Новагародскай вобласці. Каштоўнай з’яўляецца наступная вестка пра Новагародак, якую знаходзім зноў такі ў В. Тацішчава. У ёй паведамляецца, што ў 1130 г. кіеўскі князь Мсціслаў пасля паходу ў Літву вярнуўся ў Новагародак, дзе заклаў царкву (відаць, яе рэшткі выявіў М. К. Каргер у 1961 г.), і адтуль пайшоў у Кіеў. Гэта паведамленне пацвярджае значэнне Новагародка як апорнага пункта кіеўскіх князёў для сваіх паходаў на Літву.
Амаль праз стагоддзе зноў з’яўляецца вестка аб Новагародку на старонках Іпацьеўскага летапісу. У ім пад 1228 г. паведамляецца аб удзеле новагародцаў разам з тураўцамі і пінянамі ў кааліцыі з іншымі князямі ў паходзе на Камянец супраць Данілы Галіцкага. На падставе гэтага можна меркаваць, што барацьба паміж Кіевам і Галічам у той час ішла ў значнай меры з-за Турава-Пінскай і Новагародскай земляў. Гэта тым больш верагодна, што наступнае паведамленне Іпацьеўскага летапісу пад 1235 г. ясна гаворыць аб залежнасці Новагародка і Літвы ад Данілы Галіцкага: «Даниил возведе на Конрада Литву Миндога Изяслава Новогородьского». Самае каштоўнае ў гэтай вестцы тое, што, паводле яе, Новагародак меў свайго князя. Аднак Новагародак не быў толькі цэнтрам асобнага княства. Летапісныя звесткі 50–60-х гадоў XIII ст. гавораць аб наяўнасці цэлай гістарычнай вобласці — Новагародскай зямлі.
Да сярэдзіны XIII ст. Новагародская зямля дасягнула высокага эканамічнага і культурнага развіцця. Гэтаму садзейнічаў шэраг прычын. Тут было добра развітое земляробства, якому спрыяла ўрадлівая глеба, што не патрабавала вельмі цяжкай апрацоўкі (чаго не было ў Падзвінні). Новагародская зямля была краінай развітых рамёстваў. Тут выплаўлялася жалеза і была наладжана вытворчасць разнастайных вырабаў з яго, апрацоўваліся каляровыя і каштоўныя металы. Існавала ганчарнае, кастарэзнае і іншыя рамёствы.
Усё гэта ў першую чаргу адносіцца да Новагародка. Так, па насычанасці жалезнымі знаходкамі ён адзін з самых багатых у гэтых адносінах гарадоў. Можна меркаваць, што адной з прычын хуткага эканамічнага росту Новагародка з’яўлялася тое, што ён быў размешчаны побач з багатымі пакладамі балотнай руды, пра што можа сведчыць назва блізкага пасёлка Руда. Аднак вядучай галіной у Новагародку была апрацоўка каляровых і каштоўных металаў. Праца кавалёў па золату і ювеліраў к XII ст. набыла асаблівае значэнне. Яна ператварыла іх у досыць заможных гарадскіх жыхароў.
Адначасова археалагічныя матэрыялы сведчаць, што Новагародак вызначаўся не толькі інтэнсіўным унутраным жыццём, але і меў шырокія знешнія сувязі. У гэтых адносінах асабліва паказальны такі факт. Новагародак, які па памерах сваёй умацаванай часткі (2,5 га) належыць да невялікіх гарадоў, па знаходках імпартных прадметаў раскошы сапернічае з усімі старажытнарускімі гарадамі, мае унікальныя рэчы. Новагародскі імпарт з поўнай падставай дазваляе лічыць, штоў ХІІ—XIII стст. горад вёў інтэнсіўны гандаль рускімі і заморскімі таварамі. Новагародак вёў ажыўлены гандаль з паўднёварускімі гарадамі, з Полацкам, з Прыбалтыкай і Польшчай, з Візантыяй і Блізкім Усходам.
У выніку развіцця рамёстваў і гандлю і наяўнасці густога сельскага насельніцтва на параўнаўча невялікай тэрыторыі Новагародскай зямлі было шмат гарадоў: апроч сталічнага — Слонім, Ваўкавыск, Гарадзен (Гродна), Здзітаў, Зэльва, Свіслач і інш. Хоць летапіс упершыню называе іх толькі ў XIII ст., але яны, як паказвае археалогія, узніклі значна раней — у канцы X — пачатку XI ст. Як сведчыць Іпацьеўскі летапіс, у Новагародку (1235), Гародні (1128 г. і інш.), Ваўкавыску (1256) і Свіслачы (1256) былі свае князі. Можна думаць, што яны былі і ў іншых гарадах, як, напрыклад, у Слоніме (пад 1281 г. у Іпацьеўскім летапісе ўпамінаецца Васілька Слонімскі, магчыма, князь). Значыць, гэтыя гарады з’яўляліся цэнтрамі асобных удзелаў. Аднак усе яны шчыльна гуртаваліся вакол Новагародка, князь якога, магчыма, меў для ўсіх іх значэнне вялікага князя. Цэнтральнае становішча Новагародка і вызначыла назву гэтай зямлі. Летапісы не зарэгістравалі ніводнага выпадку міжусобнай барацьбы яе князёў. Новагародская зямля была краінай развітога феадальнага грамадства. Ужо ў XI ст. тут панаваў феадалізм і вылучылася сацыяльная верхавіна грамадства, быт якой вызначаўся выключнай раскошай. Наяўнасць багатых магіл побач з мноствам безынвентарных сведчыць пра рэзкую класавую дыферэнцыяцыю грамадства Новагародскай зямлі. Аб высокім сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці Новагародскай зямлі сведчаць і археалагічныя даследаванні Ваўкавыска, Слоніма, Здзітава. Асабліва ў гэтых адносінах вызначаўся Гарадзен. Археалогія сведчыць аб высокім і рознабаковым развіцці яго культуры. Тут, як і ў Полацку, у XII ст. склалася свая самабытная архітэктура, найбольш выдатным помнікам якой з’яўляецца Каложская царква.
Новагародская зямля мела выгаднае геаграфічнае становішча, і гэта асабліва праявілася ў сярэдзіне XIII ст.: «У перыяд двух вялікіх бедстваў, якія абрушыліся на Кіеўскую Русь, Польшчу і Прыбалтыку, — мангольскага заваявання і крыжовых паходаў — Беларускае Панямонне было адносна бяспечнай тэрыторыяй». I таму яно з сярэдзіны XIII ст. стала прытулкам для прадстаўнікоў насельніцтва многіх абласцей Усходняй Еўропы, якія ратаваліся ад жорсткіх заваёўнікаў з усходу і захаду. Прыліў новага насельніцтва, зразумела, не мог не выклікаць яшчэ большага развіцця прадукцыйных сіл Новагародскай зямлі, што ў першую чаргу выкарысталі для свайго ўзбагачэння яе феадалы. Маючы ў сваіх руках вялікія багацці, яны былі зацікаўлены ва ўстанаўленні больш моцнай дзяржаўнай улады, з дапамогай якой можна было б трымаць у пакорнасці сялян і рамеснікаў, захопліваць новыя землі.
Адначасова тут ва ўмовах этнічна разнастайнага насельніцтва фарміравалася новая арыгінальная культура. Даныя археалогіі паказваюць, што ў ёй «дзівосна перапляталіся мясцовыя, паўднёвыя і заходнія рысы, але дамінавала ўсходнеславянская культура. Вельмі магчыма, што менавіта ў гэтых умовах былі закладзены першыя асновы беларускай народнасці». Як бачым, найноўшыя навуковыя даныя адхіляюць укаранелую ў навуцы думку, паводле якой фарміраванне беларускай народнасці і культуры пачалося пасля ўваходжання Беларусі ў склад Вялікага княства Літоўскага, дзесьці ў XIV–XVI стст.
Усё разам узятае — высокае эканамічнае развіццё, прыліў новага насельніцтва, што абумовіла далейшы рост прадукцыйных сіл, канцэнтрацыя вялікіх багаццяў у руках новагародскіх феадалаў і далейшае ўмацаванне іх улады — павялічвала палітычную вагу Новагародскай зямлі сярод іншых гістарычных абласцей Беларусі і дало ёй магчымасць стаць новым дзяржаваарганізуючым цэнтрам беларускіх і размешчаных сярод іх балцка-літоўскіх земляў.
Наяўнасць мяшанага дрыгавіцка-крывіцкага насельніцтва і інвентар могільнікаў, тып жыллёвых збудаванняў пераканаўча сведчаць пра шчыльныя эканамічныя і культурныя сувязі Новагародскай зямлі з Полаччынай. Новагародскі храм XII ст. носіць на сабе яскравыя сляды ўплыву полацка-віцебскага дойлідства. Нездарма ж некаторыя даследчыкі лічылі, што Новагародская зямля належала Полацкаму княству. Ва ўсякім разе бясспрэчна тое, што працэс узаемнага эканамічнага і культурнага збліжэння паміж беларускімі землямі ў XII-XIII стст. не толькі не абмінуў Новагародскую зямлю, але і выразней за ўсё тут праявіўся. Эканамічна магутныя новагародскія феадалы і ўзялі ў свае рукі збіранне ў адзінае цэлае беларускіх земляў, эканамічнае і культурна-этнічнае збліжэнне якіх пачалося раней.
Значэнне Новагародскай зямлі як цэнтра новай дзяржавы добра разумелі галіцка-валынскія князі, якія самі прэтэндавалі на ролю збіральнікаў паўднёвазаходніх і заходніх старажытнарускіх земляў. I таму аслабленне і захоп яе былі іх мэтай. Аднак мангола-татарскае нашэсце аслабіла Галіцка-Валынскую зямлю, і яе князі павінны былі саступіць ролю збіральнікаў гэтых земляў Новагародку.
Такім чынам, у сярэдзіне XIII ст. цэнтр палітычнага жыцця Беларусі перайшоў з Полацка ў Новагародак, які стаў асяродкам зараджэння новай дзяржаўнасці. Вядома, гэта не гаворыць аб страце Полацкам свайго значэння ў далейшай гісторыі Беларусі. Ён яшчэ доўгі час быў цэнтрам сваёй зямлі і адыгрываў вялікую ролю ў эканамічным, палітычным і культурным жыцці ўсёй дзяржавы. Такім чынам, не ўтварэнне BKЛ было перадумовай фарміравання тэрыторыі Беларусі і беларускай народнасці і культуры, а, наадварот, працэс фарміравання тэрыторыі Беларусі, беларускай народнасці і культуры, які праходзіў на грунце эканамічнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў, і зараджэння новай дзяржаўнасці ў Новагародку быў перадумовай утварэння ВКЛ.