Выбрать главу

Зараз, калі больш дэталёва пачало разглядацца пытанне ўтварэння ВКЛ, шэраг даследчыкаў, асабліва летувіскіх, пачалі з асаблівай настойлівасцю даказваць, што пачатковая Літва і знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Летувы. Пры адсутнасці на гэта пісьмовых доказаў упор робіцца на археалагічныя матэрыялы. Так, у Вільні знойдзены рэшткі каталіцкага храма, і сцвярджаецца, што ён быў пабудаваны Міндоўгам у сваёй сталіцы, калі ён прыняў каталіцкую веру. Або сцвярджаецца Т. Баранаўскасам і Г. Забелам, што дваром Міндоўга з’яўлялася Латва (Анікшчанскі р-н, Летува). Аднак археалагічныя дадзеныя могуць толькі сведчыць аб характары культуры, ступені яе развіцця, але яны не могуць устанавіць тагачасную назву той ці іншай тэрыторыі, бо на гэта могуць ўказваць толькі пісьмовыя звесткі.

Было зроблена пярэчанне, што тэрыторыю, паказаную намі як Літву, з IX ст. займалі славяне і што тут з X ст. існаваў старажытнарускі горад Ізяслаўль. Аднак славяне на гэтым месцы, як і на ўсёй тэрыторыі Беларусі, не былі аўтахтонамі, бо да іх, як зазначае Ф. Гурэвіч, «тут жылі балцкія плямёны культуры штрыхаванай керамікі». На гэта ўказваюць і археалагічныя помнікі, такія, як Гарадзішча (Баранавіцкі р-н), Бяздоннае, Кабакі, Ніз (Слонімскі р-н), Валожын (Валожынскі р-н), Дзяржынск, Навасады, Старая Рудзіца (Маладзечанскі р-н) і інш.

Трэба зазначыць, што першапачаткова ў канцы X ст. падпадала хрысціянізацыі толькі славянскае насельніцтва, а іншапляменнае заставалася ў язычніцтве. Вось чаму астравы балцкага насельніцтва яшчэ доўгі час існавалі на Беларусі, як, напрыклад, у раёне Абольцаў (Талачынскі р-н), Гайны (Лагойскі р-н) і інш. Насельніцтва іх было ахрышчана ў каталіцкую веру па ўмове Крзўскай уніі 1385 г. Між іншым, гэтым і тлумачыцца, чаму ў Абольцах і Гайне былі пабудаваныя першыя касцёлы на тэрыторыі Беларусі. Не выключана, што насельніцтва гэта, у тым ліку і Старажытнай Літвы, акружанае славянамі, у значнай ступені асімілявалася і было не столькі балцкім, колькі язычніцкім. Як убачым, Міндоўг і Войшалк спачатку былі язычнікамі. Нездарма ж пазнейшы Хлебнікаўскі летапіс у адрозненне ад «Аповесці мінулых часоў» Літву змяшчае сярод славянскіх плямёнаў.

У святле прыведзеных намі фактаў цяжка пагадзіцца з думкай, што найбольш раннія ўпамінанні Літвы адносяцца да ўсходняй, цэнтральнай і занямонскай частак сучаснай Літвы. Гэта адхіляецца першым жа ўпамінаннем Літвы пад 1009 г. у Кведлінбургскіх аналах. Ужо тое, што ў гэтай лацінамоўнай крыніцы назва «Літва» выступае ў славянскай форме і што тут гаворыцца аб яе сумежжы з Руссю (in confinio Rusciae et Lituae), сведчыць аб тым, што гаворка тут можа ісці аб Літве ў Верхнім Панямонні, бо толькі ў такім выпадку яна магла межаваць з Руссю, ад якой тэрыторыя сучаснай Літвы была адгароджана яцвягамі. Між іншым, у Летуве ўжо зараз пачалася шырокая падрыхтоўка да святкавання ў 2009 г. 1000-годдзя з часу ўпамінання Літвы ў пісьмовых крыніцах, прычым лічыцца, што яно адносіцца да тэрыторыі сучаснай Літвы. А гэта раўназначна таму, калі б 4 ліпеня 1957 г. беларусы адзначылі 800-годдзе першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах Белай Русі, паколькі ў адной з іх пад 1157 г. гаворыцца: «По смерти Юриеве (Даўгарукага) ростовцы, суздальцы и владимирцы со всеми городы здумавше пояше Андрея (Багалюбскага), старейшаго Юриева сына, и посадиша его на отчим столе во всей Белой Руси иуля 4 дня». 3 гэтага асабліва відавочна, што як Андрэй Багалюбскі не можа лічыцца беларускім князем у сучасным значэнні гэтага слова, бо ў той час пад Белай Руссю разумелася іншая тэрыторыя (цэнтр сучаснай Расіі), так і Міндоўга і іншых так званых літоўскіх князёў нельга лічыць за такіх у сучасным значэнні гэтага слова, бо ў той час пад Літвой разумелася іншая тэрыторыя (Верхняе Панямонне).

Сапраўднае месцазнаходжанне Старажытнай Літвы пацвярджаюць і наступныя паведамленні аб Літве, звязаныя са згаданымі вышэй паходамі на яе Яраслава Мудрага ў 1040 і 1044 гг. У Я. Длугаша знаходзім дадатковыя звесткі аб гэтым, а менавіта тое, што кіеўскі князь «разбіў на палях слонімскіх (прыгадаем, што тут ёсць таксама тапонім «Літва» — М. Е.) і завалодаў ёй да Нёмана», г. зн. захапіў яе левабярэжную частку. Прыведзеныя факты абвяргаюць і думку, што тапонімы «Літва» ва ўказаным намі рэгіёне з'явіліся ў выніку прасоўвання сюды пазней (калі менавіта, не ўказваецца) літоўскіх паселішчаў. Аднак падзеі 1009, 1040 і 1044 гг. паказваюць, што ўжо ў XI ст. гэта мясцовасць называлася Літвой.

Некаторыя даследчыкі, каб даказаць знаходжанне Старажытнай Літвы на поўдні сучаснай, з назвы рэчкі «Летаўка» (правы прыток Віліі ў раёне г. Кернаў) выводзяць назвы «Летува — Летава — Літва». Аднак гэта вельмі праблематычна, бо ў самых ранніх пісьмовых звестках, як і ў тапаніміцы. адлюстравалася назва «Літва», а не «Летува» і не «Летава». Ва ўсякім выпадку нельга бачыць толькі ўказаны спрэчны гідронім і не заўважаць цэлае гняздо адзначаных вышэй красамоўных тапонімаў «Літва» ў Верхнім Панямонні. Нельга прызнаць удалай і спробу лакалізаваць на тэрыторыі сучаснай Літвы ўладанні літоўскіх князёў XIII ст., згаданых у пісьмовых крыніцах. Справа ў тым, што тапонімы, падобныя на імёны названых князёў, ёсць не толькі на тэрыторыі Літвы, але і ў іншых мясцовасцях, у прыватнасці на Беларусі, як, напрыклад, Таўтвілы (Пружанскі р-н), Юткі (Мядзельскі р-н). Даўяты (Браслаўскі р-н), Руклі (Аршанскі р-н) і інш. Спасылка Р. Батуры на грамату Міндоўга ад 1253 г.нічога не дае для высвятлення месцазнаходжання Старажытнай Літвы ў Аўкштайціі, паколькі ў гэтым дакуменце пералічаны землі, якія нібыта належалі Літве, але што разумелася пад ёй, тут не відаць. Тое і ў адносінах дагавора Гедзіміна ад 2 кастрычніка 1323 г. Ужо тое, што гэты князь, называючы сябе каралём Літвы, палічыў патрэбным у ліку іншых земляў, ад імя якіх ён заключыў дагавор, назваць Аўкштайцію і Жамойцію, гаворыць аб іх такім агульнавядомым найменні ў той час і што тытул караля Літвы, такім чынам, паходзіў не адсюль. Гэта ж пацвярджае і П. Дузбург, у якога Аўкштайція паказана ў сувязі з падзеямі 1291–1300 гг. як «уладанне караля Літвы» (terra regis Litowia), з чаго відаць, што Літва і Аўкштайція — розныя ў той час геаграфічныя паняцці. Як доўга яшчэ трымалася назва «Аўкштайція» ўжо ў час існавання BKЛ, сведчыць упамінанне яе Вітаўтам у пісьме ад 11 сакавіка 1420 г. Тое, што ў 1268 г. Нальшчаны названы «правінцыяй Літвы», не гаворыць аб пашырэнні назвы апошняй на гэту зямлю, а толькі аб прыналежнасці яе да Літвы, што і адпавядала сапраўднасці, паколькі Войшалк заваяваў яе разам з Дзяволтай у 1264 г. Калі Вартберг паказаў Кернау ў Літве, то гэта зразумела, бо ён пісаў сваю хроніку пасля 1378 г., калі назва «Літва» ўжо замацоўвалася ў іншым месцы. Выказана яшчэ думка, што з тэрыторыі, якая нібыта з’яўлялася цэнтрам утварэння феадальнай літоўскай дзяржавы (г. зн. усходу і цэнтра сучаснай Літвы), у пачатку XIV ст. знікла назва «Літва» і заменена там назвай «Аўкштайція». У такім разе незразумела, чаму гэта назва адтуль знікла і калі і чаму яна там зноў з'явілася і замацавалася.