Аднак нельга думаць, што дзейнасць каталіцка-езуіцкай партыі была бесперашкоднай. Менавіта ў гэты час актывізавалі сваю дзейнасць праваслаўныя брацтвы. Яны ўзніклі яшчэ раней, і іх дзейнасць абмяжоўвалася спачатку дабрачыннымі і асветніцкімі мэтамі. Аднак у сувязі з каталіцка-езуіцкім наступам яны сталі на шлях рашучага супраціўлення яму, баронячы сваю царкву, а з ёй і сваю народнасць і мову. Калі ў пачатку брацтвы існавалі толькі ў Львове і Вільні, то пазней яны ўзнікаюць і ў іншых гарадах Беларусі, дзе таксама разгарнулася антыкаталіцкая барацьба. А гэта ў сваю чаргу прымусіла прыхільнікаў уніі ў 1591 г. спешна сабрацца ў Берасці, каб абгаварыць справу падначалення царквы на Украіне і Беларусі рымскаму папу. Асабліва ў змаганні за праваслаўе вызначыўся князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі. Праваслаўе не перашкаджала яму актыўна ўдзельнічаць у Лівонскай вайне супроць адзінавернай Масквы. Як бачым, ён, як і яго бацька Канстанцін Астрожскі, не блытаў адзінаверства з адзінадзяржаўем. Бачачы вялікі аўтарытэт гэтага чалавека сярод праваслаўных, прыхільнікі уніі зрабілі спробу прыцягнуць яго на свой бок, але атрымалі рашучы адказ, што прымусіла іх прыспешыць з прыняццем царкоўнай уніі. 3 гэтай мэтай шэраг вышэйшых асоб праваслаўнай царквы, прыхільнікаў уніі (сярод іх мітрапаліт Рагоза, епіскапы Тарлецкі, Пацей, Балабан, Збіруйскі, Пальчыцкі і інш.), у чэрвені 1595 г. падпісалі акт аб прыняцці уніі.
Адначасова было даручана Тарлецкаму і Пацею ехаць да рымскага папы, які ў канцы гэтага ж года і зацвердзіў аб’яднанне праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай з каталіцкай царквой пад вяршэнствам рымскага папы. Аднак у далейшым выйшла замінка ў гэтай справе. Рэч у тым, што папа Клімент VIII у сваёй буле, высланай мітрапаліту Рагозу адразу пасля выбыцця з Рыма Тарлецкага і Пацея, сярод іншага патрабаваў і ўвядзення ва уніяцкую царкву каталіцкага набажэнства. Аднак мітрапаліт Рагоза і епіскапы, азнаёміўшыся з гэтым паграбаваннем Клімента, незгадзіліся з ім, бо прадбачылі непазбежнасць абурэння праваслаўных з прычыны прымусіць іх прыняць каталіцкае набажэнства. Таму Рагоза і епіскапы зноў звярнуліся да Клімента, каб ён адмяніў гэта патрабаванне, што і было зроблена ім. Яму прыйшлося задаволіцца толькі падначаленнем праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай яго ўладзе.
Трэба звярнуць асаблівую ўвагу на гэты ўчынак мітрапаліта і епіскапаў, бо ён можа характарызаваць іх не як стаўленікаў езуітаў, як яны звычайна падаюцца ў літаратуры, а як тых царкоўных дзеячоў, якія, прадбачачы непазбежнасць жорсткай рэлігійнай барацьбы з прычыны езуіцка-каталіцкага наступу, рашылі пайсці на разумны кампраміс, дапусціўшы толькі падначаленне праваслаўнай царквы Ватыкану, але поўнасцю захаваўшы непарушнасць яе абрадаў, што ў далейшым і адбылося. Менавіта з прычыны пераадолення рэлігійнай барацьбы паміж католікамі і праваслаўнымі ў ВКЛ і ўзнікла ідэя пра царкоўную унію яшчэ ў пачатку XV ст. і з таго часу не знікала з жыцця дзяржавы.
Пасля атрымання ад Ватыкана згоды на правядзенне уніі і ў адпаведнасці з універсалам Жыгімонта III у Берасці ў пачатку кастрычніка 1596 г. і сабраўся сабор, мэтай якога і было абвясціць царкоўную унію. Адначасова тут па ініцыятыве К. Астрожскага сабраўся і праваслаўны сабор, які пракляў усіх тых, хто прысутнічаў на уніяцкім саборы і пазбавіў свяшчэннага сану мітрапаліта і епіскапаў, якія арганізавалі і праводзілі яго. У сваю чаргу уніяцкі сабор зрабіў тое ж самае ў адносінах удзельнікаў праваслаўнага сабора. 9 кастрычніка 1596 г. пасля ўрачыстай працэсіі ў час набажэнства і была абвешчана царкоўная унія, якая па месцы свайго абвяшчэння і ўвайшла ў гісторыю як Берасцейская унія. У ацэнцы характару і значэнні яе ў нашай гісторыі трэба ўхіляцца ад адназначнасці. Усё залежала ад таго, мэтай чаго яна была для пэўных грамадска-рэлігійных колаў. Зразумела, што для польска-каталіцкіх колаў яна была сродкам паступовага акаталічвання і апалячвання шырокіх мас праваслаўнага насельніцтва. Яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца ліст Жыгімонта III ад 18 лютага 1595 г. да Іпація Пацея, у якім адабраецца і заахвочваецца дзейнасць апошняга «…ко злученью и зьедноченью костёла божьего грецкого з повшехным з Римским». (Як бачым, яшчэ і Жыгімонт III вымушаны быў лічыцца з шырокім ужываннем тагачаснай беларускай мовы, і таму на ёй пісаўся яго ліст.) А ў жніўні таго ж года, калі яшчэ афіцыйна не была абвешчана унія, ён выдае жалаваную грамату аб перавагах і прывілеях тых, хто яе прымае.
Падрыхтоўка, прыняцце і далейшае ўкараненне уніі выклікалі абвостраную барацьбу, што парадзіла ў нас багатую палемічную літаратуру. Калі адны (П. Скарга, I. Пацей, В. Руцкі, I. Кунцэвіч і інш.) выступалі ў абарону уніі, то іншыя (М. Сматрыцкі, А. Карповіч, С. Зізаній, А. Філіповіч, І. Барэцкі і інш.) гнеўна асуджалі яе. У канцы XVI — першай палове XVII ст. палемічныя творы сталі фактычна галоўным жанрам беларускай і ўкраінскай літаратур, што паглынула сабой значныя інтэлектуальныя сілы тагачаснага нашага грамадства, якое ў выніку рэлігійнай барацьбы было фактычна адкінута назад у сярэднявечча. I гэта зноў такі, на маю думку, адзін з адмоўных вынікаў увядзення царкоўнай уніі.
I ўсё ж, нягледзячы на гэта, натхніцелі, арганізатары і праваднікі Берасцейскай уніі жорстка пралічыліся. Для іх унія была толькі пераходным звяном ад праваслаўя да каталіцтва. Аднак яна стала самастойнай царквой і вядучай па колькасці яе прыхільнікаў, а разам з тым было болей і парафій у параўнанні з каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі. Вось паказальныя ў гэтых адносінах лічбы. Так, калі ў першай палове XVIII ст. на Беларусі было 283 каталіцкія і 143 праваслаўныя парафіі, то уніяцкіх было 1199. У чым прычына гэтага? Найбольш у тым, што уніяцкая вера стала па сутнасці сялянскай верай. Ні феадалы-католікі, ні феадалы-праваслаўныя ў унію не пераходзілі. У яе найбольш гвалтоўна заганяліся сяляне, якія і складалі ў той час галоўную частку беларусаў. I уніяцкія святары, бачачы, што сяляне не разумеюць ні польскай, ні стараславянскай моваў, вымушаны былі ў набажэнстве міжволі пераходзіць на беларускую мову. Вось чаму уніяцкая вера і па сваёй масавасці і па мове свайго набажэнства неўзабаве стала па сутнасці нацыянальнай верай беларусаў. I таму зразумела, што ў XVIII ст. яна падвяргаецца нападам як з боку каталіцтва, так і з боку праваслаўя, якія лічылі яе непаўнацэннай верай. Тым не менш для каталіцкага касцёла яна, хоць фармальна і падначальвалася рымскаму папу, не прывяла сваіх вернікаў да жаданых мэт.
Унія не толькі не садзейнічала акаталічванню і паланізацыі уніятаў, але яшчэ больш выявіла іх нацыянальную адметнасць. Для праваслаўнай царквы, якая з’яўлялася правадніком інтарэсаў Масковіі ў Беларусі, унія была непрымальнай, бо пазбаўляла расійскі царызм права ўмешвацца ў справы ВКЛ пад выглядам абароны праваслаўных, бо уніяты хоць і захоўвалі абрады па-праваслаўнаму, але былі падначалены рымскаму папу, а не Маскоўскаму мітрапаліту. Вось чаму расійскі царызм, бачачы ва ўніяцтве адну з адметнейшых асаблівасцей беларусаў, адразу пасля захопу Беларусі ў канцы XVIII ст. прыступіў да яе ліквідацыі. Значная частка уніятаў была пераведзена ў праваслаўе пры Паўле I, а ў 1839 г. унія была канчаткова ліквідавана.
Як бачна, Берасцейская царкоўная унія была важным і складаным фактам у нашай гісторыі. Нягледзячы на гвалтоўнасць яе ўвядзення (дарэчы, усе рэлігіі ўводзіліся гвалтоўна, у тым ліку і праваслаўе, у якое насельніцтва заганялася, як сведчыць летапіс, «мячом і агнём»), унія адыграла станоўчую ролю, бо, стаўшы фактычна нацыянальнай царквой, яна тым самым садзейнічала захаванню і далейшаму развіццю этнічнай адметнасці нашага народа.